Ён нарадзіўся на Вілейшчыне, дзе людзі гаварылі па-беларуску, а вялікая гісторыя, здавалася, праходзіла дзесьці далёка. Жыццё Эдварда Жалігоўскага — паэта, вядомага пад псеўданімам Сава — хутка выйшла далёка за межы гэтай цішыні. Турмы Расійскай імперыі, выгнанне, эміграцыя, сяброўства з Тарасам Шаўчэнкам і вера ў свабоду народаў былога Вялікага Княства Літоўскага зрабілі яго фігурай еўрапейскага маштабу.
PALATNO расказвае гісторыю Эдварда Жалігоўскага.
Карэйкаўцы: тут пачынаецца гісторыя Савы
Эдвард Жалігоўскі нарадзіўся ў 1815 годзе ў вёсцы Карэйкаўцы ля Вілейкі. Ён пісаў па-польску — так патрабавала эпоха і культурная традыцыя яго асяроддзя. Але нарадзіўся ён у краі, дзе гучала беларуская мова і дзе яшчэ жыла памяць пра старую дзяржаву ВКЛ. Менавіта гэтае памежжа — культурнае, моўнае і палітычнае — вызначыла яго жыццё і творчасць.
Жалігоўскі быў польскамоўным аўтарам, але важна разумець кантэкст: у XIX стагоддзі польская мова заставалася мовай адукаванай шляхты і літаратуры на гэтых землях. Беларуская ж існавала перадусім у вуснай традыцыі.
Асяроддзе, у якім вырас Жалігоўскі, было беларускамоўным. Менавіта гэтае жывое народнае слова, са сваімі інтанацыямі і вобразнасцю, уплывала на светапогляд паэта.
Жалігоўскі ў гэтым сэнсе — масток, які стаіць паміж эпохай Скарыны і часам, калі з’явяцца Мацей Бурачок (Францішак Багушэвіча), Адам Гурыновіч і іншыя пачынальнікі новай беларускай літаратуры. Гэтыя аўтары ўжо будуць пісаць па-беларуску, але на глебе, якую рыхтавалі пакаленні інтэлектуалаў памежжа.
Імя Эдварда Жалігоўскага фактычна вярнуў даследчык з Вілейкі Анатоль Рогач. Рогач паказаў, што перад намі не толькі польскі рамантык XIX стагоддзя, а чалавек, які стаяў на мяжы культур — паміж Беларуссю, Польшчай, Літвой і Украінай.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Касута — Бендэры — Еўропа: як ураджэнец Вілейшчыны напісаў адну з першых канстытуцый
Бацька Эдварда, Юльян Жалігоўскі, з’явіўся на Вілейшчыне пасля вайны 1812 года па пратэкцыі ўплывовых людзей. Старшыня Мінскай крымінальнай палпты Іван Любанскі дапамог яму ўладкавацца ў гэты край. Неўзабаве Жалігоўскі замацаваўся і ў сямейным плане: ажаніўся з дачкой пінскага скарбніка Марціна Любанскага, Марыянай.
Юльян працаваў на пасадзе адміністратара Вілейскага казённага староства. Сям’я жыла не ў горадзе, а ў вёсцы — у Карэйкаўцах. Тут, удалечыні ад адміністрацыйных цэнтраў, пачалася гісторыя будучага паэта.
У Карэйкаўцах нараджаліся дзеці Жалігоўскіх: спачатку Сотэр, потым Мікалай, а ў 1815-м — Эдвард. За ім — яшчэ браты і сястра. У Жалігоўскіх была вялікая сям’я, тыповая для тагачаснай шляхты. Раней лічылася, што Эдвард з’явіўся на свет у 1816 годзе, але Анатоль Рогач даследаваў архівы і знайшоў прамое сведчанне нараджэння Эдварда ў 1815 годзе.
Калі Эдварду споўнілася шэсць гадоў, Жалігоўскія набылі частку невялікага маёнтка Арпа, што побач з Карэйкаўцамі. Там з’явілася новая сядзіба: невялікая, акуратная, без раскошы. Яе назвалі Мар’янполле — у гонар гаспадыні дома. Там і прайшло дзяцінства Эдварда.
Дэрпт: універсітэт і небяспечныя ідэі
У 19 гадоў Эдвард пакінуў радзіму, скончыўшы гімназію ў Вільні. Пра навучанне ў Вільні засталося мала звестак. Вядома, што пасля ён паступіў у Дэрпцкі ўніверсітэт (цяпер — Тарту, Эстонія), якія быў адным з галоўных адукацыйных цэнтраў Расійскай імперыі. Жалігоўскі трапіў у іншую рэальнасць, у студэнцкіх колах якіх кіпелі дыскусіі, было шмат палітыкі і таемных арганізацый.

