Без гамбургераў, але з піцай і нагетсамі. Што будуць есці дзеці ў школьных сталовых

ежа ў школьных сталовых у Беларусі

Беларускія школьнікі з новага навучальнага года будуць харчавацца інакш. Новае меню ў школьных сталовых з’явіцца з-за мінулагодняга «разносу» прэм’ера Рамана Галоўчанкі, які назваў стравы ў школах нясмачнымі: «Дзеці іх проста не ядуць». Цэлы год у беларускіх школах выпрабоўвалі розныя варыянты харчавання: дадавалі гамбургеры і хот-догі, а яшчэ спрабавалі ўвесці сістэму шведскага стала.

PALATNO расказвае, што зменіцца з першага верасня ў школьных сталовых, якія новыя стравы ўвялі, а якія — катэгарычна забаранілі.

«Загадзя нясмачныя, аднастайныя, не эстэтычна аформленыя стравы»

Першага лістапада мінулага года прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка праводзіў нараду па пытаннях харчавання школьнікаў. Чыноўніка не задаволілі тэхналогіі прыгатавання страў, праца работнікаў сталовых і якасць ежы. Галоўчанка здзівіўся, што школьнае меню не адрозніваецца ад таго, што было 40 гадоў таму. Па яго словах, цяпер у Беларусі няма дэфіцыту, таму меню трэба пераглядзець.

Не задаволіла Галоўчанку і колькасць адходаў пасля сняданкаў і абедаў. Прэм’ер звязаў гэта з тым, што школьнікам даюць нясмачную і халодную ежу, якую тыя адмаўляюцца есці.

Пасля «разносу» Галоўчанкі ў беларускіх школах запусцілі пілотны праект. Падчас яго ў рацыён школьнікаў уключалі гамбургеры, бургеры, піцы, нагетсы і г. д. У некалькіх мінскіх школах уводзіліся шведскія сталы, дзе дзеці маглі абіраць тое, што будуць есці на сняданак ці абед. Сярод вучняў праводзіліся анкетныя апытанкі наконт харчавання.

ежа ў школьных сталовых у Беларусі
Фота: Jonathan Borba / unsplash.com

У школах бясплатна харчуюцца каля 750 тысяч дзяцей, яшчэ больш за 300 тысяч — ядуць за бацькоўскія грошы. Адмовіцца ад школьнай ежы можна і без пісьмовай згоды.

Змены ў рацыёне школьнікаў адбудуцца ўжо першага верасня. Другі этап, які ахопіць яшчэ больш школ, стартуе першага студзеня. А ў 2024 годзе новае меню будзе ва ўсіх беларускіх школах. Вучні 1-4 класаў будуць есці раніцай, а вучні з 5-11 класаў будуць абедаць. Чыноўнікі палічылі, што ў школах дзяцей не трэба карміць некалькі разоў на дзень у школах.

«Такіх назваў не павінна быць»

Сумесна з Міністэрствам адукацыі распрацоўкай новага меню займалася Міністэрства аховы здароўя. Там падкрэслілі, што галоўнымі ўмовамі былі бяспека і якасць харчавання. Таму некаторыя стравы, даступныя ў школьных сталовых у пілотным праекце, выключылі.

Напрыклад, у школьным рацыёне не будзе гамбургераў і чызбургераў. Замест іх з’явяцца так званыя гарачыя бутэрброды. У Міністэрстве вырашылі, што ўключэнне ў меню гамбургераў і чызбургераў не суадносіцца з нормамі здаровага харчавання беларускага дзіцяці. Таксама пад забарону трапіла шаўрма — яе лічаць нездаровым прадуктам. А вось піцу можна будзе паесці некалькі разоў на месяц.

Прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Ала Малахава падкрэсліла, што некаторыя стравы, накшталт піцы ці бургераў, рабіць можна, «Але такіх назваў у меню не павінна быць», – адзначыла Малахава, але не патлумачыла, чаму назвы забаронены назвы.

З новага навучальнага года ў мінскіх школьных сталовых з’явяцца соусы, а цукар будуць даваць асобна ад гарачых напояў — і гэта па ўсёй краіне. У Магілёўскай вобласці наогул дзецям будуць прапаноўваць некалькі салатаў на выбар.

Чыноўнікі падкрэслілі, што дзякуючы пілотнаму праекту і новай сістэме харчавання, будзе нашмат менш адходаў. Чакаецца, што ў адходы пойдзе каля 10% ежы.

Што новага з’явіцца ў школьным меню

ежа ў школьных сталовых у Беларусі
Фота: CDC / unsplash.com

PALATNO вывучыла новыя новае меню школьных сталовых у зборніку ад Міністэрства адукацыі. Сёлета будзе не так многа новых прапаноў у харчаванні.

Асноўная частка — мясныя стравы. У меню школ з’явяцца зразы, гнёзды са свініны, рыбна-свіныя каўбасы і іншыя. Увядуць і шэраг рыбных страў: рыба ў кляры, рыбныя шарыкі.

Прэм’ер Галоўчанка адзначаў, што трэба павялічваць колькасць гародніны ў школьных меню. Да гэтага прыслухаліся тэхнолагі, таму ў новым навучальным годзе будзе з дзясятак новых салатаў.

У новае меню ўключылі і бутэрброды. Гэта Напрыклад, бутэрброд «Смачны» — на лусту батону намазваюць згушчонку.; Бутэрброд «Яблачны водар» будуць рабіць з яблыкам, цукрам і карыцай. Самы інавацыйны бутэрброд называецца «Вэйна»: у булачку для гамбургера кладуць біточак, сыр, кансерваваныя агуркі (гэта не гамбургер ці чызбургер?).

Яшчэ адна страва называецца «Майстар смаку»: у булачку для хот-догаў кладуць сасіску і паліваюць соусам (гэта не забароненыя хот-догі?).

Новыя стравы ў школьным меню – пельмені, сырнікі, пудынгі, рыс з курагой ці гароднінай. Цяпер школьнікі змогуць паесці і беларускія калдуны, якія ў меню будуць называцца дранікамі. Сярод інавацый — бульбяныя долькі, запечаныя ў духоўцы, а таксама нагетсы і піца з сырам і каўбасой.

Вярнуцца ўгару