Чаму войны не заўсёды можна спыніць

сараеўскае забойства, забойства франца фердынанда, першая сусветная вайна, як пачалася першая сусветная

Дыпламатыя заўжды была інструментам для спынення крызісаў. Але дыпламаты не заўсёды дамагаліся свайго: мы ведаем гэта з гісторыі і нават бачым цяпер. Маштабныя войны здараліся, нягледзячы на спробы прадухіліць іх. Першая сусветная вайна — адзін з такіх прыкладаў. Яе шрамы засталіся і на Беларусі, хоць і былі перакрыты новымі — шрамамі Другой сусветнай вайны.

Чаму Першая сусветная вайна адбылася? Як цэлы месяц яе стараліся не дапусціць і чаму з гэтага нічога не атрымалася? Расказваем, што адбывалася ў гарачым ліпені 1914 года.

Сараеўскае забойства. Як агонь Першай сусветнай вайны разгарэўся на Балканах

Традыцыйна Балканы лічаць адной з гарачых кропак — з-за культурных, нацыянальных і рэлігійных асаблівасцей. Больш за сто гадоў таму балканскія канфлікты адбываліся з прамежкам у некалькі гадоў. Імперыі прыходзілі, захоплівалі і паглыналі балканскія краіны.

Адной з такіх краін была Боснія. Да 1878 года яна з’яўлялася асманскай правінцыяй, а затым яе акупіравалі войскі Аўстра-Венгерскай імперыі. Суседняя Сербія лічыла баснійскія тэрыторыі сваімі, таму ва ўяўленні сербскіх нацыяналістаў прыгнятальнікі асманы проста саступілі сваю ролю Аўстра-Венгерскай імперыі.

Становішча сербаў у Аўстра-Венгерскай імперыі тут мае агромністае значэнне. Сербскае пытанне было прыярытэтным і праблемным для імперыі. Шматлікія сербы жылі ў Аўстра-Венгрыі і былі яе грамадзянамі, але большасць з іх хацелі аб’яднацца з Сербіяй. Сербы абапіраліся на падтрымку Рускай праваслаўнай царквы — і былі не толькі нацыянальнай, але і рэлігійнай меншасцю.

У 1813 годзе Сербія самастойна здабыла незалежнасць, а падчас Балканскіх войнаў 1912-1913 гадоў авалодала яшчэ і дадатковымі тэрыторыямі. Сербы з Аўстра-Венгерскай імперыі зачаравана глядзелі ў бок Сербіі, а гэта вельмі не падабалася імперскім уладам: уступкі адной нацыі маглі прывесці да ўступак другой, што пагражала распаду самой імперыі.

сараеўскае забойства, забойства франца фердынанда, першая сусветная вайна, як пачалася першая сусветная
Мапа Еўропы ў 1914 годзе: бэжавым колерам пазначаны краіны Антанты, ружовым — Траісты саюз, зялены колер маюць краіны, што пажадалі быць нейтральнымі. Фота: vox.com

Летам 1914 года ў Босніі адбываліся вайсковыя манеўры. На іх прыехаў галоўны армейскі інспектар і пляменнік імператара Франца Ёсіфа эрцгерцаг Франц Фердынанд разам з жонкай. Некалькі дзён ён назіраў за вучэннямі, а 28 чэрвеня 1914 года выправіўся ў баснійскую сталіцу — Сараева. Гэты візіт быў непажаданым, і эрцгерцага папярэджвалі, што прыязджаць не варта. Тады палітычныя забойствы ўжо не былі рэдкасцю: фанатыкі забівалі і рускага цара, і аўстрыйскую імператрыцу, і нават амерыканскага прэзідэнта.

Аднак Франц Фердынанд не паслухаўся і прыехаў у Сараева ў дзень, калі сербы адзначалі нацыянальнае свята Відавдан. 28 чэрвеня 1389 года войскі князя Лазара прайгралі бітву турэцкаму султану Мураду. Ад таго дня сербы адлічвалі амаль пяцьсот гадоў свайго зняволення.

Днём 28 чэрвеня 1914 года Франц Фердынанд у калоне з шасці аўтамабіляў ехаў у рэзідэнцыю губернатара правінцыі ў Сараева. Пяцёра сербаў і адзін басніец чакалі пад’езду эрцгерцага — у калону машын кінулі бомбу, але яна адляцела і ўзарвалася каля вайскоўца ў іншым аўтамабілі. Калона не змяніла свайго маршруту.