Эдвард стаў членам аднаго з такіх таемных гурткоў. У гэты час з’яўляюцца яго першыя вершы і псеўданім — Антоні Сава.
Я — Сава, я лятаю ў цемры начной;
Але толькі дзень прыйдзе — схаваюся ў ценю,
Жыццё пакідаючы птушкам святла.
І голас прыцішу, каб спевы Савы
Не пужалі тых птушак, што святло палюбілі, —
Лепшых Савы, хоць з Савою яны сваякі.

Гэтыя радкі з’яўляюцца пралогам Эдварда Жалігоўскага да яго творчасці пад псеўданімам Антоні Сава. У іх паэт тлумачыць свой выбар і месца ў літаратуры — як «начной птушкі», чый голас не павінен замінаць «начной птушкі» спевакам.
Тэкст, які заўважыла імперыя
У 1842 годзе Эдвард Жалігоўскі вярнуўся ў Вільню. У 1846 годзе ён напісаў галоўны твор свайго жыцця — «Іардан». Тэкст пачынаюць абмяркоўваць і перадаюць з рук у рукі.
У снежні 1850 года віленскі генерал-губернатар напісаў у Пецярбург даклад: твор «выкананы розных намёкаў», аўтар — «нядобранадзейны», а сама праца «зрабіла моцнае ўражанне на моладзь» не толькі ў мясцовых губернях, але і ў Варшаве. Так Эдвард Жалігоўскі стаў праблемай для імперыі.

«Сачыненне гэтае, напісанае гучнымі і добрымі вершамі, напоўнена рознымі цёмнымі намёкамі і развагамі, якія сведчаць пра нядобранадзейны лад думак аўтара, што ўжо даўно выклікаў падазрэнне і знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Паводле звестак, якія дайшлі да мяне, названае сачыненне зрабіла моцнае ўражанне на моладзь, і яго выразы часта цытуюцца ў іншых творах, для якіх “Іардан”, відаць, служыць узорам», — з данясення віленскага генерал-губернатара ў Пецярбург.
Сухая ацэнка ўлад парадаксальна супала з зусім іншым захопленым водгукам патрыятычна настроенай інтэлігенцыі: «Ад часу з’яўлення апошніх твораў Міцкевіча і да 1847 года ніводзін паэт не ўзрушыў так моцна розумы сучаснікаў».

Гісторыя скончылася для Жалігоўскага драматычна. У 1851 годзе за «Іардан» яго высылаюць з Вільні ў Петразаводск Аланецкай губерні, там ён будзе знаходзіцца пад паліцэйскім наглядам.
Жалігоўскі пісаў прашэнні і прасіў змяніць горад высылкі. Толькі ўлетку 1853 года яго высылаюць у Арэнбургскую губерню і таксама пад наглядам. У Арэнбург ён прыехаў у 1853 годзе і цяжка захварэў. Праз паўгода перабраўся ва Уфу, дзе адпрацаваў чатыры гады на службе ў канцылярыі грамадзянскага губернатара.
З-пад нагляду Жалігоўскага вызвалілі толькі 13 студзеня 1857 года. Ён вярнуўся ў Пецярбург — і зноў узяўся за літаратуру. Новая драма «Зорскі», у якой гучаў заклік да адмены прыгоннага права, так і не выйшла ў свет: яе слухалі толькі свае — на вечарах, дзе аўтар чытаў яе ў голас.
Як Жалігоўскі сустрэўся з Шаўчэнкам
У 1858 годзе у Пецярбург прыехаў яшчэ адзін апальны паэт — Тарас Шаўчэнка. Жалігоўскі сустрэўся з Шаўчэнкам ужо на другі дзень, хаця яны былі знаёмыя даўно.
Іх звязала завочнае сяброўства яшчэ з 1840-х гадоў. Яны былі раздзеленыя ссылкамі і адлегласцямі, але перадавалі адзін аднаму вершы праз пасярэдніка — мастака і пісьменніка Браніслава Залескага. Падчас ссылкі ва Уфе Жалігоўскі перакладаў творы Шаўчэнкі з «Кабзара» і «Кацярыны».
У адным з лістоў да Браніслава Залескага Шаўчэнка напісаў: «…прыйшла пошта і прывезла тваё другое пісьмо з дарагім для мяне падарункам — з партрэтам Савы. Не ведаю, як цябе і дзякаваць, дружа мой. Нешта блізкае, роднае бачу я ў гэтым добрым, задуменным твары; мне так люба глядзець на яго, што я знаходжу ў ім самага шчырага, самага душэўнага суразмоўцу! О, з якой асалодай я прачытаў бы яго “Іардан”! Але гэтае жаданне няздзейснае… Ты пішаш, што хацеў бы зблізіць мяне з ім. Дай Бог, каб усе людзі былі так блізкія паміж сабой, як мы з ім — тады на зямлі было б шчасце! Пішы яму і пацалуй за мяне, як роднага брата».
Шаўчэнку асабліва падабаліся два творы «натхнёнага Савы» — «Два словы» і «Экспромт». Ён нават хацеў прысвяціць яму сваю аповесць «Варнак», але не адважыўся з палітычнай асцярогі.
У Пецярбургу паэты нарэшце змаглі гаварыць між сабой адкрыта. На адным з вечароў Жалігоўскі прачытаў верш «Да брата Тараса Шаўчэнкі». У адказ Шаўчэнка напісаў «Падражаніе. Едуарду Сові» — і ўплятае ў яго беларускую народную песню «Пасаджу я ля хаціны» з «Зорскага».

