Now Reading
Шэсць парад, як святкаваць Новы год у адзіноце

Шэсць парад, як святкаваць Новы год у адзіноце

новы год у адзіноце, як правесці новы год аднаму

Большасць людзей сустракае Новы год у кампаніі сяброў ці ў сямейным коле. Гэтае свята асацыюецца з вечарынкамі і ўрачыстасцямі ў асяроддзі блізкіх людзей.

Але не заўсёды ўсё ідзе па плане, і па шэрагу прычын на святы можна застацца ў адзіноце. Аднак тое, што вы сустракаеце Новы год па-свойму, не азначае, што вам трэба пакутаваць.

Даём шэсць парад, як адсвяткаваць Новы год аднаму.

Перафармулюйце негатыўныя думкі

Некаторыя людзі на Новы год застаюцца ў адзіноце. Гэты час можна выкарыстаць як магчымасць паспрабаваць тэхніку кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі. Напрыклад, калі негатыўная думка ўсплывае ў вашай галаве, зафіксуйце яе, ацаніце, а затым перавярніце на нешта пазітыўнае: калі вы ў адзіноце на гэты Новы год, гэта не значыць, што ў наступным годзе будзе тое самае.

Калі вы адчуваеце сябе адзіным чалавекам на Зямлі, хто сустракае Новы год у адзіноце, то ведайце: многія людзі знаходзяцца ў такім самым становішчы.

Самарэфлексія

Апошні дзень у годзе — найлепшы дзень для самарэфлексіі. Быць аднаму дае ўнікальную магчымасць для сумленнага самааналізу, чаго немагчыма ўявіць, калі б вы знаходзіліся сярод людзей. Павіншуйце сябе са сваімі дасягненнямі — нягледзячы на тое, вялікімі ці маленькімі яны былі.

А яшчэ можна аддзячыць сабе падарункам на наступны год:

  • замоўце падарожжа;
  • купіце кнігу, пра якую даўна марылі;
  • замоўце дастаўку (маленькая радасць — таксама радасць).

А што рабіць, калі год быў не вельмі добрым? Падумайце, што пайшло не так, што было неспрыяльным і як можна палепшыць наступны год. Галоўнае памятаць, што ў кожнага чалавека бываюць няўдачы на шляху да пастаўленых мэт.

Час для рэзалюцый

Навагодняя ноч — выдатны час для прыняцця рашэнняў. Гэтыя рэзалюцыі могуць быць чым заўгодна: ад агульнага паляпшэння жыцця да вырашэння канкрэтных праблем. Кароткі, але рэалістычны спіс мэт будзе больш эфектыўным.

Можна скласці спіс у мабільным тэлефоне — і цягам года адзначаць, што вы выканалі. А можна павесіць аркуш паперы з вашымі мэтамі на лядоўню, каб кожны дзень назіраць, да чаго вы імкняцеся.

Кіно ці кнігі

Навагодні вечар можна правесці весела і аднаму: за праглядам святочных фільмаў ці за чытаннем кнігі. Выбар тут толькі за вамі.

Дарэчы, PALATNO дзялілася падборкай беларускамоўных фільмаў (яны, вядома, не святочныя, але дапамогуць правесці гэты вечар па-беларуску).

Дзякуй, лічбавае стагоддзе!

Калі ў святы вы засталіся ў адзіноце, то не забывайце, што на дварэ XXI стагоддзе. Вы можаце сазваніцца са сваімі сябрамі ці сваякамі праз Zoom ці мэсэнджары.

Вы можаце адсвяткаваць з імі Новы год у інтэрнэце альбо павіншаваць з надыходзячымі святамі і вярнуцца да ўласнага сольнага святкавання.

Проста ноч

Навагодняя ноч — гэта проста яшчэ адна ноч. Паспрабуйце прыняць гэты факт і заняцца звычайнымі справамі, ігнаруючы ажыятаж вакол свята. Вы можаце навесці парадак дома, прыгатаваць ежу па новым рэцэпце ці проста легчы спаць.

Калі вы проста не жадаеце святкаваць, не дазваляйце традыцыям уплываць на ваш выбар.

Вярнуцца ўгару