PALATNO падказвае, што чакае беларусаў у 2026 годзе на драніках.
Авен
Якім будзе дранік? Дранік-актывіст
2026 год падорыць табе магчымасць падрумяніцца з усіх бакоў. Ты будзеш гатовы брацца за справы, як на гарачай патэльні бярэцца дранік: хутка, рашуча і без ваганняў.
Парада года: не перагары! Зрабі паўзу, нават калі ўсё навокал шкварчыць.
Цялец
Якім будзе дранік? Сытны і класічны дранік
Год прынясе камфорт і стабільнасць. Гэты год будзе як дранік па бабуліным рэцэпце: без эксперыментаў, але ўсё так жа смачна.
Парада года: калі нехта прапануе «дадаць трошкі перцу», то падумай двойчы, бо табе цяпер лепш за ўсё быць сабой.
Блізняты
Якім будзе дранік? Дранік на двух патэльнях
Ты будзеш спрабаваць сябе ў розных кірунках, як гаспадыня, што пячэ дранікі на дзвюх патэльнях адразу. Можа быць вельмі шумна, але цікава.
Парада года: навучыся пераварочваць дранікі (і змяняць планы) своечасова.
Рак
Якім будзе дранік? Дранік са смятанай
У 2026 годзе цябе будуць шукаць і цаніць. Ты можаш быць дранікам без смятаны — усё роўна смачны, але са смятанкай (і падтрымкай блізкіх) — непераўзыдзены.
Парада года: не саромейся прымаць любоў і падтрымку.
Леў
Якім будзе дранік? Залаты дранік
Ты блішчыш — і гэта бачаць усе. У гэтым годзе цябе часта будуць хваліць, быццам бы ты асабліва ўдалы дранік з румянай скарыначкай.
Парада года: пакінь крыху месца для іншых на патэльні жыцця.
Дзева
Якім будзе дранік? Ідэальны дранік
Ты імкнешся да дасканальнасці. Нават дранікі ў цябе выходзяць аднолькавага дыяметра. У 2026 годзе твая акуратнасць дапаможа дасягнуць вялікіх вынікаў.
Парада года: не ператрымлівай сябе «на агні».
Шалі
Якім будзе дранік? Дранік у пошуках балансу
То смятаны шмат, то яе мала, то солі перасыпалі… У 2026 годзе ты навучышся знаходзіць залатую сярэдзіну.
Парада года: выбяры тое, што падабаецца табе, а не тым людзям, што каля цябе.
Скарпіён
Якім будзе дранік? Дранік з сакрэтам
Твае планы на 2026 год глыбока схаваныя ад чужых, як цыбуля ў дранікавым цесце. І гэта добра, бо ў патрэбны момант усе здзівяцца.
Парада года: выкарыстоўвай сваю энергію мудра, каб не абпячы чужыя пальцы.
Стралец
Якім будзе дранік? Дранік-эксперыментатар
Хочаш дадаць грыбочкі? А можа, моркву? А можа і ўсё разам? 2026 год будзе годам пошуку новых магчымасцей.
Парада года: эксперыментуй, але не забывай пра базавы рэцэпт сябе самога.
Казярог
Якім будзе дранік? Працавіты дранік
Усё, што ты робіш, атрымліваецца ўпэўнена і надоўга. Гэта як дранік, які адразу трымае форму. Для цябе наступны, 2026-ы год, будзе плённым.
Парада года: часам можна і адпачыць, нават лепшы дранік не будзе смажыцца суткамі.
Вадалей
Якім будзе дранік? Дранік-інфлюэнсер
Ты будзеш здзіўляць усіх: прапануеш новыя ідэі, новыя падачы, можа нават дранікі на сухой патэльні! Поспех прыйдзе праз нестандартнасць мыслення.
Парада года: не бойся быць «незвычайна смачным».
Рыбы
Якім будзе дранік? Мяккі і далікатны дранік
Новы год прынясе шмат эмоцый і натхнення. Ты будзеш як пяшчотны дранік, які лепш з’есці цёплым, таму ад цябе будзе ісці цяпло і спакой.
Парада года: не дазваляй нікому зачапіць твае пачуцці.
