Натхненне

Гангстар, які не ўпісаўся ў сістэму. Гісторыя яўрэя з Мінска, які стаў крымінальнікам у Нью-Ёрку


Гангстар, які не ўпісаўся ў сістэму. Гісторыя яўрэя з Мінска, які стаў крымінальнікам у Нью-Ёрку

У кастрычніку 1927 года на адной з нью-ёркскіх вуліц прагучалі стрэлы, які паставілі кропку ў цэлай эпохі гарадскога крыміналу. Куля ў скроню забіла Джэйкба «Маленькага Огі» Оргэна, які ўвасабляў старую мадэль крымінальнага свету з вулічным гвалтам. Яго смерць адкрыла шлях новай, больш цынічнай і сістэмнай мафіі. А кім быў Джэйкаб Оргэн, якога маленькім выехаў з сям’ёй з Мінска ў Нью-Ёрк?

PALATNO расказвае пра Джэйкаба Оргэна.

Хто такі Джэйкаб Оргэн

Джэйкаб Оргэн нарадзіўся ў Мінску ў 1893 годзе ў яўрэйскай сям’і. Да пераезду ў Злучаныя Штаты Амерыкі ў сям’і было прозвішча Оргэнштэйн. Джэйкаб апынуўся ў Амерыцы ў маладым узросце і сталеў на нью-ёркскіх вуліцах, на якіх шырыўся і працоўны рух, і мафіёзныя групоўкі. Пра яго жыццё на беларускіх землях не захавалася ўспамінаў.

Ужо ў пачатку 1910-х Джэйкаб Оргэн стаў вядомым рэкецірам у арганізацыі гангстара Бэнджаміна Файна, які быў адным з першых лідараў яўрэйскага крыміналітэту ў Нью-Ёрку. Файн фактычна стварыў працоўны рэкет у Нью-Ёрку. Гэта была сістэма, у якой прафсаюзы і прадпрымальнікі карысталіся паслугамі бандаў (у першаю чаргу — сілавыя паслугі). Файн, як і многія крымінальнікі, што ўдзельнічалі ў працоўным рэкеце, часцяком працавалі на абодва бакі канфлікту: яны дапамагалі фабрыкантам і прафсаюзам — у некаторых выпадках гэта адбывалася адначасова. Асноўным прыбыткам для такіх груповак складаў рэкет у швейнай індустрыі.

У 1911 годзе Оргэн стварыў уласную банду, якая называлася Little Augies («Маленькія Огі»). Сам жа Джэйкаб да гэтага часу ўжо меў мянушку «Маленькі Огі».

джэйкаб оргэн, крымінал зша, яўрэі беларусь, гісторыя беларусі яўрэі
Магшот Джэйкаба Оргэна, які быў зроблены нью-ёркскай паліцыяй у 1920-я гады.

Эпоха вулічных наймітаў, у якую цудоўна ўпісаўся «Маленькі Огі»

Гісторыю арганізаванай злачыннасці ў швейнай індустрыі Нью-Ёрка да сярэдзіны 1920-х гадоў можна ахарактарызаваць як эпоху вулічных наймітаў. Гангстары выступалі «медыятарамі» ў канфліктах, калі яшчэ не існавала стабільных юрыдычных механізмаў для ўрэгулявання спрэчак.

Мадэль працы груповак, у тым ліку для банды Оргэна, была простай. Яны прымянялі гвалт, часова дамаўляліся з бакамі канфлікту і заўсёды працавалі на таго, хто больш заплаціць. Оргэн вельмі хутка зразумеў, як працуе гэта формула, таму стаў адной з галоўных фігур гэтага свету.

