
Больш за сто гадоў таму беларускі тэатральны дзеяч і пісьменнік пачаў выдаваць уласную газету «Беларускае жыццё». У газеце было шмат надзей і веры ў тое, што ў беларусаў будзе незалежнасць і ўласная дзяржава. На старонках выдання пісалі пра падзеі 1919 года: вайна палякаў супраць бальшавікоў, апошнія зубры ў Белавежскай пушчы, смерць Івана Луцкевіча, гадавіна беларускага тэатра і расследаванне бальшавіцкіх злачынстваў.
PALATNO расказвае пра газету Францішка Аляхновіча.
Змест
- Першы нумар — заява змагання за ўласную дзяржаву
- Галоўныя тэмы — уз’яднанне Беларусі, вынікі Першай сусветнай вайны і беларускае войска
- Зуброў у Белавежскай пушчы забілі немцы? І яшчэ лес пасеклі
- Смерць Івана Луцкевіча
- Менск ці Мінск?
- Беларускаму тэатру — дзесяць гадоў
- Спецыяльная камісія шукае магілы ахвяр бальшавікоў
Першы нумар — заява змагання за ўласную дзяржаву
Першы нумар «Беларускага жыцця» выйшаў з вокладкай з выявай Юзэфа Пілсудскага і часткай яго адозвы. Дарэчы, у другім нумары газета выбачалася, што не пазначыла аўтара партрэта Пілсудскага.
У мэтах газеты прапісана, што з Пілсудскім беларусам можна і трэба працаваць, але сапраўдная мэта беларускага народа павінна быць адна — пабудаваць уласную дзяржаву.
«Толькі маючы ўласную дзяржаўнасць народ можа жыць нармальным жыццём, можа развівацца культурна і эканамічна».
У газеце Аляхновіча расказвалася пра грамадская-палітычныя справы, культурнае жыццё, размяшчаліся жарты, аб’явы і навіны. У нумарах друкавалі літаратурныя творы і біяграфіі пісьменнікаў, што для таго часу было звычайнай справай. «Беларускае жыццё» выходзіла два разы на месяц у Вільні, а першыя адзінаццаць нумароў выйшлі на беларускай лацінцы. Пераход на кірыліцу быў абумоўлены тым, што ва ўсходнай частцы Беларусі нібыта больш людзей ведалі кірылічныя літары, чым лацінку. У 1920 годзе рэдакцыя пераехала ў Мінск, і газета выдавалася адтуль.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Чаму беларуская лацінка мае будучыню?
Галоўныя тэмы — уз’яднанне Беларусі, вынікі Першай сусветнай вайны і беларускае войска
Газета пачала выдавацца ўлетку 1919 года, калі Польшча ваявала з бальшавікамі, а Еўропа перажывала канец сусветнай вайны.
Беларускае грамадства ўсё яшчэ мела маленькую надзею і аптымізм, што польская ўлада дапаможа беларусам з уласнай дзяржавай. У нумарах «Беларускага жыцця» расказвалася пра поспехі польскай арміі ў Беларусі: як палякі змагаюцца з бальшавікамі ў Мінску, што польскія войскі захапілі Вілейку і Маладзечна. З поспехамі Польшчы на полі бою звязваліся вялікія надзеі:
«Польскія штыкі, якія прасоўваюцца на ўсход, адпіхаюць ад нас найстрашнейшага нашага ворага — Маскоўшчыну, сягоння гэта бальшавіцкая Маскоўшчына, заўтра яна можа будзе калчакаўскай — усё ж гэта наш спрадвечны вораг».
У пачатку жніўня Пілсудскі прыняў беларускую дэлегацыю, якая прасіла польскага лідара ў дапамозе ва ўтварэнні беларускага войска. Газета рапартавала, што Пілсудскі і палякі настроеныя пазітыўна і могуць дапамагчы з войскам беларускам. Восенню 1919 года Пілсудскі падпісаў загад аб стварэнні нацыянальнага беларускага войска.
