Now Reading
Як вечарынкі дапамаглі стварыць беларускі тэатр

Як вечарынкі дапамаглі стварыць беларускі тэатр

першая беларуская вечарынка 1910, беларускі тэатр, тэатр ігната буйніцкага

У пачатку мінулага стагоддзя, калі ідэя аб незалежнай дзяржаве была марай беларусаў, адказам на многія пытанні стала культура. Многія грамадска-палітычныя дзеячы, якіх мы ведаем як змагароў за незалежнасць, часцяком займаліся арганізацыяй беларускіх вечарынак. На гэтых імпрэзах спявалі народныя песні і танчылі народныя танцы, ставілі спектаклі на роднай мове. Такія вечарынкі, у выніку, дапамаглі стварыць нацыянальны беларускі тэатр.

PALATNO расказвае пра першую беларускую вечарынку і тое, як падобныя імпрэзы дапамаглі стварыць беларускі тэатр.

Інтэлігенцыя — рухавік

Напрыканцы XIX стагоддзя, калі ў Расійскай імперыі актыўна дзейнічалі дзясяткі палітычных партый і рухаў, на беларускіх землях пачынае актыўна ўтварацца новы сацыяльны пласт — інтэлігенцыя. Беларуская інтэлігенцыя пазней згуляе вядучую ролю ва ўздыме беларускага руху.

А ва ўмовах, калі беларускай дзяржаўнасці яшчэ не было, інтэлігенцыя займалася самай даступнай для сябе дзейнасцю — нацыянальнай культурай. У пачатку мінулага стагоддзя менавіта культура стала важным аб’яднальных фактарам для многіх беларусаў.

Адным з напрамкаў стала арганізацыя беларускіх вечарынак, дзякуючы якім крыху пазней з’явіцца беларускі нацыянальны тэатр. Такія вечарынкі ладзілі ў Мінску, Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давід-Гарадку, Радашкавічах, Карэлічах і іншых гарадах. Што адбывалася на такіх вечарынках? На іх дэкламавалі вершы на беларускай мове, спявалі беларускамоўныя песні, танчылі беларускія народныя танцы — усё для таго, каб прасоўваюць нацыянальную культуру.

Адной з самых маштабных стала беларуская вечарынка ў Вільні.

Першая беларуская вечарынка ў Вільні

Яна адбылася 12 лютага 1910 года ў клубе чыгуначнікаў у Вільне. Яе вырашыў арганізаваць беларускі грамадска-палітычны дзеяч Аляксандр Бурбіс. Бурбіс толькі вызваліўся пасля зняволення за арганізацыю стачак, захварэў на сухоты, але зладзіў культурніцкую вечарынку ў Вільні. Вечарынку арганізавалі пры падтрымцы газеты «Наша Ніва».

Вядома, што ў мерапрыемстве ўдзельнічалі каля тысячы гледачоў. Акрамя гэтага вядома дакладна, што ставілі і паказвалі ў той вечар гледачам.

першая беларуская вечарынка 1910, беларускі тэатр, тэатр ігната буйніцкага
Афіша беларускай вечарынкі ў Вільні ў 1910 годзе. Фота: Цімох, CC BY-SA 4.0, via Wikimedia Commons

На вечарынцы паставілі спектакль па п’есе ўкраінца Маркі Крапіўніцкага «Па рэвізіі». Ролі ў ім выканалі Вера Маслоўская, якую пазней польскія ўлады асудзяць за арганізацыю падпольнай арганізацыі, якая хацела аднавіць БНР; даследчык Гродна Яўстафій Арлоўскі і Часлаў Родзевіч, якога асудзілі за сфабрыкаваную справу «Саюза вызвалення Беларусі».

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Смяялася з пракурора, хацела аб’яднаць Беларусь. Кім была Вера Маслоўская

Яшчэ адным з напрамкаў сталі спевы на беларускія народныя песні, у тым ліку спявалі на верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?». Музыкальнай часткай займаўся польскі кампазітар і дырыжор Людамір Рагоўскі. Менавіта Рагоўскі першы паклаў музыку на верш Купалы «А хто там ідзе?». Творчасць Рагоўскага цесна звязаная з беларускай культурай: ён быў добра знаёмы з нашаніўцамі, супрацоўнічаў з тэатрам Ігната Буйніцкага.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «А хто там ідзе?». 81 год таму памёр Янка Купала

Да таго ж вельмі папулярнымі былі танцы — «Лявоніха», «Мяцеліца», «Юрка» і іншыя. Тут галоўную ролю ўжо адыграў Ігнат Буйніцкі і яго тэатральная трупа. Дарэчы, пра Буйніцкага ў афішы першай беларускай вечарынкі «Наша Ніва» чамусьці не ўзгадала.

Трупа Буйніцкага, тэатры ў Вільні, Таварыства драмы і камедыі

Беларускія вечарынкі дапамагалі развівацца беларускай культуры, а яшчэ яскрава дэманстравалі, што і ў беларусаў ёсць свая, самабытная культура. Вядома, гэта не заставалася без увагі царскіх чыноўнікаў.

Раней узгаданы Ігнат Буйніцкі меў сваю тэатральную трупу. Ён стварыў свой тэатр у Палевічах у Дзісенскім павеце ў 1907 годзе. Трупа шмат выступала на беларускіх вечарынах. У праграму ўваходзілі беларускія народныя песні, танцы, дэкламацыі вершаў і апавяданняў на беларускай мове, а таксама невялічкія п’есы. Па падабенстве з трупай Буйніцкага ствараліся падобныя ініцыятывы і ў іншых гарадах.

першая беларуская вечарынка 1910, беларускі тэатр, тэатр ігната буйніцкага
Трупа Ігната Буйніцкага.

У 1910 годзе Бурбіс заснаваў у Вільні Беларускі музычна-драматычны гурток. Там упершыню паставілі «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча і «Паўлінку» Янкі Купалы. У 1916 годзе ў Вільні ўзнік беларускі дзіцячы тэатры. Яго арганізатарам і рэжысёрам была С. Корф.

У 1913 годзе Буйніцкі зачыніў тэатр, у тым ліку з-за перашкод ад мясцовай улады. Праз год ён хацеў нанова сабраць трупу, але пачалася Першая сусветная вайна.

Пад уплывам дзейнасці і традыцый трупы Ігната Буйніцкага ў 1917 годзе ўзнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Пазней на яго аснове створаць Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы.

Вярнуцца ўгару