Натхненне

Кароль бутлегераў з Сент-Пола. Як мінскі яўрэй пабудаваў крымінальную імперыю ў ЗША


Кароль бутлегераў з Сент-Пола. Як мінскі яўрэй пабудаваў крымінальную імперыю ў ЗША

Ён нарадзіўся ў Мінску, але кар’еру — даволі супярэчлівую і вельмі крымінальную — пабудаваў у Амерыцы. Яго называлі каралём бутлегераў, але асудзілі за ўхіленне ад выплаты федэральных падаткаў — ён стаў адным з першых гангстараў, асуджаных за гэта злачынства і па тым жа артыкуле, што і Аль Капоне.

PALATNO расказвае пра Леона Глекмана.

Першыя крокі мінскага яўрэя ў Мінесоце

Леон Глекман нарадзіўся ў Мінску ў 1894 годзе ў яўрэйскай сям’і. Ён быў трэцім дзіцем з васьмі ў сям’і Гершона і Нехамы Глекман. Вядома, што яго маці паходзіла з Аўстрыі і была дачкой рабіна.

Ён эміграваў у Злучаныя Штаты ў дзяцінстве. Спачатку яны трапілі ў Лондан. А калі Леон упершыню пераплыў акіян і ступіў на амерыканскую зямлю, яму было дзевяць гадоў. Гэта адбылося ў 1903 годзе. Спачатку сям’я пасялілася ў штаце Мічыган, а затым Леон пераехаў у Мінесоту.

У 1920-я гады Сент-Пол у штаце Мінесота быў унікальным месцам, дзе мясцовыя ўлады не перашкаджалі злачынцам, пакуль тыя не выходзілі за пэўныя межы. Глекман змог выкарыстаць такія адносіны ўлады і пабудаваць уласны крымінальны бізнес.

СІСТЭМА О'КОНАРА
У пачатку 1900-х начальнікам паліцыі Сент-Пола быў Джон О’Конар. Ён стварыў і інстытуцыялізаваў мадэль узаемадзення паміж паліцыяй і крымінальным светам. Сістэма О’Конара прадугледжвала абавязковую рэгістрацыю крымінальнікаў пасля пераезду ў горад, ім забаранялася здзяйсняць злачынствы ў межах горада, а ў абмен на гэта паліцыя не арыштоўвала іх і прымала хабары. Сістэма на дзесяцігоддзі перажыла самога О’Конара, які сышоў у адстаўку ў 1924 годзе.

У 1922 годзе Леона ўпершыню арыштавалі, і на той момант ён быў ужо знакамітым бутлегерам і гульцом у карты. Другі арышт адбыўся ў 1927-м, але скончыўся судом, які прызначыў паўтара года ў турме па справе аб нелегальным гандлі алкаголем.

гангстар леон глекман, беларускія гангстары ў зша, беларускія гангстары ў амерыцы
Леона Глекмана арыштоўваюць паліцэйскія. Выява згенеравана штучным інтэлектам.

Як Глекман стаў цэнтральнай фігурай узаемаадносін паліцыі і крымінальнага свету

У час, калі Глекман быў зняволены, у Сент-Поле забіваюць ключавога чалавека, які быў пасярэднікам паміж паліцыяй і крымінальнікамі, — Дэна Хогана. Пасля яго смерці паўстала пытанне: хто будзе гарантам таго, што парадак, дзе паліцыя прыкрывае злачынцаў, а злачынцы даюць хабары паліцыі, працягне працаваць.

І тут з турмы выходзіць Леон Глекман. Пасля вызвалення ён хутка стаў каралём бутлегераў у Сент-Поле. Ён кантраляваў пастаўкі алкаголю ў горад і азартныя гульні, плаціў рэгулярныя хабары паліцэйскім і чыноўнікам. І пазбягаў адкрытага гвалту.

На піку крымінальнай улады ў 1930-1932 гады яго сябар Томас Браўн стаў начальнікам паліцыі. Браўн дапамагаў Глекману хавацца ад ФБР падчас рэйдаў федэральных агентаў — крымінальнікаў загадзя папярэджвалі пра праверкі.

