Ад амулета да сімвала смерці. Які сэнс беларуская традыцыя надавала зубам

беларуская міфалогія, зубы беларусь, зубы беларусаў

Вы ведалі, што зуб, які выпадае ў вашым сне, можа азначаць смерць? Хутчэй за ўсё, так. А ці ведалі, што дзіцячы малочны зуб раней быў амулетам? Народная культура беларусаў глядзела на зуб не толькі як на частку чалавечага цела, але як на сакральны знак з уласнай «біяграфіяй».

PALATNO расказвае пра зубы!

Зуб — люстэрка чалавека і свету

У народным успрыманні зуб выступае як анатамічны эквівалент чалавека, жывёлы або нават міфічнай істоты. Гэта асабліва выразна праяўляецца ў тлумачэннях сноў: страта зуба прадказвае смерць, што сведчыць пра глыбокае асацыятыўнае злучэнне зубоў з жыццём. Падчас хрэсьбінаў кумы сядзелі шчыльна — у надзеі, што зубы ў дзіцяці вырастуць такімі ж частымі.

У традыцыйных уяўленнях кожная адтуліна цела — гэта месца кантакту з іншым светам.

Асабліва ўразлівым лічыўся рот: праз яго душа магла пакінуць цела, а злое — пракрасціся ўнутр. Зубы пры гэтым станавіліся своеасаблівымі ахоўнікамі — носьбітамі апатрапейнай сілы. Не дзіва, што дзіця да з’яўлення зубоў лічылася найбольш уразлівым да сурокаў.

Амулеты з зубоў: рэальнасць і археалогія

У народнай культуры зубы часта выкарыстоўваліся як амулеты. У пахаваннях, як, напрыклад, каля вёскі Батвінаўка на Рагачоўшчыне, знаходзілі скураныя мяшэчкі з зубамі — сімваламі абароны. Гэтыя прадметы, як мяркуецца, былі асабістымі абярэгамі, якія суправаджалі чалавека нават пасля смерці.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Кім быў мядзведзь для продкаў беларусаў?

Вужы — ад удару маланкі, птушкі — на каханне. Як і чаму беларусы ўпрыгожвалі свае хаты?

«Не падымай з зямлі!». Як беларусы бачылі дарогу і чаму баяліся ростаняў?


Магічныя зубы

Зубы выдавалі нячысцікаў — дэманаў, вупыроў, нябожчыкаў. У іх яны былі падвойныя, звярыныя, крывыя. Такая анамальнасць лічылася знакам ненармальнасці і духоўнай небяспекі. Выскаленыя зубы — прыкмета агрэсіі, смерці, брыдоты. Бяззубасць, у сваю чаргу, характарызавала персанажаў вышэйшай міфалогіі.

Зубы не толькі «выдавалі» нячысцікаў, але і засведчвалі магічную моц. Знахар павінен быў мець усе здаровыя зубы, бо інакш яго слова не мела сілы. Немаўля з зубамі пры нараджэнні лічылася «прыродным» цудам — будучым лекарам, якому будуць падуладныя ўсе хваробы. Каб забяспечыць здаровыя зубы, людзі праводзілі спецыяльныя рытуалы. Малочны зуб дзіцяці кідалі ў запечак з прамовай: «Мышка, мышка! На табе зуб касцяны, а дай мне жалезны!» Гэта быў магічны абмен — слабое на моцнае.

Народная медыцына прапаноўвала і іншыя сродкі: напрыклад, каб зубы не балелі, варта было пагрызці першы камень, што трапіцца пад руку пасля першага вясновага грому. Гэтая практыка аб’ядноўвала сімволіку «першаснасці» і пераносу болю на нежывое.

Вярнуцца ўгару