Кім быў мядзведзь для продкаў беларусаў?

мядзведзь, беларуская міфалогія, мядзведзь і беларусь

Мядзведзь займаў асаблівае месца ў свеце вераванняў і абрадаў продкаў беларусаў. Яго вобраз праходзіў праз тысячагоддзі, ён змяняўся і захоўваў статус адной з самых паважаных і загадкавых істот беларускай міфалогіі.

PALATNO расказвае, кім быў вялікі звер для нашых продкаў.

Культ мядзведзя: ад неаліту да сярэднявечча

Першыя сведчанні ўшанавання мядзведзя на беларускіх землях датуюцца яшчэ эпохай неаліту. Найбольшага распаўсюджання культ гэтага звера дасягнуў у жалезным веку, асабліва ў цэнтральнай і паўночнай частках Беларусі. Іклы і кіпцюры мядзведзя служылі амулетамі, іх знаходзілі падчас археалагічных раскопак на гарадзішчах і свяцілішчах.

Пазней з’явіліся ўнікальныя з’явы, напрыклад, знакамітая смаргонская «мядзведжая акадэмія», дзе дрэсіравалі звяроў. А ў XVIII стагоддзі Пане Каханку нават катаўся ў санях, запрэжаных мядзведзямі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Белы і чорны буслы: чаму гэтыя птушкі так шмат значылі для беларусаў

Выцінанка — беларускі скарб. Расказваем, як Маладзечна стала яе сталіцай

Нячысцікі Беларусі: у каго верылі продкі беларусаў?


Зоркі, Камаедзіца і магія

Беларуская народная традыцыя злучала мядзведзя і нябесныя аб’екты. Паводле павер’яў, сузор’е Воз (Вялікая Мядзведзіца) — гэта воз, запрэжаны мядзведзем. У народных казках і легендах гэты матыў часта выкарыстоўваўся для апісання касмічнага парадку і надыходу апакаліптычных падзей. Лічылася, што на возе, запрэжаным мядзведзем, будзе ездзіць антыхрыст і падбіраць людзей, каб яны забылі пра Бога.

Свята Камаедзіцы, якое адзначалася напярэдадні Звеставання, сімвалізавала абуджэнне прыроды і самога мядзведзя пасля зімовай спячкі. У гэты дзень гатавалі стравы, якія любіць мядзведзь: аўсяны кісель, гарохавыя камы і сушаны рэпнік. Свята магло мець глыбокія язычніцкія карані, звязаныя з жаночай багіняй-пакравіцелькай прыроды і нараджэння.

З прыняццем хрысціянства мядзведзь у народных уяўленнях заставаўся магутным сімвалам. Яго асацыявалі са святым Мікалаем, а таксама з Вялесам — богам жывёл і багацця. У абрадах і замовах мядзведзь з’яўляўся духам, які мог разганяць буры або служыць правадніком душ да нябёсаў.

Таксама верылі, што мядзведжая маска або пераапрананне ў мядзведзя мелі магічную сілу і маглі выкарыстоўвацца ў рытуалах.

Беларускія казкі і міфы пра мядзведзя

У беларускім фальклоры шырока распаўсюджана тэма пераўтварэння чалавека ў мядзведзя. Часта гэта звязвалася са спробамі саперніцтва з Богам або з праявамі чалавечых заганаў — сквапнасці, гультайства. Таксама існавала перакананне ў асаблівай сувязі мядзведзя з жанчынай і жаночай пладавітасцю. Асаблівасці вобразу мядзведзя захоўваліся і ў вясельных рытуалах, дзе маладых называлі «мядзведзем» і «мядзведзіцай», а яго рык у хаце прадказваў хуткае вяселле.

Мядзведзь быў не толькі аб’ектам культу, але і папулярным героем фальклору. У казках ён мог быць і культурным героем, і духам, і жорсткім выпрабаваннем для чалавека. Яскравы прыклад — паданні пра «мядзведзя-залатавуха», які валодае незвычайнай сілай, або пра сужыццё жанчыны з мядзведзем, што давала жыццё героям з чароўнымі здольнасцямі.

Часта мядзведзь супрацьпастаўляўся іншым звярам, напрыклад, ваўку або зайцу, увасабляў фізічную сілу ў супрацьвагу спрыту і спрытнасці.

Вярнуцца ўгару