На адным з паваротаў кіроўца машыны эрцгерцага замарудзіўся і спыніўся прама насупраць аднаго са змоўшчыкаў Гаўрылы Прынцыпа. Прынцып дастаў рэвальвер і пачаў страляць: жонка Франца Фердынанда загінула імгненна, а ён сам памёр ад раненняў праз дзесяць хвілін.

сараеўскае забойства, забойства франца фердынанда, першая сусветная вайна, як пачалася першая сусветная
Гаўрыла Прынцып у турме. Фота: Cassowary Colorizations, CC BY 2.0, via Wikimedia Commons

Гаўрылу Прынцыпа і іншых змоўшчыкаў арыштавалі. Следчыя хутка высветлілі, што яны прыехалі з Сербіі, там жа ім выдалі зброю і дапамаглі непрыкметна трапіць на тэрыторыю Аўстра-Венгерскай імперыі. Змоўшчыкі былі членамі таемнай арганізацыі «Чорная рука», якой кіраваў палкоўнік Генеральнага штаба Сербіі і начальнік сербскай разведкі Драгуцін Дзмітрыевіч. Дагэтуль застаецца невядомым, наколькі глыбока былі праінфармаваныя ў сербскім урадзе пра арганізацыю забойства эрцгерцага.

Змоўшчыкі прызналі сваю віну і ўказалі на вінаватых — Сербію. Ужо 2 ліпеня 1914 года ўрад Аўстрыйскай імперыі валодаў неабходнай колькасцю сведчанняў віны забойства Франца Фердынанда.

Месяц перамоў, дыпламатычных нот і чаканне вялікай вайны

Пасля забойства Франца Фердынанда мінуў тыдзень — і толькі тады міністр замежных спраў Леапольд фон Берхтольд вырашыў, што Сербіі трэба прад’явіць хоць штосьці. А перад гэтым заручыцца падтрымкай немцаў. Сістэма еўрапейскіх дамоўленасцяў аб узаемадапамозе падштурхнула ўвесь свет да грандыёзнай вайны: дзяржавы пралічвалі, з кім сябраваць, а з кім канфліктаваць.

Еўрапейскія краіны задоўга да пачатку Першай сусветнай вайны паспелі дамовіцца паміж сабой. Францыя — з Расіяй, калі на яе нападзе Германія. Вялікабрытанія заключыла дамову з Францыяй. Траісты саюз (Германія, Аўстра-Венгрыя і Італія) дамовіўся пра сумесныя дзеянні ў выпадку, калі хтосьці з іх будзе планаваць напад на іншую еўрапейскую краіну. Гэтыя дамоўленасці стрымлівалі аўстрыйцаў пасля забойства эрцгерцага, таму вайна пачалася далёка не адразу.

Асаблівы інтарэс у будучым канфлікце праяўлялі міністр замежных спраў Леапольд фон Бертхольд і начальнік Генеральнага штаба Аўстра-Венгрыі Конрад фон Гётцэндорф. Яны настойвалі на вайне, але іх планам памяшала сістэма ўладкавання імперыі — дуалізм. Аўстрыйскі імператар Франц Ёсіф быў супраць вайны, бо баяўся распаду імперыі. Прэм’ер-міністр Венгрыі Іштван Ціса баяўся перамен, якія можа прынесці вайна: у тым ліку, роўнасці для славян. Патрабавалася згода ўсіх бакоў.

Тым часам немцы пагадзіліся падтрымаць Аўстра-Венгрыю: гэта адбылося толькі 5 ліпеня, праз амаль два тыдні пасля забойства Франца Фердынанда.

Аднак немцы не рыхтаваліся да вялікай вайны, бо імператар Вільгельм паехаў адпачываць на нарвежскія фіёрды, а кіраўнік Генштаба і міністр ваенна-марскіх сіл таксама былі ў адпачынку.

