Эльжбэта Астрожская з першых дзён нараджэння была адной з самых заможных княгінь Рэчы Паспалітай. Яна атрымала ў спадчыну замкі, гарады і маёнткі, але разам з багаццем атрымала праклён эпохі. Яе пачалі дзяліць паміж сабой магнаты і каралеўскі двор. У яе жыцці было некалькі гвалтоўных шлюбаў, неаднаразовыя ўцёкі, забойства мужа і прымусовае вянчанне.
PALATNO расказвае гісторыю «Чорнай княгіні».
Змест
Астрожскія і нябачная сувязь з каралеўскім родам
Род Астрожскіх паходзіць ад пінскіх і тураўскіх князёў пачатку XI стагоддзя, але сапраўдны росквіт адбыўся напрыканцы XV стагоддзя. У тым стагоддзі Астрожскія валожалі вялізарнымі тэрыторыямі на землях сучаснай Украіны і Беларусі. Князі Астрожскія былі асобным цэнтрам сілы ў Вялікім княстве Літоўскім, а затым у Рэчы Паспалітай.
Астрожскія адрозніваліся ад іншых вялікалітоўскіх родаў тым, што былі адной з галоўных апораў праваслаўя. Праваслаўны магнат у Рэчы Паспалітай быў палітычным сімвалам: для кагосьці — абаронцам традыцыі, для кагосьці — перашкодай на шляху ўніфікацыі і ўплыву Рыма.
Гісторыя Эльжбэты Астрожскай была б іншай, калі б не гісторыя яе маці. Беата Касцельска была асаблівай часткай польскага каралеўскага свету. Паводле распаўсюджанай версіі, Беата была пазашлюбнай дачкой польскага караля Жыгімонта Старога і фаварыткі Катажыны Тэльнічанкі. Беата расце пры двары, атрымлівае амаль каралеўскае выхаванне. Пазней Беата пабралася шлюбам з Іллёй Астрожскім, які быў адзін з найбольш уплывовых князёў ВКЛ. Супольнае жыццё Беаты і Іллі было кароткім: князь Астрожскі памёр праз некалькі месяцаў пасля шлюбу.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Разбіраемся ў магнацкіх родах ВКЛ
Эльжбэта нарадзілася пасля смерці бацькі ў 1539 годзе. Аўтаматычна яна стала ўладальніцай вялікай спадчыны, а яе маці была адзіным чалавекам, хто мог кантраляваць гэту спадчыну. Так, Эльжбэта стала выгаднай партыяй для любога кандыдата, хто б захацеў сватацца. Вакол Эльжбэты з’яўляюцца некалькі цэнтраў уплыву, каб вырашыць яе будучыню. З аднаго боку знаходзіцца яе маці, з іншага — Канстанцін-Васіль Астрожскі. Па-за гэтым ёсць яшчэ кароль Жыгімонт II Аўгуст.
Як дзядзька захацеў кантраляваць спадчыну пляменніцы
У 1551 годзе на Віленскім сейме прынялі рашэнне, па якім пытанні пра шлюб дзяўчат-сірот павінны вырашацца іх найбліжэйшымі родзічамі і апекунамі.
Канстанцін-Васіль Астрожскі амаль адразу ўключыўся ў асабістыя справы сваёй пляменніцы. Ён быў аўтарытэтным князем, быў на пасадзе кіеўскага ваяводы. У гісторыю ён войдзе як абаронца праваслаўя, які засноўваў манастыры і будаваў цэрквы, падтрымліваў адукацыю. Аднак была і іншыя частка гісторыі Канстанціна-Васіля, у якой ён быў прагматыкам і чалавекам, які хацеў, каб лёс роду знаходзіўся ў надзейных руках.
Менавіта Канстанцін-Васіль прыняў рашэнне ажаніць пляменніцу з Дзмітрыям Сангушкай. Цікава, што Дзмітрый Сангушка быў сынам Фёдара Сангушкі, дзякуючы якому Канстанцін-Васіль зрабіў сваю кар’еру. Сангушка вырас пры каралеўскім двары і меў цесныя сувязі з каралём Жыгімонтам Аўгустам, быў дзяржаўным дзеячам Рэчы Паспалітай.

