Натхненне

«Лічыць сябе развітым, але незразуметым». Як Мітрафан Доўнар-Запольскі бунтаваў падчас вучобы


«Лічыць сябе развітым, але незразуметым». Як Мітрафан Доўнар-Запольскі бунтаваў падчас вучобы

А ці ведалі Вы, што чалавек, які адным з першых паказаў беларусам, што яны асобны народ з уласнай гісторыяй, быў небяспечным для расійскай царскай сістэмы адукацыі? Мітрафан Доўнар-Запольскі ігнараваў абавязковыя паходы ў царкву, атрымліваў арышт за паводзіны, спрачаўся з настаўнікамі і быў выключаны з гімназіі з-за забароненых кніг.

PALATNO расказвае пра тое, як Мітрафан Доўнар-Запольскі вучыўся ў гімназіях.

ХТО ТАКІ ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКІ?
Мітрафан Доўнар-Запольскі нарадзіўся ў 1867 годзе ў Рэчыцы. Вучыўся ў мазырскай і кіеўскай гімназіях, пасля чаго скончыў Кіеўскі ўніверсітэт, у якім сфарміраваўся як гісторык. Доўнар-Запольскі працаваў у Кіеве, Мінске і Маскве. У часы савецкай улады не дазволілі выдаваць «Гісторыю Беларусі», бо палічылі яе ідэалагічна-шкоднай. Доўнар-Запольскі лічыцца адным з першых, хто назваў беларусаў самастойным народам з уласнай гісторыяй, а ВКЛ для даследчыка была шматэтнічнай дзяржавай, у якой беларусы адыгралі цэнтральную ролю. Памёр у 1934 годзе ў Маскве.

«Асаблівых схільнасцяў да чагосьці няма». У Мазыры не ўбачылі ў Мітрафане нічога выбітнага

У 1880 годзе Мітрафан Доўнар-Запольскі перавёўся з мінскай гімназіі ў мазырскую прагімназію. У Мазыры будучы гісторык правучыўся пяць гадоў. За гэты час атрымаў амаль выдатныя ацэнкі за вучобу, але яго паводзіны вылучаліся.

У першы навучальны год у мазырскай прагімназіі чатыры разы быў пакараны за паводзіны. Мітрафана каралі двойчы арыштам на адну гадзіну за размову падчас урока нямецкай мовы і адсутнасць у царкве. Пазней Доўнар-Запольскі пабіўся з іншымі навучэнцамі і быў пакараны арыштам на паўтары гадзіны. Самае горшае было наперадзе: яму знізілі ацэнку за паводзіны і зрабілі вымову перад класам за свавольства падчас перапынку — не ўдакладняецца, што за гэта за свавольства было.

На наступны год адносіны з настаўнікам нямецкай мовы ў Доўнар-Запольскага толькі ўскладніліся. Яго пакаралі зніжэннем ацэнкі за паводзіны і нават напісалі ліст да бацькоў менавіта за тое, што Мітрафан неаднаразова спрачаўся з настаўнікам з-за сваіх адзнак на ўроках.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Гулялі ў карты, лавілі рыбу, падымалі хваляванні. Як жылі і вучыліся маладзечанскія семінарысты 150 гадоў таму

У 1883 годзе Доўнар-Запольскага пакаралі арыштам на чатыры гадзіны за тое, што ён катаўся ў лодцы. А ў наступным годзе яму зрабілі вымову за тое, што хадзіў у каляровай кашулі, а пазней была вымова за тое, што ён нёс ранец не на плячах.

мітрафан доўнар-запольскі, гісторык доўнар-запольскі, беларускія гісторыкі
Малады Доўнар-Запольскі ў лодцы. Выява згенераваная штучным інтэлектам.

Больш за ўсё будучага гісторыка і даследчыка каралі за тое, што ён адмаўляўся хадзіць у царкву. Штогод яго каралі за гэта арыштамі і вымовамі, часам нават зніжалі ацэнку за паводзіны за непрыход у царкву.

У 1884 годзе паводзіны Доўнар-Запольскага прымусілі кіраўніцтва запісваць усё, што тычыцца яго, у кандуіт (штрафны часопіс навучальнай установы). Разам з гэтым настаўнікі запісвалі заўвагі наконт паводзін Мітрафана:

«Саманадзейны, лічыць сябе развітым, але незразуметым. Асаблівай увагі патрабуе яго рэлігійнае выхаванне».

Ці вось яшчэ адна заўвага, якую напісаў дырэктар мазырскай прагімназіі Дзедаў:

«У характары Доўнара ў пачатку года я заўважыў саманадзейнасць, але затым, з-за некаторых абставін, дзе ён убачыў сваю слабасць і няздольнасць, у характары яго сталі бачнымі сціпласць і стрыманасць. Асаблівых схільнасцяў да чагосьці няма, акрамя схільнасці да пустога фразёрства. Здольнасці добрыя».

Выгналі з кіеўскай гімназіі з-за забароненых кніг, якія знайшлі ў кватэры

У 1888 годзе, калі Мітрафан Доўнар-Запольскі ўжо вучыўся ў Кіеве, у яго кватэру прыйшлі з праверкай. Інспектар і памочнік класнага настаўніка аглядалі пакой, кнігі і сшыткі вучня. Яны знайшлі тое, што ў Расійскай імперыі лічылі асабліва небяспечным, то бок, забароненыя кнігі: тэксты з прадмовамі Міхайла Драгаманава, украінскую літаратуру і т.п. Гэтага аказалася дастатковым, каб справа ў дачыненні да Доўнар-Запольскага стала палітычнай.

Мітрафан спрабаваў двойчы патлумачыць, чаму ў яго была такая літаратура. У сваіх паказаннях ён апісваў цяжкае жыццё без бацькоўскай падтрымкі, што яму прыходзілася працаваць і часта пераязджаць з кватэры на кватэру. Доўнар-Запольскі прызнаўся, што купіў кнігі падчас вандроўкі да маці ў Балгарыю, але не падзяляў «злачынных ідэй» у гэтых кнігах.

мітрафан доўнар-запольскі, гісторык доўнар-запольскі, беларускія гісторыкі
У Доўнар-Запольскага ў кватэры ў Кіеве знайшлі забароненую літаратуру. Выява згенераваная штучным інтэлектам.

У тлумачэннях гучала думка, якая асабліва раздражняла ўлады: Доўнар-Запольскаму не падабалася прымусовая рэлігійнасць, якая, на яго погляд, можа псаваць мараль. Для расійскай імперскай школы Мітрафан Доўнар-Запольскі быў небяспечным вучнем — бедны, самастойны, начытаны і схільны разважаць.

Праз некалькі дзён пасля праверкі ў кватэры Доўнар-Запольскага педагагічны савет вырашыў выключыць вучня з гімназіі з забаронай паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы. Яшчэ праз некалькі дзён некаторыя настаўнікі спрабавалі змякчыць рашэнне, але гэтага не атрымалася. Папячыцель Кіеўскай навучальнай акругі зацвердзіў выключэнне і забараніў былому гімназісту здаваць экзамены экстэрнам.

* * *

Мітрафан Доўнар-Запольскі быў выключаны з кіеўскай гімназіі, але гісторыя распарадзілася інакш. Выключэнне з гімназіі не спыніла даследчыка, якім ён неўзабаве стане. Праз гады гэты чалавек з небяспечнай біяграфіяй спачатку для царскай, а затым і савецкай улады, стане адным з тых, хто навучыў беларусаў глядзець на сваю гісторыю як на ўласную.