Адзіная дачка Вітаўта была аддадзеная замуж за маскоўскага князя, нарадзіла яму дзевяць дзяцей і пасля смерці мужа ўсё жыццё змагалася за права сына быць кіраўніком Маскоўскай дзяржавы. У часы яе княжання і дапамогі сыну Васілю Цёмнаму, яна выступала супраць татараў і сваіх пляменнікаў. Яе неаднаразова была зняволена, перажыла асляпленне сына сваякамі і яго палон у татарскіх ханаў.
PALATNO расказвае пра Соф’ю Вітаўтаўну.
Змест
Шлюб з маскоўскім князем
Соф’я нарадзілася ў другім шлюбе Вітаўта — са смаленскай княгіняй Ганнай Святаслаўнай. Меркаваны год нараджэння — паміж 1371 і 1378 гадамі. Дачка ў Вітаўта нарадзілася ў час, калі ў Вялікім княстве Літоўскім разгортвалася ўнутраная барацьба, а будучы вялікі князь толькі пачаў змаганне за свой тытул.
У 1390 годзе, калі Вітаўт з сям’ёй знаходзіліся ў выгнанні ў Мальбарку (на той час — сталіца Тэўтонскага ордэна), Соф’ю сасваталі з маскоўскім князем Васілём I. Хутчэй за ўсё, Васіль мог гасціць у Вітаўта, і быў добра знаёмы з ім. Шлюб адбыўся ў наступным годзе.
У шлюбе з Васілём у Соф’і нарадзілася пяць сыноў і чатыры дачкі (Ганна, Анастасія, Васіліса, Марыя). З пяцёх сыноў выжыў толькі адзін, якога звалі Васіль II.
У час шлюбу Васіля і Соф’і адносіны Маскоўскага княства з ВКЛ складваліся добра. Васіль і Соф’я неаднаразова прыязджалі да Вітаўта ў госці. Адносіны пааміж Масквой і ВКЛ сапсуюцца ўжо пры ўнуку Соф’і, Іване III, калі той палічыць вялікалітоўскія землі сваёй спадчынай і пачне вайну за іх.

Легенда пра залаты пояс, з-за якога пачалася міжусобіца
У 1425 годзе Васіль памёр. У сваім тэстаменце, які быў складзены за некалькі гадоў да смерці, ён перадаваў уладу сыну Васілю II, а апекунамі прызначаў жонку, Вітаўта і ўдзельных рускіх князёў.
Пасля смерці Васіля ў барацьбу за маскоўскі пасад уключыўся яго родны брат Юрый разам з сынамі Дзмітрыем Шамякам і Васілём Касавокім.
У 1433 годзе адбыўся шлюб Васіля II з Марыяй Яраслаўнай. На вяселлі адбылася вялікая сварка, якая нібыта стала прычынай міжусобіцы, якая працягвалася доўгія гады пасля з невялікімі перапынкамі. На вяселлі пляменнік Соф’і, Васіль Касавокі, быў апрануты ў залаты пояс, які некалі належыў Дзмітрыю Данскому і быў скрадзены. Соф’я Вітаўтаўна палічыла, што пояс належыць яе сям’і, таму сарвала яго з Васіля. Гэта нібыта моцна абразіла пляменнікаў — Дзмітрыя Шамяку і Васіля Касавокага, якія пасля згулялі значную ролю ў барацьбе супраць Соф’і і яе сына.
Соф’я Вітаўтаўна спачатку змагла адстаяць спадчыну мужа, але пасля смерці Вітаўта ўсё павярнулася па-іншаму. Юрый змог узяць рэванш і захапіў уладу. Соф’я ўцякла ў Цвер, затым — у Кастраму, і там яе зняволілі. Праз год Юрый памёр, а Васіль II змог вярнуць маскоўскі трон.
Як сын Соф’і стаў Цёмным
У сярэдзіне XV стагоддзя маскоўскія князі актыўна змагаліся з татарскай пагрозай. Васіля II не абмінуў гэты лёс. У 1445 годзе ён змагаўся за Ніжні Ноўгарад супраць татар, якія захапілі горад, а ў бітве яго ўдарылі шабляй — і ён згубіў прытомнасць. Так маскоўскі князь аказаўся ў татарскім палоне. У 1446 годзе Соф’я выкупіла сына з татарскага палону за вялікія грошы. Грошы збіралі з баяраў, многія былі незадаволеныя гэтым, асабліва — Дзмітрый Шамяка, які меў прэтэнзіі на маскоўскі пасад.

У 1446 годзе, пасля вызвалення Васіля з татарскага палону, Дзмітрый Шамяка захапіў Маскву, а праз некалькі дзён быў схоплены Васіль II разам з сям’ёй: яго асляпілі і саслалі з жонкай ва Угліч (цяпер — Яраслаўская вобласць). З таго часу Васіль II атрымаў мянушку Цёмны.
Соф’ю таксама зноў зняволілі. Спачатку яе выслалі ў Чухламу (цяпер — Кастрамская вобласць), а пасля адвезлі ў Каргапаль (цяпер — Архангельская вобласць). У 1450 годзе Соф’я і Васіль II арганізавалі супраціў Шамяку і разбілі яго пад Галічам.
У 1451 годзе Соф’я ўдзельнічала ў абароне Масквы ад татар. На той момант маскоўскай княгіне было каля 80 гадоў. Перад смерцю Соф’я прыняла манаства з імем Ефрасіння. Княгіня памерла ўлетку 1453 года.
* * *
У 1462 годзе памёр Васіль II Цёмны, яго месца на маскоўскім троне заняў яго сын Іван III. Пры Іване III разгарэлася барацьба з Вялікім княствам Літоўскім: менавіта ён вайну за беларускія землі. Ужо пасля яго ўсе маскоўскія князі лічылі абавязкам змагацца за іх, чаму ёсць сведчаннем працяглыя войны Масквы з ВКЛ у наступныя стагоддзі.