У 1553 годзе Канстанцін-Васіль Астрожскі разам з Дзмітрыем Сангушкай едуць у Астрог, дзе жылі Беата разам з Эльжбэтай. Афіцыйна яна быццам бы едуць у госці, але на самой справе збіраюцца забраць у маці дачку. Беата загадала не пускаць гасцей у замак і спрабавала трымаць абарону. Пасля ўзброенай сутычкі замак захапілі. Пазней Сангушка прымушае Эльжбэту ажаніцца з ім. На той момант Эльжбэце толькі споўнілася 14 гадоў.
Маці дзяўчыны напісала скаргу каралю. Жыгімонт Аўгуст быў загадзя супраць гэтага шлюбу, таму адмяняе гвалтоўны шлюб. Сангушку пазбавілі пасад, а яго самога абвясцілі злачынцам. За захоп Сангушкі прызначаюць узнагароду, а ёй разам з маладой жонкай становяцца ўцякачамі. Ён спрабуе прарвацца да чэшскіх зямель, дзе каралеўскі загад Жыгімонта ўжо не будзе дзейнічаць. Аднак пару дагналі сваякі Беаты Касцельскай у 30 кіламетрах ад Прагі і затрымалі, Дзмітрыя Сангушку ў хуткім часе забілі.
Шчаслівага канца не было ні для маці, ні для дачкі
Пасля забойства Дзмітрыя Сангушкі маладая ўдава зноў зрабіла дзяўчыну вольнай. Аднак насамрэч яна не стала вольнай, а была ўсё тым жа прызам. Далейшы лёс дзяўчыны будзе вырашаць сам кароль, і ён вырашае выдаць яе за Лукаша Гурку. Гурка быў адным з галоўных лютэран Польшчы, дзяржаўным дзеячам, які добра разумеў правілы гульні і ўмеў карыстацца сваімі правамі. Дарэчы, Гурка быў у пагоні за ўцякачом Сангушкам.
Аднак Эльжбэта зноў адчула сябе падманутай, яе зноў прымусілі выйсці замуж. Яна робіць тое, што ў XVI стагоддзі было амаль немагчымым — яна збіраецца супраціўляцца, адмаўляецца прызнаваць Лукаша Гурку сваім мужам і ўцякае ад яго.

Беата арганізавала для дачкі сховішча ў львоўскім манастары дамініканцаў. У сярэднявечнай Еўропе кляштар часта станавіўся апошняй крэпасцю чалавека, які не хацеў ці не мог падпарадцавацца сямейным дамоўленасцям. Праўда, у Рэчы Паспалітай апошняя крэпасць магла аказацца слабейшай за каралеўскі загад.
У 1559 годзе, калі Эльжбэта хавалася ад Гуркі ў манастары, яна сустрэлася там з Сямёнам Слуцкім. Ён туды прыбыў спецыяльна. У манастыры Эльжбэта і Сямён павянчаліся. Сямён памёр у 1560 годзе і не пакінуў пасля сябе нашчадкаў.
Жыгімонт загадаў львоўскаму старасце забраць Эльжбэту і аддаць яе мужу. Кароль быў незадаволены таемным шлюбам і не прызнаў яго. Дзяўчыну забіраюць сілай і адвозяць у Шаматулы (цяпер гэта Вялікапольскае ваяводства, горад у 30 кіламетрах ад Познані). Вежа ў Шаматулах ператварылася для Эльжбэты ў турму, дзе яна правяла 14 гадоў. З вежы ёй дазвалялі выходзіць толькі ў касцёл, а вадзілі яе туды нібыта па падземным пераходзе, каб ніхто яе не бачыў. Эльжбэта ўвесь час насіла жалобнае чорнае адзенне. Па яшчэ адной легендзе, Гурка загадаў надзець на дзяўчыну маску, каб ніхто не бачыў яе прыгажосці. Менавіта там, у вежы ў Шаматулах, узнікае вобраз «Чорнай княгіні».

Маці Эльжбэты, Беата, таксама стала ахвярай той эпохі, дзе рашэнні жанчыны не значылі нічога. Доўгі час Беата знаходзілася ў статусе ўдавы. Аднак пасля падзей з дачкой яна разумее, што трэба знайсці яшчэ адзін цэнтры сілы, каб мець магчымасць змагацца. Яна пабралася шлюбам з Альбрэхтам Ласкім. Хутка Беата зразумела, што ўступіла не ў саюз, а трапіла ў пастку. Беату замыкаюць у радавым замку Ласкага, князь прымушае перапісаць усю маёмасць на сябе. Жанчына фактычна становіцца нявольніцай: яе абмяжоўваюць у ежы, адзенні і свабодзе перамяшчэння. Доўгі час Беата піша лісты аб дапамозе, але яны не даюць плёну. Нават лісты яна вымушана пісаць попелам, разведзеным у вадзе, бо ён забаранялі карыстацца чарніламі. Падчас шлюбу з Беатай Альбрэхт таемна ажаніўся з іншай жанчынай. Беата памерла ў 1576 годзе, за тры гады да гэтага пачалося расследаванне па справе яе мужа, але вярнуць маёмасць яна так і не змагла.
У 1573 годзе памёр Лукаш Гурка, а шаматульская вежа ўжо не была турмой для Эльжбэты. Аднак яна не стала вольнай нават тады, калі атрымала свабоду.
Пасля чатырнаццаці гадоў ізаляцыі Эльжбэта апынулася ў свеце, які ўжо быў непазнавальны. Яна трапіла ў турму-вежу, калі была яшчэ дзяўчынай, а выйшла жанчынай з досведам, які немагчыма параўнаць з жыццём тагачасных «звычайных» шляхцянак.
Пасля смерці Лукаша Гуркі Эльжбэта вяртаецца пад апеку Канстанціна-Васіля Астрожскага. Яна перадала кантроль над сваімі маёнткамі дзядзьку, бо, хутчэй за ўсё, за гады зняволення не мела сілы і магчымасцяў імі кіраваць. Эльжбэта збіралася пабрацца шлюбам з польскім магнатам Янам Вострарогам, але шлюб забараніў Канстанцін-Васіль.
Эльжбэта пражыла жыццё ў Дубна, дзе памерла ў 1582 годзе.