Паводле загада Пілсудскага, беларускае войска павінна фарміравацца з ахвотнікаў: будуць створаныя вярбовачныя пункты на беларускіх землях, у якія ўвойдуць афіцэр ці камісар і пісар. Камандзірам беларускага войска прызначылі ўраджэнца Мінска Гасана Канапацкага, а месцам фарміравання войска стаў Слонім. Беларускую вайсковую камісію ўзначаліў гродзенец Павел Аляксюк. Для беларускай арміі распрацавалі нават вайсковы мундзір (мы папрасілі ChatGPT зрабіць яго паводле апісання):

З часам аптымізм са старонак выдання знікае.
«Шмат польскіх газет паведамляе, што беларускае сялянства выносіць пастановы, што яны — палякі і хочуць, каб іх далучылі да Польшчы. Допісы аб такіх пастановах зычаць вясёлым тонам, а гэта ўжо сведчыць пра тое, што і тыя газеты думаюць, што гэта добра і хораша. Але мы мусім сказаць, што гэта зусім нядобра і няхораша».
Наконт Першай сусветнай вайны газета паведамляла ў большасці пра сітуацыю са звычайнымі беларусамі, якім прыйшлося з’ехаць з родных мясцін з-за вайны. Да таго ж у навіновым фармаце асвятляўся працэс над кайзерам Вільгельмам: «Трыбунал, які будзе судзіць яго, мае права пакараць нават смерцю. Галандыя пакуль што пратэстуе проціў выдачы былога кайзера, але яна заслабая, каб гэтаму супрацівіцца».
Зуброў у Белавежскай пушчы забілі немцы? І яшчэ лес пасеклі
«Беларускае жыццё» ў пачатку жніўня 1919 года выйшла з артыкулам пра нямецкі вандалізм. Абвінавачванні тычыліся зуброў і іх адстрэлу немцамі падчас Першай сусветнай вайны. Аўтары газеты сцвярджалі, што немцы вінаватыя ў знішчэнні і Белавежскай пушчы, бо яе суцэльна секлі, і ў адстрэле зуброў.

«Аднак нямецкая акупацыйная гаспадарка, якая зусім не рознілася ад расійскага вандалізма, не пашкадавала і гэтага куска зямлі беларускай. Шмат дрэў ссяклі і павезлі ў Нямеччыну, а зуброў перарастралялі. Кажуць, што цяпер ужо ў Белавежскай пушчы быццам зусім зуброў няма».
Насамрэч апошняга зубра маглі забіць ці ў 1919, ці ў 1921 годзе. Забойцам апошняга зубра называюць не немцаў, а тутэйшага лесніка Варфаламея Шпаковіча. Шпаковіч застрэліў зубра з-за мяса. Пасля Першай сусветнай вайны ў Белавежскай пушчы было менш за 100 зуброў.
Смерць Івана Луцкевіча
30 жніўня 1919 года памёр беларускі палітык, публіцыст, гісторык Іван Луцкевіч. «Беларускае жыццё» выйшла з першай паласой з выявай Луцкевіча. У нумары быў апублікаваны шэраг артыкулаў з біяграфіяй і ўспамінамі пра яго. Артыкул пра Луцкевіча напісаў сам Францішак Аляхновіч.
«Спі спакойна ў чужой зямлі, і няхай сарваўшыся ад заломаў Гівонта віхор навівае табе салодкія сны, што праца жыцця Твайго дала багатае жніво, што Бацькаўшчына Твая паўстае да вольнага жыцця!»
Менск ці Мінск?
У адным з нумароў газет тлумачылася, як правільна казаць і пісаць — Менск ці Мінск. Газетчыкі сцвярджаюць, што беларусы гавораць Менск, а моладзь называе горад Мінскам, «чуючы ад паноў і чыноўнікаў». Аўтары раяць праверыць старажытныя дакументы, дзе заўсёды пісалася Менск ці Менеск. Гэтаксама сцвярджаецца, што правільна пісаць Вільня, а не Вільно.
«Гэта чужакі перакручваюць нашыя беларускія назовы, як расійцы, напрыклад, перакруцілі старое славянскае слова далонь і кажуць ладонь, або тарэлка, заміж — талерка».
