Now Reading
Кентаўр, пегас і грыфон. Якія міфічныя істоты ёсць на гербах беларускіх гарадоў

Кентаўр, пегас і грыфон. Якія міфічныя істоты ёсць на гербах беларускіх гарадоў

герб слуцка, беларускія гербы

Птушкі, жывёлы, расліны… Усё гэта мы бачылі на беларускіх гербах. Акрамя гэтага на гербах ёсць і міфічныя істоты — кентаўры, пегас і грыфон. Усе яны дасталіся сучасным гербам беларускіх гарадоў, дзякуючы славутаму мінуламу – князям і магнатам Вялікага Княства Літоўскага.

PALATNO расказвае пра тры гарады, у якіх на гербах ёсць міфічныя істоты.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Арлы, пеўні і жураўлі. Якія птушкі ёсць на гербах беларускіх гарадоў

Слуцкі пегас

герб слуцка, міфічныя істоты на гербах беларускіх гарадоў, беларускія гербы
Сучасны герб Слуцка.

Слуцк — адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Горад знаходзіўся ва ўладанні шматлікіх князёў. У 1652 годзе Слуцку надалі герб «Пагоньчык» — вершнік з мячом на белым кані. Падчас акупацыі беларускіх зямель Расійскай імперыяй у Слуцка быў падобны герб з улікам, што ў адной з частак размяшчаўся двухгаловы арол — сімвал імперскай улады.

У сучасным гербе таксама ёсць конь з крыламі — пегас. А вось вершніка прыбралі. На пегасе ёсць гунька чырвонага сукна з манаграмай «RD». Беларускі гісторык Анатоль Цітоў лічыў, што раней манаграма «RD» на слуцкіх пячатках расшыфроўвалася як Radivil Dux. Гісторык Тамара Габрусь сцвярджала, што манаграма раскладаецца на літары «B» і «R», то бок, на пачатковы літары імя князя Багуслава Радзівіла.

У ніжняй частцы герба ёсць лускаватае падножжа — падобнае ёсць і ў гербе Краснага Сяла. Падножжа ў гербах дадалі, таму што забараняецца дакладна капіраваць радавую геральдыку, трэба дадаваць іншыя элементы.

Цяперашні герб Слуцка з’явіўся ў 2001 годзе.

Слуцкая «Пагоня». У 1990-х гадах мясцовыя дэпутаты спрачаліся, наконт герба горада. Дэпутаты спрачаліся паміж «Пагоняй» і «Пегасам». Цікава, што супраць «Пегаса» выступіў айцец Міхаіл Вейга, бо гэта, па меркаванні праваслаўнай царквы, быў паганскі сімвал. У выніку, першым гербам Слуцка ў часы незалежнасці абралі «Пагоню».

Старадарожскі кентаўр

герб слуцка, міфічныя істоты на гербах беларускіх гарадоў, беларускія гербы
Сучасны герб Старых Дарог.

На сучасных гербе Старых Дарог знаходзіцца легендарная фігура кентаўра. Гербы з выявай кентаўра называлі «Гіпацэнтаўр». На такім гербе ў кентаўра можа быць хвост цмока альбо змея. Гербы з кентаўрамі выкарыстоўвалі ў ВКЛ, а менавіта прадстаўнікі роду Гальшанскіх.

Гальшанскія і сталі «віноўнікамі» таго, што на гербе Старых Дарог ёсць кентаўр. Старыя Дарогі (тады як проста Дарогі) упершыню ўзгадваюцца ў 1524 годзе як валоданне Юрыя Гальшанскага. Лічацца, што Гальшанскія былі першымі буйнымі ўладальнікамі мястэчка.

У старадарожскага кентаўра замест хваста знаходзіцца пашча цмока, у якую цэліцца кентаўр стралой з лука. Выява кентаўра размяшчаецца ў верхняй частцы герба, а ў ніжняй — два посахі як атрыбут вандроўніка.

Цяперашні герб Старых Дарог зарэгістраваны ў 1996 годзе. Вядомы аўтар сучаснага герба — адзін з супрацоўнікаў райвыканкама — А.А. Міхайлаў.

Гальшаньскі кентаўр

герб слуцка, міфічныя істоты на гербах беларускіх гарадоў, беларускія гербы
Герб Гальшанаў.

Яшчэ адзін кентаўр ёсць на гербе Гальшанаў. Па назве можна зразумець, што населены пункт у нейкі час быў звязаны з князямі Гальшанскімі: яны лічацца заснавальнікамі мястэчка. Яны валодалі Гальшанамі некалькі стагоддзяў.

Пазней Гальшаны перайшлі ва ўладанне да Сапегаў. З Сапегамі звязаны рост і будаўніцтва мястэчка, у тым ліку, і мураванага замку, касцёлу і кляштара. З Гальшанскімі і Сапегамі звязваюць сучасны герб вёскі. У верхняй частцы герба — кентаўр з хвастом, які з’яўляецца пашчай цмока. У ніжняй — герб «Ліс», частка герба Сапегаў.

Сучасны герб Гальшанаў прыняты ў 2006 годзе. Яго аўтарам стала Марына Елінская.

Краснасельскі грыфон

герб слуцка, міфічныя істоты на гербах беларускіх гарадоў, беларускія гербы
Сучасны герб Краснага Сяла.

Грыфон у Краснага Сяла (вёска ў Гродзенскай вобласці), як і на астатніх беларускіх гербах з міфічнымі істотамі, прыйшоў ад князёў. Красным Сялом валодалі Хадкевічы, Глябовічі, Патоцкія. Аднак у сучасным гербе вырашылі пакінуць частку герба Хадкевічаў — сярэбранага грыфа з мячом.

Грыф ці грыфон маюць цела льва з галавой і крыламі арла. Выявы грыфаў сустракаюцца ў Егіпце, Вавілоне, Старажытным Рыме і Грэцыі. Грыфон быў атрыбутам багіні Немязіды.

У сучасны герб Краснага Сяла дадалі спасылку на прадпрыемства «Краснасельскбудматэрыялы»: у ніжняй частцы герба знаходзіцца лускаватае падножжа.

Сучасны герб з’явіўся ў 2004 годзе. Аўтар герба — Марына Елінская.

Вярнуцца ўгару