Часопіс «Слова», Габрыэля Пузына, смерць у Жэневе
У 1859 годзе Жалігоўскаму прапанавалі рэдагаваць часопіс «Слова». Эдвард наведваў Беларусь, сустракаўся з літаратарамі ў Віцебску. Пісьменніца Габрыэля Пузына, якая жыла ў Гарадзілаве (сёння — Маладзечанскі раён) і пісала кнігі па гісторыі Вілейшчыны, успамінала сустрэчы з Жалігоўскім як нешта светлае і важнае.
У хуткім часе часопіс закрылі за антыўрадавую накіраванасць. Жалігоўскі працягваў пісаць: выдаў зборнік «Паэзія», паэму «Манахі», двухтомнік «Сёння і ўчора». Яго чытаюць — і за ім сочаць. Нават Герцэн раіў Тургеневу звяртацца да Жалігоўскага, каб лепш разумець настроі часу.
Праз два гады Жалігоўскі пераехаў у перадрэвалюцыйную Вільню. Яго моцна падвяло здароўе, якое пагоршылася пасля гадоў у выгнанні. Ён з’ехаў на лячэнне — спачатку ў Італію, потым у Швейцарыю. Там, у Жэневе, Эдвард Жалігоўскі памёр 28 снежня 1864 года.
Касцяневічы на Вілейшчыне. Сёння
І ўсё ж нешта засталося. На могілках у Касцяневічах на Вілейшчыне і сёння стаіць чыгунны помнік на магіле яго бацькі — Юльяна Жалігоўскага, які памёр 8 мая 1853 года. Маці памерла ў 1857-м: паводле дакументах, пахавана там жа, але яе магілу так і не знайшлі.
Маёнтак Мар’янполле пасля смерці Жалігоўскіх быў страчаны для сям’і з-за даўгоў. У сярэдзіне 1860-х гадоў ён перайшоў да новых уладальнікаў.
У Польшчы перавыдаюць творы Антонія Савы. Яны яшчэ чакаюць свайго перакладчыка на беларускую мову, якая была ў падмурку творчасці гэтага чалавека, і які на сёння яднае культуры і гісторыі народаў памежжа.
* * *
Сёння партрэт Эдварда Жалігоўскага амаль немагчыма знайсці. Яго выява, хутчэй за ўсё, альбо не захавалася, альбо дагэтуль не пазнана сярод архіўных матэрыялаў. Цалкам магчыма, што яго выявы засталіся недзе ў еўрапейскіх прыватных архівах. Яны не страчаныя, проста яшчэ не знойдзеныя. Жалігоўскі застаўся без партрэта не таму, што яго не было, а таму, што яго яшчэ не адшукалі. І гэта значыць, што гісторыя яшчэ не завершана.
