Што можа быць агульнага ў Беларусі і Партугаліі? На першы погляд — амаль нічога. Адна краіна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, іншая — на беразе Атлантычнага акіяна. Але калі паглядзець на беларускую і партугальскую гісторыю больш шчыльна, то можна заўважыць шэраг падабенстваў.
PALATNO расказвае пра розныя, але падобныя гісторыі Беларусі і Партугаліі.
Партугалія стала каралеўствам за сто гадоў да каранацыі Міндоўга
Тысячу гадоў таму Партугалія была памежнай тэрыторыяй хрысціянскага свету на захадзе Іберыйскага паўвострава. Ключавой фігурай для незалежнасці і ўтварэння ўласнай дзяржавы стаў граф, а пасля кароль Афонсу Энрыкеш. У 1139 годзе яго абвясцілі каралём, а ў 1143 годзе Партугалія стала незалежным каралеўствам.
Гэта адбылося больш за сто гадоў да каранацыі Міндоўга ў Наваградку, што адбылася ў 1253 годзе.
У сярэднявеччы Партугалія і землі, якія стануць Беларуссю, праходзілі праз падобны этап — яны стваралі раннюю дзяржаўнасць. Партугалія вырасла з памежнага графства ў асобнае каралеўства. На землях сучаснай Беларусі існавалі некалькі цэнтраў сілы, якія пазней сталі асновай для магутнай дзяржаўнай адзінкі — Вялікага княства Літоўскага.
У нас Вітаўт, у партугальцаў — Жуан
У беларускай гісторыі існуе кансэнсус — Вітаўт з’яўляецца адным з самых выбітных кіраўнікоў ВКЛ. Эпоху кіравання ім дзяржавай называюць «залатой», ён разам з Ягайлам амаль знішчыў Тэўтонскі ордэн у бітве пры Грунвальдзе і доўгі час намагаўся зрабіць Вялікае княства Літоўскае каралеўствам.
У партугальскай гісторыі ёсць падобная гістарычная фігура — Жуан I. Вітаўт і Жуан з’явіліся ў гісторыі сваіх краін у важны перыяд часу, калі яны маглі знікнуць пад ціскам больш моцных праціўнікаў. Калі Вітаўт змагаўся з тэўтонцамі (а часамі нават сябраваў з імі), то Жуан збярог незалежнасць Партугаліі ад Кастыліі.
Напрыканцы XIV стагоддзя Партугалія аказалася ў дынастычным крызісе, які пагражаў дзяржаве паглынаннем. Суседняя Кастылія аспрэчвала правы Партугаліі існаваць асобна, але Жуан змог стаць моцным лідарам, які абараніў сваю дзяржаву. Жуан I стаў важным дзеячом не толькі з-за барацьбы з Кастыліяй і заснавальнікам новай дынастыі. З яго пачалася эпоха Авіша, з якой звязваюць пачатак партугальскай заморскай экспансіі.
Нельга сказаць, што Вітаўт = Жуан, але яны абодва займалі асаблівае месца ў гісторыі і сталі кіраўнікамі, пры якіх іх дзяржавы сталі важнымі еўрапейскімі гульцамі.
Вялікія дзяржавы-каланізатары
У XVI стагоддзі Партугалія і беларускія землі перажывалі гістарычную эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў па-рознаму. Партугалія разгортвалася вонкі: яе караблі злучалі Лісабон з Афрыкай, Індыяй, Амерыкай — невялікае каралеўства станавілася буйной дзяржавай-каланізатарам.
На землях сучаснай Беларусі адбывалася іншая гісторыя: перабудоўвалася ўласная палітычная прастора. У 1569 годзе Вялікае княства Літоўскае ўвайшло ў Рэч Паспалітую. У часы, калі адкрылі Амерыку, на землях ВКЛ толькі задумваліся пра шчыльнае аб’яднанне з суседняй Польшчай.
Вялікае княства Літоўскае не абмінулі прэтэнзіі магутных дзяржаў на калоніі ў далёкіх краінах. У ВКЛ таксама былі ўласныя калоніі ў Афрыцы і Амерыцы. Яны былі меншымі, чым тыя, якімі валодалі партугальцы. У XVII стагоддзі ў склад ВКЛ увайшла Курляндыя, якая валодала некалькімі калоніямі ў Паўночнай Амерыцы і Афрыцы, што фактычна зрабіла дзяржаву каланізатарам.
