Што YouTube можа прапанаваць беларускамоўным дзецям? Ці ёсць адукацыйны кантэнт для дзяцей? А забаўляльны? На якія каналы варта падпісацца?
PALATNO дзеліцца карыснымі спасылкамі на аўтарскія каналы і проста цікавы дзіцячы кантэнт на YouTube. Захоўвайце сабе і дзяліцеся далей!
YouTube-каналы для дзяцей
BAYBUS — забаўляльна-навучальны канал для дзетак розных узростаў. Вялікі плюс — рэгулярна абнаўляецца.
Вартыя плэй-лісты:
- Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў — больш за 60 кароценькіх анімаваных вершыкаў.
- Вясёлы садок — 23 кароткія ролікі ў адукацыйна-забаўляльным фармаце калыханкі ці шоў.
- Бэйбус — малянятам — плэй-ліст для тых, каму ад 0 да 3 (але насамрэч і больш) годзікаў. Базавыя ролікі пра колеры, лічбы, назвы — усё па-беларуску і з прыемнай анімацыяй!
- Асцярожна: дзеці! — 24 коміксы са знакамітага дзіцячага часопіса #Асцярожна_дзеці, аніміраваныя і якасна агучаныя.
- Казкі з Маляванычам — ажно 80 кароценькіх гісторый, расказаных Маляванычам.
Будзьма дзецям — забаўляльна-адукацыйны канал для дзяцей і іх бацькоў ад культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Вартыя плэй-лісты:
- Прыгоды мышак (відэаспектакль) — серыя з пяці анімаваных казак у фармаце відэаспектакля, агучанага дзецьмі. Узрост — 3-8 гадоў.
- Казкі пра Пэтсана і Фіндуса — дзевяць гісторый пра старога Пэтсана і коціка Фіндуса ў агучцы Ані Хітрык і Паўла Харланчука.
- Разумняты: матэматыка і час — пазнавальныя відэаўрокі, якія знаёмяць дзяцей з матэматыкай. Бонус — можна спампаваць заданні. Таксама ёсць серыя па падручніку «Чалавек і свет» для вучняў 4 класаў.
Люстэрка — беларускі пазнавальна-забаўляльны канал для дзяцей.
Вартыя плэй-лісты:
Гарбата з лімончыкам — праграма для дзяцей і дарослых. Персанажы Ларуся і Лявончык запрашаюць да сябе вядомых беларусаў і размаўляюць з імі пра самае рознае.
У ларчыку — пяцісерыйная праграма па гісторыі Беларусі для дзетак 5-8 год.
ГАВАРУН — мультфільмы па-беларуску — адзін з буйнейшых каналаў, які рэгулярна дадае забаўляльны і адукацыйны кантэнт для дзяцей на беларускай мове: мультфільмы, аўдыёкнігі, песні і відэаролікі. На канале ёсць 22 плэй-лісты, сярод іх:
- Пэтсан і Фіндус;
- Папірус;
- Хамф;
- Паляўнічыя на цмокаў;
- Рабакар Полі. Дарожная бяспека і Штодзённая бяспека з Эмбер;
- Пакаё.
Bielamult — мультфільмы па-беларуску, YouTube-версія вядомага торэнт-трэкера. Канал-архіў, апошнія абнаўленні былі 11 год таму. Але ёсць 30 плэй-лістоў мульфільмаў у беларускай агучцы, сярод якіх:
- Аповеды таты Бабра;
- Рыцар Пятрусь гербу «Тры Яблыкі»;
- Пінгвінік Пік-Пок;
- Прыгоды ката Філімона;
- Між намі, бусламі;
- Аповеды таты Бабра.
Перапёлка — беларускія песні і не толькі. Старонка мае адну з самых грунтоўных калекцый беларускага кантэнту на YouTube.
Два плэй-лісты для дзяцей:
- Дзіцячыя казкі — магчыма, гэта самы вялікі плэй-ліст на YouTube, дзе сабраны казкі для дзетак — 290 відэа з самых розных праектаў;
- Дзіцячыя песні — 113 відэаролікаў з песнямі.
Плэй-лісты з мульцікамі і казкамі
Плэй-ліст, сабраны камандай канала «Кінаконг». 51 серыя сусветнавядомага брытанскага мультсерыяла пра Свінку Пэпу, яе браціка Джорджа, маму Свінку і тату Свіна. Кароценькія серыі па пяць хвілін пра дзіцячы садок, гульні з сябрамі, сямейныя прыгоды і г. д.
Для дзяцей — плэй-ліст ад канала Tradycyja / Belarusian Traditional Culture. Некалькі традыцыйных гульняў, казак, майстар-класаў і батлейка.
Вучым беларускую мову з дзецьмі. Як па-беларуску — адзінае шоў ад дзетак для дзетак па-беларуску, якое апошні раз абнаўлялася чатыры гады таму. Два дзясяткі ролікаў у фармаце блога ад маленькай дзяўчынкі Веры Козел і яе брата Яна. Эксперыменты, гульні, пазнавальныя цікавосткі.
НЕСЦЕРКА — адзіны беларускамоўны плэй-ліст канала «Беларусьфільм». Восем мульцікаў пра Несцерку — фальклорнага персанажа беларускіх казак.
Калыханка — праграма ад дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 3» для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. З 2019 года выйшла ажно 1 328 выпускаў.
Казкі з Маляванычам (1 сезон і 2 сезон) — плэй-лісты канала «Беларуская Рада культуры».