Беларускаму тэатру — дзесяць гадоў
«Беларускае жыццё» святкавала нараджэнне беларускага тэатра. Газета адлічвала гэту дату ад 12 лютага 1910 года, калі ў клубе чыгуначнікаў у Вільні адбыўся паказ першага беларускага спектакля. Францішак Аляхновіч, які, хутчэй за ўсё, захаваў нататкі з розных газет пра той вечар, прыводзіў захопленыя водгукі палякаў, літоўцаў і беларусаў. Цікава, што рускае выданне пакрыўдзілася на спектакль, бо беларускія артысты выступалі ў нацыянальным строі, а не ў маскоўскім. Аднак з таго вечара і пачалася бурная тэатральная дзейнасць беларусаў.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Якім быў міжваенны тэатр у Заходняй Беларусі?
Як вечарынкі дапамаглі стварыць беларускі тэатр
Мы «ажывілі» беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц. Паглядзіце на іх!
Першая сусветная вайна крыху запаволіла гэты працэс. Падчас нямецкай акупацыі беларускі тэатр зноў ажыў. У 1916 годзе беларускі тэатр у Вільні здабыў уласнае памяшканне. З другога боку фронту, у Мінску, таксама нараджаецца тэатральная дзейнасць, там працуе рэжысёр Фларыян Ждановіч. У 1918 годзе ў Мінску пачынаюць працу два тэатры: адзін пад кіраўніцтвам Ждановіча, а другі — пад кіраўніцтвам Аляхновіча. Калі бальшавікі прыйшлі да ўлады ў Мінску, то абодва тэатры зліваюцца ў адзін.
Спецыяльная камісія шукае магілы ахвяр бальшавікоў
Улетку 1919 года ў Мінску стварылі камісію, якая займалася дакументаваннем бальшавіцкага тэрору. Яе члены займалася таксама і эксгумацыяй ахвяр бальшавіцкіх «чрезвычаек». Ідэя стварэння камісіі нарадзілася ў амерыканскай дыпламатычнай місіі ў Варшаве, адтуль нават даслалі свайго члена — жанчыну з Чырвонага Крыжа ў званні палкоўніка, яе прозвішча газеты не ўказалі. У складзе таксама былі доктар Рагоўскі, доктар Абезерскі і польскі суддзя Мурзіч.
З падачы камісіі былі знойдзеныя больш за 60 магіл, у кожнай знаходзілася ў сярэднім па шэсць цел. У некаторых магілах знаходзілі дзясяткі трупаў. У мноства ахвяр былі звязаныя рукі дротам. Сем чалавек былі закапаныя жывымі, астатнія расстрэляныя. У адной магіле знайшлі трох польскіх вайскоўцаў, якіх бальшавікі ўзялі на фронце ў палон: іх закавалі ў кайданкі застрэлілі. У адной з магіл знайшлі цела мінскага адваката Елеца, сваяка Луцкевічаў, якога закапалі жывым: мужчыну апазналі толькі па шлюбным пярсцёнку, на якім быў надпіс, а твар ужо было немагчыма пазнаць.
Усе целы былі закапаныя неглыбока, менавіта таму членам камісіі было нескладана іх знайсці. Некаторыя целы абгрызлі жывёлы. Да таго ж, у гэтай справе дапамагалі шматлікія сведкі. Адзін сведка расказаў, што чэкісты прыехалі расстрэльваць у суседнім лесе чатырох людзей, але перад расстрэлам чэкісты размаўлялі і смяяліся, каб пакатаваць людзей чаканнем. Калі адна з ахвяраў сказаў, каб іх хутчэй забілі, то чэкіст адказаў: «Пачакаеце!»
Самую вялікую магілу знайшлі на Койданаўскім тракце, у ёй было 26 цел. Амаль ва ўсіх паламаныя рукі і ногі, перад расстрэлам усіх катавалі. Падобныя магілы знайшлі на Камароўцы, Лошыцы.