Вэрхал пачатку мінулага стагоддзя
У пачатку XX стагоддзя ў Партугаліі і Беларусі атрымалася ўздыхнуць больш свабодна, але на кароткі прамежак часу.
У 1910 годзе ў Партугаліі рэвалюцыя зрынула манархію, краіна паспрабавала пабудаваць у сябе рэспубліку. Аднак новая дзяржава з’явілася хутчэй, чым стабільнасць. Новая дзяржава сутыкнулася з фінансавымі цяжкасцямі, сацыяльнымі і палітычнымі праблемамі, якія прывялі да вайсковага перавароту.
У сярэдзіне 1920-х гадоў партугальская рэспубліка была стомленай сістэмай з бясконцымі крызісамі, цыкламі банкруцтваў і гвалту. У 1926 годзе адбыўся ваенны пераварот, а кіраўніком новай дзяржавы стаў генерал Антоніу Оскар ды Фрагозу Кармона. Менавіта ён пасля прызначыў Антоніу Салазара міністрам фінансаў, які павінен быў змагацца з фінансавым крызісам. Так сталася, што Салазар стаў стваральнікам будучай аўтарытарнай дзяржавы.
Для Беларусі пачатак новага стагоддзя выглядаў яшчэ больш драматычна. У беларусаў не існавала ўстойлівай дзяржаўнасці, якую можна было рэфармаваць у дэмакратычную форму, як гэта спрабавалі зрабіць партугальцы. Беларускі дзяржаўны праект з’явіўся ў момант, калі Расійская імперыя разбурылася, а замест яе з’явіўся праект бальшавікоў, які крыху пазней стаў вядомы як Савецкі саюз.
Партугалія і Беларусь перажылі аўтарытарызм
У 1920-1930-я гады Еўропа моцна змяняецца: у краінах галоўныя месцы займаюць аўтарытарныя кіраўнікі. Такі лёс напаткаў і Партугалію. Там у 1932 годзе прэм’ер-міністрам стаў былы міністр фінансаў Антоніу Салазар. Салазар перабудаваў палітычную сістэму і працягваў кіраваць дзяржавай да 1968 года — пасля інсульту ён пакінуў пасаду. Сістэма Салазара працягвала існаваць і пасля яго смерці, калі яго змяніў Марселу Каэтану. Партугальцы змаглі пазбавіцца ад аўтарытарызму ў 1974 годзе, калі адбылася Рэвалюцыя гваздікаў.
Пасля Першай сусветнай вайны на беларускіх землях з’явілася Беларуская Народная Рэспубліка, якая ў хуткім часе перастала існаваць. Частка беларускіх тэрыторый аказалася ў складзе Польшчы, іншая — у складзе БССР. Пасля Другой сусветнай вайны Беларусь працягвае знаходзіцца ў арбіце цікавасці і складзе Савецкага саюза аж да 1991 года.
Так, у пачатку XX стагоддзя Партугалія страціла дэмакратыю, а не дзяржаву, а Беларусь атрымала дзяржаву, але не свабоду распараджацца ёю. Толькі пасля чарговай рэвалюцыі партугальцы змаглі выбудаваць уласную свабодную дзяржаву, беларусы атрымалі права будаваць дэмакратычную будучыню толькі ў 1990-х гадах. Кожная з краін — Беларусь і Партугалія — распарадзіліся гэтым правам па-рознаму.
Вывучы паралелі Беларусі і Партугаліі на свае вочы
Вывучыць праз уласны досвед, як такія розныя краіны могуць быць у многім блізкімі лепш за ўсё падчас падарожжаў. Каб атрымаць ад падарожжа максімальнае задавальненне, звяртайцеся да беларуска-партугальскага брэнда MY PORTUGAL MOMENTS. Яны дапамогуць не толькі арганізаваць прыватнае падарожжа, але і мерапрыемствы — як асабістыя, так і бізнес-напрамку. Падыход каманды імкнецца хутка і прафесійна вырашаць пытанні, каб пакінуць найлепшыя ўражанні ад часу ў Партугаліі. Як можа выглядаць падарожжа, можна пабачыць тут: https://myportugalmoments.pt/lisbon/.
Больш інфармацыі вы знойдзеце на сайце https://myportugalmoments.pt.
