16 лютага стартуе Берлінскі кінафестываль ці Berlinale. Кожны год тут паказваюць каля 400 фільмаў з розных краін. І хіба гэта галоўная падзея ў Германіі для аматараў добрага кіно, але не адзінае. Расказваем пра восем нямецкіх кінафестываляў, якія варта наведаць у гэтым годзе.
Мюнхенскі кінафестываль
Filmfest München – другі па вартасці і памерам пасля берлінскага. Ён праходзіць летам, на 18 пляцоўках паказваюць больш 200 кінастужак з розных краін. Штогод фестываль наведваюць каля 80 тысяч чалавек.
Першы Filmfest München адбыўся ў 1983 годзе. На фестывалі дэманструюцца мастацкія і дакументальныя фільмы, з вялікімі і маленькімі бюджэтамі. Адна з мэтаў мерапрыемства — адкрываць новыя імёны ў кіно. У 2018 годзе ў конкурснай праграме ўдзельнічаў украінскі фільм Сяргея Лазніцы «Данбас».
Таксама ёсць спецыяльная конкурсная праграма для юнацкага кіно.
У гэтым годзе юбілейны 40-ы Мюнхенскі кінафестываль пройдзе ад 23 чэрвеня да 1 ліпеня. Інфармацыя пра білеты — па спасылцы.
Гамбургскі кінафестываль
Filmfest Hamburg па памерах і вартасці ідзе адразу за Мюнхенскім кінафестывалем. Яго праводзяць восенню, гледачам паказваюць больш 100 фільмаў вядомых і рэжысёраў-пачаткоўцаў — ад арт-хаўса да мэйнстрыму і дзіцячага кіно.
Першы Гамбургскі кінафестываль адбыўся ў 1992 годзе. Цяпер праграма раздзеленая на некалькі секцый — палітычныя фільмы, франкамоўныя, іспана- і партугаламоўныя стужкі, кіно з азіяцкіх краін, з Паўночнай Амерыкі і так далей.
31-ы Filmfest Hamburg пройдзе ад 30 верасня да 9 кастрычніка. Сачыць за інфармацыяй пра білеты можна на сайце кінафестывалю.
GoEast у Вісбадане
На захадзе Германіі ў красавіку праводзяць кінафестываль, прысвечаны фільмам з Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Яго арганізатар — Інстытут нямецкага кіно. Першы фестываль прайшоў у 2001 годзе.
У мінулым годзе на GoEast паказалі тры беларускіх дакументальных фільма, знятых разам з іншымі краінамі. Гэта «Мара» Аляксандра Кулака, «Куды мы едзем» Руслана Фядотава і фільм 1991 года «Аранжавыя камізэлькі» Юрыя Хашчавацкага.
23-і GoEast пройдзе ад 26 красавіка па 2 мая. У рамках фестывалю таксама адбудзецца сімпозіўм «Дэкаланізацыя (пост)савецкага экрана». Інфармацыю пра білеты можна прачытаць тут.
Кінафестываль Green Screen
Гэта самы буйны ў Еўропе фестываль фільмаў пра дзікую прыроду. Штогод яго наведваюць каля 30 тысяч чалавек. Green Screen праходзіць ад 2007 года на самай поўначы Германіі – у горадзе Экернфёрдзе.
На кожным фестывалі паказваюць больш 200 фільмаў пра прыроду, а таксама праводзяць семінары і сустрэчы для кінематаграфістаў. Адно з кірункаў — паказ эка-фільмаў школьнікам.
У гэты раз кінафестываль будзе працаваць пяць дзён — ад 6 па 10 верасня.
Міжнародны кінафестываль у Хофе
Гэта адзін са старэйшых кінафестываляў у Германіі – ён праводзіцца з 1967 года. Кожны год напрацягу шасці дзён глядачам паказваюць каля 130 фільмаў, з іх больш трэці – кароткаметражныя. А пачалося ўсё з аднадзённай 150-хвіліннай праграмы кароткаметражак, без намінацый і прызоў.
Цікава, што па дадзеных Spiegel сусветная прэм’ера фільма «Жах на вуліцы Вязаў» адбылася менавіта на кінафестывалі ў Хофе ў 1984 годзе. Гэта падзея выклікала перапалох сярод нямецкіх кінакрытыкаў, а газета Frankfurter Allgemeine выйшла з загалоўкам «Жах у Хофе».
57-ы Міжнародны кінафестываль у Хофе ад 24 па 29 кастрычніка.
Міжнародны фестываль кароткаметражных фільмаў у Аберхаўзэне
Гэта адзін з галоўных і старэйшых кінафестываляў кароткага метра ў свеце — ён праводзіцца ад 1954 года і кожны тут паказвае больш 500 фільмаў.
У праграме прадстаўлены фільмы з Германіі і іншых краін. Таксама ёсць конкурс дзіцячага і юнацкага кіно, а яшчэ музыкальных відэа.
У гэтым годзе 69-ы фестываль у Аберхаўзэне пройдзе ад 26 красавіка па 1 мая. Інфармацыя, як трапіць на паказы тут.
Міжнародны кінафестываль Мангейм-Гейдэльберг
Сюды — аматарам аўтарскага кіно і арт-хаўса. Фестываль праводзіцца ад 1952 года ў Мангейме, а ад 1994-га яшчэ і ў суседнім Гейдэльбергу. Штогод яго наведваюць каля 50 тысяч чалавек.
Гэты фестываль — старэйшы ў Германіі пасля Берлінале. У ім удзельнічаюць, як вядомыя рэжысёры, так і пачаткоўцы, для многіх ён стаў трамплінам у свет вялікага кіно.
72-і Міжнародны кінафестываль Мангейм-Гейдэльберг пройдзе ад 16 да 26 лістапада. Пра білеты можна даведацца па спасылцы.
Frauen Film Fest
Гэта фестываль фемінісцкага кіно, які праходзіў па чарзе ў двух гарадах — Кёльне і Дортмундзе. Ён з’явіўся ў 2006 годзе, калі старэйшы жаночы кінафестываль Германіі Feminale, заснаваны ў 1984-м, аб’яднаўся з яшчэ адным — femme totale.
У гэтым годзе Frauen Film Fest пройдзе ў Дортмундзе ад 18 па 23 красавіка.