Вы чытаеце:
Як не змарнаваць чарговы год. Кіруйце жыццём, нібы гэта самы галоўны бізнес-праект

Як не змарнаваць чарговы год. Кіруйце жыццём, нібы гэта самы галоўны бізнес-праект

як планаваць сваё жыццё, сістэма смарт

Калі вы з тых людзей, у каго надыход новага года выклікае больш шкадавання, чым радасці і гонару, гэты тэкст дакладна для вас. Давайце паспрабуем па-сапраўднаму змяніць сваё жыццё — ці можна знайсці для гэтага больш зручны час, чым пачатак новага года?

Самы галоўны праект для кожнага з нас — наша ўласнае жыццё. Але ў штодзённым тлуме пытанне самаразвіцця мы часта пакідаем на «калісьці потым».

Калі вы ўяўляеце ідэальную версію сябе, напэўна, яна чымсьці адрозніваецца ад той, якую вы бачыце ў люстэрку цяпер. Паспрабуйце дакладна сфармуляваць, у чым гэтае адрозненне, а лепш за ўсё — запісаць. Напрыклад, ідэальная версія ведае замежную мову на ўзроўні В1, умее кіраваць матацыклам, пахудзела на 5 кілаграмаў і пазбавілася ад двух зубоў мудрасці, якія няправільна выраслі. Гэтыя мары могуць вісець перад намі, нібы папяровыя воблачкі з напісанымі жаданнямі, і з кожным годам гэтых воблачкаў будзе станавіцца ўсё больш, пакуль іх не ўпарадкаваць у сістэму. Давайце накіруем менеджарскі інструмент па кіраванні арганізацыяй на ўласныя мары і паглядзім, што з гэтага атрымаецца.

Пераўтвараем мары ў планы

Існуе некалькі сістэм для дасягнення мэт, але мы сканцэнтруемся на адной з найбольш папулярных — метадзе SMART. Яго сфармуляваў амерыканскі бізнес-кансультант Джордж Доран у 1981 годзе ў часопісе Management Review. Гэты метад дапамагаў арганізацыям рознага памеру дасягаць мэты і распрацоўваць планы. Сама назва метаду з’яўляецца акронімам, кожнае слова якога тлумачыць адзін з крытэрыяў метаду.

Агулам атрымліваецца, што метад SMART заклікае ставіць мэты, якія будуць адначасова канкрэтнымі, вымяральнымі, дасягальнымі, мець спосабы выканання і тэрміны. Але давайце папрактыкуемся выкарыстоўваць кожны з крытэрыяў на нашых персанальных мэтах.

Каб гэтая праца была паспяховай, вазьміце два аркушы паперы. На першым напішыце ўсе мары, якія аддзяляюць вас сённяшняга ад ідэальнага вобраза. А на другім мы будзем працаваць з нашым інструментам SMART.

S — Specific

Гэты крытэрый патрабуе канкрэтнасці. Не спрабуйце скокнуць вышэй за дах і з вашага спісу мар абярыце на год 2-3 з розных галін. Напрыклад, падняць узровень замежнай мовы з А2 да В1 і выдаліць два зубы мудрасці. Сфакусіруйце ўвагу толькі на гэтых мэтах, а не імкніцеся зрабіць усё за адзін год. Знайсці час і на пару-тройку няпроста, іначай ваш ідэальны вобраз ужо цалкам супадаў бы з сённяшнім. Рабіць усё адначасова немагчыма, а вось выканаць дзве-тры сур’ёзныя задачы цягам года — цалкам пад сілу.

На другім аркушы паперы запішыце першы блок метаду SMART, а менавіта свае мэты. На нашым прыкладзе атрымаецца так:

S1. Падняць узровень замежнай мовы з А2 да В1.

S2. Выдаліць зубы мудрасці, якія няправільна выраслі.

