У сераду абавязкова вымыйце ўсе драўляныя рэчы, у пятніцу варта забараніць усім дамашнім шумець, а падчас усяночнай можна пабачыць ведзьмаў.
PALATNO расказвае, як праходзіў Вялікдзень у беларусаў.
Змест
Важная вербная нядзеля
Апошняя нядзеля перад Вялікаднем называлася Вербніцай. Карані свята ўзыходзяць яшчэ ў дахрысціянскі час, калі гэта быў язычніцкі культ расліннасці. Пазней у хрысціянскай традыцыі Вербніцу пачалі святкаваць як дзень, калі Ісус увайшоў у Іерусалім і калі народ сустрэў яго з пальмавымі галінамі (часам Вербную нядзелю называюць Пальмавай нядзеляй). Менавіта ў гэты дзень у Ісусе прызналі абяцанага Месію.
У Вербніцу асвячалі галінкі вярбы — першае дрэва, што распускаецца пасля зімы. Пасля царкоўнага служэння вярбой сцябалі адзін аднаго дзяўчаты ды хлопцы з рознымі заклёнамі. А дзяўчаты маглі сцябаць незнаёмага хлопца і пытацца ў яго імя — так яна нібыта магла даведацца імя будучага мужа. Асвячоныя галінкі мелі розныя магічныя ўласцівасці, таму гаспадары іх доўга захоўвалі.
Увогуле галінкі вярбы актыўна выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне ад розных хвароб. Таксама вярба была моцным засцерагальнікам (калі правесці адпаведныя дзеянні) ад маланкі і пажараў.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Вярба — важнае дрэва для беларусаў. У ёй жывуць нячысцікі, яна з’явілася пасля ўцёкаў ад шлюба
Што рабілі і што забаранялі на перадвелікодным тыдні
Перадвелікодны тыдзень, які яшчэ называлі Вялікім, Белым і нават Страсным, суправаджаўся шэрагам прыкмет, забабонаў і забаронаў. Напрыклад, лічылася, што ад Вербніцы да Вялікадня нельга піць ваду, якую чэрпалі паблізу ад вярбы. Раней беларусы ўяўлялі, што ў вярбе жыве шмат чарцей, які залезлі на дрэва пагрэцца пасля зімы.
Пасля Вербніцы ішоў Чысты панядзелак, падчас якога беларусы прытрымліваліся асаблівага строгага паста. У гэты дзень, як і ў наступны Чысты аўторак, у доме нельга было трымаць нічога бруднага. Людзі верылі, што калі ў доме не будзе нічога бруднага, то іх не напаткаюць хваробы.
Вялікая серада яшчэ называлася Дравяной страсцю. У гэты дзень, згодна з беларускай традыцыяй, патрабавалася вымыць у доме ўсе драўляныя рэчы.
З Чыстым чацвяргом звязана шмат павер’яў. Беларусы верылі, калі прытрымлівацца іх, то можна атрымаць паспяховы год. Напрыклад, калі б вы хацелі знаходзіць улетку птушыныя гнёзды, то трэба ў Чысты чацвер месці хату з заплюшчанымі вачыма. У Чысты чацвер кожная сям’я мылася ў лазні, прыбірала ў хаце і на падворку, каб на працягу года там панавалі чысціня і здароўе.
Цікава, што спачатку продкі беларусаў не купаліся ў лазні ў Чысты чацвер. Лічылася, што ў гэты дзень крумкач купае крумкачанё. Калі крумкачанё купаецца ў гнёздах, то халады працягнуцца. А калі крумкач выцягвае купацца дзяцей на возера ці раку, то хутка будзе цёпла. Калі хтосьці заўважыць купанне крумкачанятак і зможа дабыць хоць кроплю з мокрага дзіцёнка крумкача, то гэты чалавек усё жыццё будзе здаровы і ўсёведным. Вось у тыя часы людзі хадзілі купацца на возера ці раку, ужо пазней у лазню.
