Now Reading
З беларускіх бібліятэк прыбіраюць кнігі Святланы Алексіевіч. Затое іх можна будзе бясплатна паслухаць

З беларускіх бібліятэк прыбіраюць кнігі Святланы Алексіевіч. Затое іх можна будзе бясплатна паслухаць

кнігі святланы алексіевіч, якія кнігі пачытаць у алексіевіч

Пра тое, што ў беларускіх бібліятэках пачалі ладзіць праверкі, паведамілі крыніцы Радыё Свабода. Супрацоўніца адной з раённых бібліятэк расказала, што ідэолагі загадалі здаць у архіў кнігі па гісторыі, выдадзеныя ў 90-я гады, кнігі пра паўстанне 1863 года, пра асобу Кастуся Каліноўскага, а таксама творы нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч.

PALATNO расказвае, як неўзабаве кнігі Святланы Алексіевіч стануць даступныя ўсім ахвотным у аўдыёфармаце, а таксама што з беларускай літаратуры можна паслухаць ужо цяпер. І чаму гэта варта зрабіць.

Галасы Утопіі

Дакументальна-мастацкая хроніка «Галасы Утопіі» — пяць кніг Святланы Алексіевіч, у якіх «маленькі чалавек» сам апавядае пра свой лёс. Гэта адметны жанр — шматгалосыя раманы-споведзі, у якіх з малых падзей складваецца вялікая гісторыя.

Святлана Алексіевіч — першая беларуская лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Узнагароду яна атрымала ў 2015 годзе «за шматгалосную творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час».

Праект, прысвечаны выданню цыкла кніг лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры, беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч, на беларускай мове ў найноўшым перакладзе беларускіх літаратараў, стартаваў у 2018 годзе на краўдфандынгавай платформе «Вулей». Ён прыцягнуў 231 950 беларускіх рублёў — гэта адзін з найбольш маштабных вынікаў у гісторыі беларускага краўдфандынгу.

Беларускі краўдфандынг у падполлі: як закрываліся і запускаліся пляцоўкі для збору грошай

У праекце, між іншым, прымаў удзел Белгазпрамбанк. Дзякуючы гэтаму пяцітомнік бясплатна атрымалі фонды беларускіх бібліятэк.

Тагачасны старшыня праўлення банка, прэтэндэнт у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года, а цяпер — палітвязень Віктар Бабарыка так тлумачыў матывацыю ўдзельнічаць у гэтым праекце:

— Адносіны да дасягненняў у інтэлектуальнай галіне вызначаюць узровень развіцця краіны і яе магчымасці. Безумоўна, мы ганарымся прызнаннем заслуг беларускай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, і наша задача — зрабіць даступным плён яе творчасці на роднай, беларускай мове.

У цыкл «Галасы Утопіі» ўвайшлі пяць кніг, над якімі пісьменніца працавала на працягу сарака гадоў: «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд».

Гэта была апошняя аўтарская рэдакцыя цыкла ў найноўшым беларускім перакладзе. Святлана Алексіевіч паводле свайго творчага метаду дапрацавала хроніку: скасавала цэнзурныя праўкі, далучыла новыя эпізоды, а таксама старонкі з уласнага дзённіка.

Фота: orthos.org

Дарэчы, не ўсе бібліятэкі ахвотна прымалі гэтыя кнігі яшчэ ў 2018-м. Як пісала «Салідарнасць», ідэолагі некалькіх абласцей загадвалі бібліятэкам адмаўляцца ад падарункаў.

Аўдыёверсія «Галасоў Утопіі»

Заблакіраваць увесь інтэрнэт куды больш цяжка, чым прыбраць непажаданыя кнігі з бібліятэчных паліц. Хоць у 2020 годзе беларускія «ўлады» спрабавалі.

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat запусцілі праект па запісе аўдыёкніг з цыкла «Галасы Утопіі». Днямі праект анансавалі відэатызерам.