Глекман дапамагаў паліцэйскім у пошуках і лоўлі злачынцаў, якія не прытрымліваліся агульных правіл. У кнізе «John Dillinger Slept Here: A Crook’s Tour of Crime and Corruption in St. Paul, 1920-1936» даследчык Пол Макабі цытаваў паліцэйскіх, якія званілі ў выпадку «праблемных» злачынцаў персанальна Леону, а не самі расследавалі і шукалі крымінальніка. Далей Глекман дзейнічаў як сапраўдны менеджар: паведамляў парушальніку пра парушаныя правілы, патрабаваў з’ехаць з горада ці здацца ў залежнасці ад злачынства.

На той час федэральныя агенты актыўна сачылі за дзейнасцю Глекмана, але схапіць яго і начальніка паліцыі Сент-Пола ім атрымаецца толькі праз некалькі гадоў.

Глекмана выкралі і патрабавалі за яго выкуп

У 1931 годзе Леона Глекмана выкралі. Яго захапілі людзі з крымінальнага асяроддзя і ўтрымлівалі некалькі дзён, пакуль патрабавалі за яго выкуп у 200 тысяч долараў. За Глекмана выкрадальнікі атрымалі ў дзясяткі разоў менш, але мужчыну адпусцілі жывым.

Дагэтуль невядома дакладна, хто былі выканаўцы і заказчык. Існавалі падазрэнні пра некаторых крымінальнікаў, якія дзейнічалі ў Сент-Поле, але канкрэтных людзей так і не назвалі.

Выкраданне Глекмана зусім не адпавядала выбудаванай сістэме, што працавала ў горадзе, таму ў яго ратаванне ўключыліся ўсе. Паліцыя пачала шукаць месцазнаходжанне Глекмана і яго выкрадальнікаў, а крымінальнікі давалі дадатковыя грошы на яго пошукі.

Глекмана судзілі, як знакамітага Аль Капоне

Леона Глекмана называлі Аль Капоне Сент-Пола — цікава, што менавіта за тое ж злачынства яго і арыштавалі. У 1934 годзе Леона пасадзілі ў турму за ўхіленне ад выплаты федэральных падаткаў. Глекман стаў другім чалавекам у амерыканскай гісторыі, якога судзілі па гэтым злачынстве (першым быў Аль Капоне).

Федэральныя ўлады доўгі час сачылі за Глекманам і планавалі пасадзіць яго за гандаль нелегальным алкаголем, але не змаглі гэтага зрабіць. Таму ўлады пайшлі шляхам Аль Капоне: даказаць іншае злачынства і пасадзіць мафіёзі за яго.

гангстар леон глекман, беларускія гангстары ў зша, беларускія гангстары ў амерыцы
Леон Глекман у судзе. Выява згенеравана штучным інтэлектам.

У 1932 годзе справу Глекмана распрацоўвалі знакамітыя агенты Майк Мэлоўн і Дж.Н. Саліван — яны раней дапамагалі па кейсу Аль Капоне. Было даказана, што Леон Глекман схаваў даход у больш за 366 тысяч долараў за 1929-1931 гады. Рэальнае зняволенне было адкладзена: Глекман працягваў жыць на волі.

У Леона Глекмана, які пабудаваў і падтрымліваў сваю крымінальную імперыю, з часам з’явіліся палітычныя амбіцыі. Ён марыў стаць мэрам Сент-Пола, бо меў сувязі з паліцыяй і палітыкамі, але крымінальная справа па ўхіленні ад падаткаў закрыла для яго гэты шлях.

Улетку 1941 года Глекман ехаў п’яным на аўтамабілі і ўрэзаўся ў слуп. Яго смерць прызналі няшчасным выпадкам. Былы паліцэйскі патрульны, які ў той час працаваў у паліцыі Сент-Пола пазней расказваў:

«Я не магу гэтага даказаць, але ў душы, як паліцэйскі, лічу, што ён хацеў пакончыць з сабой. Мы ўсе думалі, што Леон забіў сябе… Ён мусіў трапіць у федэральную турму. Ён быў каралём бутлегераў і зусім не хацеў сядзець за кратамі».