У 1917 годзе з турмы выйшаў галоўны канкурэнт Джэйкаба Оргэна — Нэйтан Каплан па мянушцы «Кід Дропер». Ад гэтага часу пачалася крывавая барацьба за кантроль над рынкам працоўнага рэкету.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Кароль бутлегераў з Сент-Пола. Як мінскі яўрэй пабудаваў крымінальную імперыю ў ЗША

У 1919 годзе Джэйкаба Оргэна пасадзілі ў турму па абвінавачванні ў рабаванні, што дазволіла Каплану часова ўмацаваць пазіцыі. У 1923 годзе Оргэн вызваліўся і аднавіў уплыў. У тым жа годзе Нэйтана Калпана забіваюць, а Джэйкаб атрымлівае поўны кантроль над працоўным рэкетам Нью-Ёрка.

У 1925 годзе Оргэн разам з яшчэ адным гангстарам Джэкам Даймандам, які стаў яго партнёрам да канца жыцця, уключыўся ў бутлегерскі бізнес. Яны пастаўлялі алкаголь у брадвейскія клубы. Аднак для Джэйкаба асновай яго маленькай крымінальнай імперыі ўсё роўна заставаўся рэкет.

джэйкаб оргэн, крымінал зша, яўрэі беларусь, гісторыя беларусі яўрэі
Джэк Дайманд.

Як вялікі страйк паклаў канец старой крымінальнай сістэме

У 1926 годзе ў швейнай прамысловасці выбухнуў маштабны страйк. Знешне гэта выглядала барацьбой за роўныя заробкі і стабільны працоўны час, але ўнутры ішло жорсткае змаганне паміж сацыялістамі і камуністамі. Оргэн са сваёй бандай быў наняты камуністамі для абароны страйка, хоць пасля працадаўцы адмаўляліся ад таго, што пакупалі паслугі крымінальніка.

Канфлікт перарос у маштабны гвалт. На вуліцах адбываліся перастрэлкі і забойствы, а на фабрыкі ўчынялі ўзброеныя налёты з нападамі на іх уладальнікаў. Урэшце, канфлікт быў вырашаны пры пасярэдніцтве бізнесоўцы і гангстара Арнольда Ротштэйна (пазней Фрэнсіс Скота Фіцджэральд напіша «Вялікага Гэтсбі», у якім Ротштэйн будзе прататыпам для аднаго з герояў).

Ротштэйн праз двух іншых крымінальнікаў Луіса Лепке і Маера Ланскага (ён быў таксама ўраджэнцам Беларусі з Гродне) перадаў, што Джэйкабу лепш адмовіцца ад старых метадаў вядзення бізнесу. То бок, адмовіцца ад вулічнага гвалту і перайсці да сістэмнай інфільтрацыі ў прафсаюзы. На той час крымінальны свет вырашыў перайсці ад разавых паслуг да пастаяннага кантролю над прафсаюзамі: увайсці ў кіраўніцтва прафсаюзаў ці паставіць сваіх людзей на ключавыя пасады.

Джэйкаб Оргэн адмовіўся ад прапановы. І так ён стаў праблемай для новага светапогляду крымінальнікаў. Джэйкаба Оргэна задавальнялі хуткія грошы і ён зусім не хацеў змяняць існуючы лад. Ён увасабляў старую мадэль вядзення бізнесу — ён ствараў шмат шуму, сеяў гвалт на вуліцах. У сваю чаргу, крымінальны свет пераходзіў да карпаратыўнай мадэлі, у якой месца для «Маленькага Огі» не знайшлося.

15 кастрычніка 1927 года ў Нью-Ёрку Оргэн і Дайманд былі абстраляныя з аўтамабіля. Оргэн загінуў ад стрэлу ў скроню, Дайманд перажыў напад. Лічыцца, што напад арганізавалі былыя паплечнікі Оргэна Луіс Лепке і Джэйкаб Шапіра.

На момант смерці Оргэну было 33 гады, але на магіле пазначаны іншы ўзрост — 26 гадоў. Сям’я лічыла яго памерлым з моманту сыходу Джэйкаба ў крымінальны свет. Бацька адрокся ад яго ў 1919 годзе.

джэйкаб оргэн, крымінал зша, яўрэі беларусь, гісторыя беларусі яўрэі
Надмагілле Джэйкаба Оргэна.

У Джэйкаба Оргэна засталася жонка Ханна і аднагадовая дачка Салі.