«Галасы Утопіі» загавораць галасамі беларускіх акцёраў. У запісе прынялі ўдзел Алег Гарбуз, Крысціна Дробыш, Сяргей Чуб і Алена Баярава. Прэм’ера чакаецца 28 чэрвеня на сайце kamunikat.org і YouTube-канале інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.

Якую беларускую літаратуру слухаюць

Для Kamunikat гэта не першы досвед працы над аўдыёкнігамі. Апошнім часам у праекце «Кнігі бяз літар» выходзяць аўдыёкнігі сучасных беларускіх аўтараў, такіх як Андрэй Федарэнка, Уладзімір Арлоў, Алесь Аркуш і іншыя. Каля 15 твораў ужо ёсць у вольным доступе, і на гэтым інтэрнэт-бібліятэка спыняцца не плануе.

Вось топ-5 найбольш праслуханых аўдыёкніг, якія выйшлі ў гэтай серыі.

5. Уладзімір Арлоў — Айчына. Маляўнічая гісторыя. Частка 2: Ад Агінскага да Багушэвіча. Чытае аўтар.

Гэта другая частка знакамітай кнігі «Айчына». У ёй расказваецца гісторыя Беларусі ХІХ стагоддзя.

4. Артур Клінаў — Локісаў. Чытае Віктар Сямашка

«Герой нашага часу — хто ён? Чалавек з двайной ідэнтычнасцю? Асоба з другім, прыхаваным жыццём? Партызан? Пярэварацень? Палітык, які прамаўляе тое, што хоча чуць ад яго публіка, але ніхто дакладна не ведае, што ў яго ў галаве».

Месца дзеяння рамана — кожнае беларускае мястэчка, тыповае і адметнае. Эпоха — наша. Дзеючыя асобы — героі сучаснасці, людзі з патаемным жыццём: бізнесмены, мастакі, рабацягі, чыноўнікі, культработнікі, якіх пасярод дэкарацый беларускага «Твін Пікса» раптоўна ўцягвае ў вір рэвалюцыі. Гісторыя жудасная, але ж і страшэнна смешная.

Кожны чытач знойдзе ў рамане нешта блізкае: вострасюжэтны трылер, філасофскую прыпавесць, сацыяльную драму. А нехта пасмяецца да слёз з дакладнага адбітка бязлітаснай беларускай рэчаіснасці.

3. Валеры Гапееў — Ноч цмока. Чытае Зміцер Бартосік

Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая — лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзеянне збочвае ў гушчар містыкі. Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…

2. Уладзімір Арлоў — Айчына. Маляўнічая гісторыя. Частка 1: Ад Рагнеды да Касцюшкі. Чытае аўтар

Кнігу склалі цікавыя і пазнавальныя апавяданні з гісторыі Беларусі. Першая частка ахоплівае час ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя.

1. Андрэй Федарэнка — Жэтон на метро. Чытае Зміцер Бартосік

Раман Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро» знешне нібыта працягвае прыгодніцкую тэму двух яго папярэдніх кніг, «Афганскай шкатулкі» і «Шчарбатага талера» (паводле апошняга на «Беларусьфільме» зняты тэлевізійны міні-серыял), толькі разлічаны не на падлеткаў, а на дарослых. У межах крымінальнай гісторыі ў рамане арыгінальна разгортваецца вечны сюжэт злачынства і пакарання.

Ва ўмовах, калі ў сённяшняй Беларусі творы прызнаюцца «экстрэмісцкімі матэрыяламі», кнігі нелаяльных да рэжыму Лукашэнкі аўтараў прыбіраюцца з паліц бібліятэк і знікаюць з кнігарняў, а незалежныя выдаўцы вымушаныя спыняць дзейнасць або з’язджаць з краіны, аўдыёкнігі — адзін з рабочых варыянтаў, як аўтары могуць знайсці сваіх чытачоў. Ну ці слухачоў, так.

Вярнуцца ўгару