M — Measurable

У гэтым блоку мы павінны падумаць пра вымяральнасць — тое, як зразумеем, што дасягнулі мэту. Часам гэта вельмі проста — калі выдзерлі дзве васьмёркі і вы гэта горш ці лепш, але перажылі, то мэта дасягнута, усё ў парадку. У прыкладзе з мовай можна проста закончыць курсы, а можна прайсці экзамен, каб атрымаць сертыфікат з пацвярджэннем узроўню. Калі ваша мэта — часам бегаць для фізічнай актыўнасці, вызначыце для сабе колькасць кіламетраў на год. Нават калі ў вас няма дакладнага колькаснага паказчыка, яго трэба прыдумаць, інакш вам будзе складана зразумець, што мэту вы ўжо дасягнулі.

На нашым аркушы паперы мы пішам:

M1. Атрымаць сертыфікат замежнай мовы ўзроўню В1.

M2. Выдзерці дзве васьмёркі.

A — Assignable

Калі б мы карысталіся гэтым метадам для арганізацыі працы завода, то тут павінны былі б прызначыць адказнага за дасягненне кожнай канкрэтнай мэты. Але персанальных мэт дасягаем мы самі, таму тут прапісваем, якім спосабам будзем выконваць план. Напрыклад, колькі трэніровак будзе ў тыдзень, у якога трэнера і якія красоўкі трэба купіць. Мы не аддаём задачу падначаленаму, а як мага больш падрабязна апісваем, што нам трэба знайсці або купіць, пра што дамовіцца і колькі ўсё гэта каштуе. Карацей, складаем план дзеянняў і прыкідваем бюджэт.

На нашым прыкладзе гэта можа выглядаць так:

А1. Запісацца на курсы мовы на тры месяцы да рэпетытара Таццяны Ядчанкі ў фармаце два разы на тыдзень па 60 хвілін. Адзін занятак каштуе 20 долараў, увесь курс абыдзецца ў 480 долараў. Трэба купіць падручнік і сшыткі — гэта 50 долараў. Агулам на мэту спатрэбіцца 530 долараў.

R — Realistic

Цяпер настаў час праверыць нашы мэты на рэалістычнасць. Тут мы ўдакладняем свае рэсурсы і правяраем, што зможам дасягнуць з улікам таго, што маем. Магчыма, нам для нашай мэты ў Х кіламетраў за год спатрэбіцца пяць разоў на тыдзень аддаваць бегу па дзве гадзіны. Але ў гэтым пункце мы бачым, што можам бегаць толькі двойчы на тыдзень, бо іншыя дні занятыя іншымі планамі. Тады нам трэба скарэктаваць нашу галоўную мэту з Х кіламетраў на У.

На нашым прыкладзе гэта можа быць так:

R1. На заняткі замежнай мовай у нас ёсць толькі 500 долараў. На аплату паслуг рэпетытара хапае, а вось падручнік трэба шукаць патрыманы або прыняць як падарунак, бо не хапае 30 долараў. Што з гэтым рабіць? Можна папрасіць падручнік на свята як падарунак або пашукаць на Куфары.

R2. На стаматолага сёлета хапае толькі на 1 зуб. Другі зуб пераносім на наступны год.

Т — Time-related

Удакладніўшы рэсурсы, нам трэба прызначыць час, да якога мэта павінна быць дасягнутай. Напішыце дакладны дзень. Важна прапісаць даты не толькі для фіналу, але і для старту новых этапаў. Напрыклад, 20 ліпеня вывучым вальс і пяройдзем да танга — калі сваёй мэтай вы ставіце вывучыць тры танцы за год.

Вось як гэта будзе выглядаць на нашым прыкладзе:

Т1. Заняткі пачынаюцца 1 лютага, 1 чэрвеня здаю моўны экзамен.

Т2. Запісваюся на прыём 2 красавіка, каб трапіць да 20 чэрвеня і каб зажыло да адпачынку.

Такім чынам на звычайным аркушы паперы вы атрымалі канкрэтны і дасягальны план, які будзе выкананы да наступнага новага года. Верце ў сябе, і няхай воблачкі з марамі пераўтвараюцца ў вашы мэты.

Вярнуцца ўгару