Напрыканцы Першай сусветнай вайны ў беларускіх газетах часта можна было знайсці рэкламу нямецкіх цыгарэт. Гэта можа падацца дробяззю, але яна добра паказвае, як у апошнія месяцы Вялікай вайны змяніўся побыт у нашым рэгіёне. Тытунь і цыгарэты заставаліся адным з самых ліквідных і запатрабаваных тавараў у час, калі вакол развальваліся імперыі. Яны былі штодзённым антыстрэсам, маленькай раскошай і зручным прадметам абмену.
PALATNO расказвае, якія цыгарэты палілі беларусы пасля Першай сусветнай вайны.
Змест
Waldorf-Astoria. Амаль элітная гасцініца, толькі цыгарэты
Асноўнымі рэкламадаўцамі ў газеце «Гоман» у 1918 годзе былі нямецкія кампаніі. Асабліва шмат друкавалі рэкламу цыгарэтных фірм — Waldorf-Astoria-Zigarettenfabrik і Garbáty Zigarettenfabrik.
Waldorf-Astoria-Zigarettenfabrik была створана ў 1906 годзе. Назва наўмысна адсылала да легендарнай нью-ёркскай гасцініцы Waldorf Astoria, каб у пакупніка цыгарэт узнікала асацыяцыя з элітарнасцю.
У 1918 годзе цыгарэтнае прадпрыемства пераўтварылі ў акцыянернае таварыства, каб павялічыць маштаб і мець капітал у пасляваенных умовах. У 1919 годзе на фабрыцы працавалі каля тысячы супрацоўнікаў. Цыгарэтная кампанія Waldorf-Astoria на момант заканчэння Першай сусветнай вайны была буйным гульцом, які мог прадаваць свае цыгарэты ў розных краінах.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Білеты ў Амерыку, лячэнне сіфілісу, беларускія вечарыны. Што рэкламавалі ў газетах сто гадоў таму?

У другой палове 1920-х гадоў значная доля акцый аказалася ў руках венскага тытунёвага прамыслоўцы Кізіма Эміна. У 1929 годзе кампанію паглынуў канцэрн Reemtsma, пасля чаго Waldorf-Astoria ліквідавалі. Праўда, брэнд не знік імгненна пасля гэтага, бо правы на марку яшчэ доўга былі ў іншых вытворцаў.
Garbáty Zigarettenfabrik. Берлінская кампанія лідскага прамыслоўцы
У рэкламе Garbáty Zigarettenfabrik заўсёды пазначалася «для якасных курцоў». Кампанія паходзіла з Берліна і была адчынена там яшчэ ў 1881 годзе. На фабрыцы выраблялі цыгарэты егіпецкага стылю — фармат цыгарэт, блізкі да сучасных. Асабліва папулярнай маркай была Königin von Saba, гэтыя цыгарэты былі флагманскім праектам кампаніі і распаўсюджваліся паўсюль.
Стваральнікам цыгарэтнай кампаніі быў яўрэй Юзэф Гарбаты, які нарадзіўся ў Лідзе ў 1851 годзе. Ён ажаніўся ў Лідзе, завёў дзяцей, і толькі пасля гэтага з’ехаў у Прусію. Пазней у Германіі ён стаў буйным тытунёвым прамыслоўцам. Аднак яго лёс быў трагічны. Нацысцкія ўлады прымусілі за бесцань прадаць кампанію, якую ён сам пабудаваў. Гарбаты пераследаваўся нацысцкім урадам. Ён памёр у 1939 годзе.

На мяжы XIX-XX стагоддзяў вытворчасць неаднаразова пашыралі, у 1906 годзе пабудавалі буйны фабрычны комплекс у Берліне. Да Першай сусветнай вайны кампанія мела прадстаўніцтвы ў розных краінах, а цыгарэты былі вядомыя на ўсходніх рынку, у тым ліку і на беларускіх землях.
Кампанія была яўрэйскай, таму ў нацысцкай Германіі яна адразу трапіла пад ціск. У 1938 годзе адбыўся прымусовы продаж кампаніі. Пасля Другой сусветнай вайны вытворчасць цыгарэт аднавілі. Фабрыка знаходзілася ва ўсходняй частцы Берліна, таму ў хуткім часе перайшло ў дзяржаўную ўласнасць пад назвай VEB Garbáty. З часам кампанію аб’ядналі з іншымі, у выніку чаго назва ў гонар заснаваліка — Garbáty — знікла з ужытку.