У Чысты чацвер можна было зрабіць гадасць свайму суседу: для гэтага трэба ўзяць пеўня ў чужы агарод і яго нагамі паскрэбсці месца для градкі, каб наступным летам сюды певень вадзіў кур на шкоду. У некаторых мясцовасцях, асабліва гэта было прынята на Віцебшчыне, у Чысты чацвер на полі ставілі посуд з вадой: такая вада лічылася святой і валодала гаючымі якасцямі.
Вялікая ці Чырвоная пятніца лічылася самай жалобнай на перадвелікодным тыдні. Лічылася, што ў гэты дзень памёр Ісус, таму вернікі праводзілі гэты дзень у жалобе і строгім посце. У даўнейшыя часы ў гэты дзень забаранялася дзецям гуляць, а люстэркі завешвалі тканінай. Нават захавалася прымаўка: «Хто ў пятніцу скача, той на Вялікдзень плача». Вялікая пятніца лічылася добрым днём для сельскай гаспадаркі: калі засеяць штосьці ў гэты дзень, то пасевам будуць не страшныя ні вецер, ні дождж.
У Вялікую суботу амаль ўся падрыхтоўка да Вялікадня лічылася скончанай. Беларусы рыхтаваліся святкаваць Вялікдзень.
Падчас велікоднай усяночнай мог ісці дождж, тады чакалася халоднае лета, а калі было цёплае надвор’е, то такім чакалі і лета. Калі падчас хрэснага ходу на ўсяночнай несці поўную жменю грошай і не згубіць ніводнай капейчыны, то можна было спадзявацца на год без патрэбы ў грашах.
Падчас велікоднай усяночнай можна было ўбачыць малочную ведзьму. Для гэтага трэба глядзець на жанчын, якія моляцца ў царкве, праз дзірку ў агарку лучыны.
Святкаванне Вялікадня
Вялікдзень завяршаў самы працяглы пост, які доўжыўся сем тыдняў.
У Вялікдзень гаспадары рабілі багаты і разнастайны стол. Усе стравы на ім лічылі «святымі», а рэшткі ад іх не выкідалі. Таксама лічылася, што ў першы дзень Вялікадня трэба есці выключна «святую» ежу, бо калі з’есці штосьці іншае, вас абавязкова ўджаліць змяя ўлетку. Застолле за велікодным сталом пачыналі з чырвонага яйка — галоўным атрыбутам свята.
Да Вялікадня рыхтавалі пісанкі — размаляваныя рознымі ўзорамі курыныя яйкі. Найбольш пашыраным спосабам аздаблення было фарбаванне ў растворы натуральных ці штучных фарбавальнікаў па папярэдне нанесеным на яйка васковым узоры. Воск наносілі з дапамогай спецыльнай прылады тонкімі лініямі. У Беларусі пераважала аднатонная расфарбоўка ў чорным ці чырвоным колеры, значна радзей выкарыстоўвалі іншыя колеры. Часам малюнак рабілі прадрапваннем белага контуру на каляровым фоне.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Вялікдзень у беларусаў: свята жыцця, абуджэння і спадчыны
У беларусаў ёсць унікальная традыцыя падчас святкавання Вялікадня — гэта валачобніцтва. У Вялікдзень мужчыны і хлопцы збіраліся ў гурты валачобнікаў, якія ўвасаблялі «гасцей з Божага свету». У гурце быў механоша, зачынальнік, падхватчыкі і музыкі. Валачобнікі абыходзілі ўсе дамы ў вёсцы, а часам заходзілі ў суседнія вёскі. Перад кожнай хатай валачобнікі спыняліся і спявалі абрадавыя песні, пасля гаспадары частавалі валачобнікаў велікоднай ежай. Жанчыны не ўдзельнічалі ў валачобніцтве, ім гэта забаранялася традыцыяй.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Гушканне — больш, чым забава. Чаму беларусы любілі арэлі
Калі чалавек памёр падчас велікоднага тыдня, то атрымліваў поўнае прабачэнне грахоў і трапляў у рай. Аднак цікава, калі памёр цяжкі грэшнік, то акрамя даравання грахоў яго смерць прыносіла для грамады шмат іншых смерцяў на працягу года.
