Пяць найлепшых экранізацый відэагульняў

новыя серыялы, што паглядзець, фільмы і серыялы па гульнях, фалаут

Роўд-муві, якое замаскіравана пад постапакаліпсіс з монстрамі-грыбамі ці мульсерыял пра высокія тэхналогіі і жыццё ў небяспечным сусвеце карпарацый… Легендарны «‎Фалаўт», але цяпер не вы гуляеце, а вам паказваюць створаны сусвет пасля ядзернай вайны… І шмат чаго яшчэ. Адаптацыі відэагульняў калісьці былі непапулярнымі і рабіліся «‎на каленцы», але цяпер гэта значны сегмент кінаіндустрыі.‎‎

PALATNO расказвае пра фільмы і серыялы, якія перавярнулі прадстаўленне пра адаптацыі гульняў.

«Апошнія з нас‎» (The Last of Us)

Год: 2023-…

‎Цяпер экранізацыя постапакаліптычнай гульні «‎Апошнія з нас» лічацца адной з самых эталонных. ‎У адаптацыі ўдзельнічаў адзін са стваральнікаў гульні Ніл Дракман, а разам з ім працаваў стваральнік серыялу «‎Чарнобыль» Крэйг Мэйзін.‎ Дракман і Мэйзін стварылі сапраўды выдатную кінаадаптацыю відэагульні і задалі новую планку.

У серыяле расказваецца тая ж гісторыя, што і ў гульні. Падзеі адбываюцца ў свеце, у якім грыбковая інфекцыя ператварыла большасць людзей у агрэсіўных мутантаў. У гэтым свеце сустракаюцца Джоэл (Пэдра Паскаль) і дзяўчынка Элі (Бэла Рамсі). Джоэл павінен правезці Элі праз усе Злучаныя Штаты — з захаду на ўсход, бо дзяўчына можа быць ключом для выратавання чалавецтва.

Другі сезон выйдзе ў красавіку 2025 года.

«‎Аркэйн» (Arcane)

Год: 2021-2024

«‎Аркэйн»‎ заснаваны на сусвеце гульні League of Legends. У серыяла выйшла два сезона і яны атрымалі высокія адзнакі. Серыял падыходзіць нават для тых, хто зусім незнаёмы з сусветам гульні і нічога пра яе не ведае.

Гісторыя адбываецца ў гарадах — развітым Пілтоўэры і небяспечным Заўне. Гарады канкуруюць паміж сабой, асабліва пасля адкрыцця тэхналогіі, якая здатная кантраляваць магічную энергію. У цэнтры падзей — сястры Вай і Джынкс, чые лёсы раздзяліліся з-за трагедыі і канфлікту паміж багатымі і беднымі.

«‎Фалаўт» (Fallout)‎

Год: 2024-…

Серыял «‎Фалаўт» створаны на аднайменнай серыі відэагульняў.‎ Падзеі ў адаптацыі адбываюцца ў 2296 годзе, праз 200 гадоў пасля глабальнай ядзернай вайны, якая знішчыла большасць чалавецтва. Пасля вайны людзі жывуць у сховішчах, адна з гераінь — Люсі Маклін (Эла Парнэл) — жыве ў такім сховішчы. Люсі пакідае сховішча і сутыкаецца з небяспечным светам, бо хоча адшукаць бацьку. Па дарозе яна сустракае члена Братэрства Сталі Максімуса (Аран Мотэн) і мутанта Купера Говарда (Уолтан Гогінс).

Серыял атрымаў высокія ацэнкі ад крытыкаў, быў намінаваны на розныя кінапрэміі. Стваральнікі заявілі, што серыял атрымае працяг.

«Кастлванія‎»‎ (Castlevania)

Год: 2017-2021

Серыял створаны на аснове знакамітых гульняў Castlevania. У адаптацыі расказваецца пра апошняга прадстаўніка роду Бельмонтаў, Трэвара Бельмонта, які спрабуе спыніць графа Дракулу. Дракула пачаў вайну супраць чалавецтва пасля смерці жонкі. Бельмонту дапамагаюць чараўніца Сіфа Бельнадэс і сын Дракулы, Алукард.

Серыял паважаюць за моцную гісторыю, атмасферу гатычнага жаху і якасную анімацыю. Усяго выйшла чатыры сезоны, а ў 2023 годзе — працяг, які прысвечаны новаму пакаленню паляўнічых на вампіраў.

«‎Кіберпанк: Эйджранэры»‎‎ (Cyberpunk: Edgerunners)

Год: 2022

Серыял заснаваны на сусвеце гульні Cyberpunk 2077. Пасля выхаду мультсерыялу цікавасць да гульні значна ўзрасла.

Падзеі адбываюцца ў мегаполісе Найт Сіці, у якім магутныя тэхналагічныя карпарацыі змагаюцца за ўплыў у горадзе. Галоўны герой, Дэвід Марцінэс, пасля асабістай трагедыі вырашае стаць «‎эйджранэрам»‎ (ці проста — наймітам). Ён выкарыстоўвае тэхналогіі і прасунутыя мадыфікацыі, каб зарабіць грошы і выжыць у небяспечным сусвеце.

Вярнуцца ўгару