сараеўскае забойства, забойства франца фердынанда, першая сусветная вайна, як пачалася першая сусветная
Іштван Ціса (з барадой і вусамі ў акулярах) з вайскоўцамі на фронце падчас Першай сусветнай вайны. Фота: Deutsch: K.u.k. Kriegspressequartier, Lichtbildstelle – Wien, Public domain, via Wikimedia Commons

7 ліпеня Савет міністраў Аўстра-Венгерскай імперыі абмеркаваў будучыя дзеянні. Замест мабілізацыі было вырашана накіраваць Сербіі дыпламатычную ноту з патрабаваннямі. У выпадку, калі сербы адхіляць ноту, то ім прад’явяць ультыматум. І вось калі яго праігнаруюць, то ў справу ўмяшаецца армія. Дыпламатычную ноту зацвердзілі толькі 19 ліпеня — праз тры тыдні пасля забойства эрцгерцага. Самае цікавае, што нават у той дзень яе не ўручылі. Справа ў тым, што прэзідэнт Францыі Раймон Пуанкарэ быў з візітам у Расіі. Аўстрыйцы баяліся, што ўручэнне дыпламатычнай ноты Сербіі да вяртання французскага прэзідэнта на радзіму можа паўплываць на падтрымку сербаў з боку Расіі і Францыі.

Сербы атрымалі ноту толькі 23 ліпеня. У ёй адзначалася, што Аўстра-Венгрыя не будзе анексіраваць сербскія тэрыторыі (гэты пункт праціснуў Ціса, які баяўся наплыву славян у імперыю). Аўстрыйскі ўрад патрабаваў публікацыі ў сербскіх газетах артыкулаў з асуджэннем сепаратызму ў Аўстра-Венгерскай імперыі. А самае галоўнае патрабаванне: арыштаваць, дапытаць і пакараць сербскіх афіцыйных асоб, што былі датычныя да забойства Франца Фердынанда, з удзелам аўстра-венгерскіх органаў. На адказ далі два дні.

сараеўскае забойства, забойства франца фердынанда, першая сусветная вайна, як пачалася першая сусветная
Французскі прэзідэнт Раймон Пуанкарэ разам з імператарам Мікалаем у Расіі. Фота: romanovempire.org

Сербы былі збянтэжаныя. Міністры хацелі параіцца з дыпламатамі іншых краін, але не было ў каго прасіць дапамогі. Расійскі пасол памёр на днях, брытанскі пасол захварэў, а французскі толькі што прыехаў на працу ў Белград. У дэпешах з Вялікабрытаніі і Францыі рэкамендавалі пайсці на ўступкі.

Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі лорд Эдвард Грэй звярнуўся да аўстрыйскага пасла ў Лондане з просьбай, каб урад яго краіны павялічыў тэрмін адказу на дыпламатычную ноту для сербаў. Грэй прасіў аб дапамозе і нямецкага калегу. Аднак аўстрыйскі пасол заявіў, што нота — гэта не ўльтыматум, нібыта нічога не здарыцца, калі сербы не паспеюць на яе адказаць.

сараеўскае забойства, забойства франца фердынанда, першая сусветная вайна, як пачалася першая сусветная
Лорд Эдвард Грэй. Фота: See page for author, Public domain, via Wikimedia Commons

Раніцай 25 ліпеня сербскія міністры вырашылі, што выканаюць усе патрабаванні акрамя аднаго: яны не дапусцяць, каб аўстра-венгерскія прадстаўнікі расследавалі справу аб забойстве эрцгерцага. Усё змяніла паведамленне, якое сербы атрымалі днём ад цара Мікалая — той быў гатовы падтрымаць Сербію ў вайне. Тэкст адказу на ноту перапісвалі дзясяткі разоў і фінальны варыянт зацвердзілі толькі за 15 хвілін да таго, як сыходзіў тэрмін. Сербія адхіліла амаль усе патрабаванні. Прэм’ер-міністр Сербіі Нікола Пашыч персанальна ўручыў адказ аўстрыйскаму паслу, а пасля гэтага пасольства ў поўным складзе выехала з Сербіі.

Наступілі два дні цішыні. У гэты час сербы правялі мабілізацыю, а рускія пачалі прызыў рэзервістаў на заходнюю мяжу. Германскі імператар працягваў адпачываць ля нарвежскіх фіёрдаў, а французскі прэзідэнт усё яшчэ вяртаўся ў Парыж з Расіі.

Большасць еўрапейскіх дыпламатаў лічылі, што вайну можна спыніць перамовамі, як гэта было ў 1909 і 1913 гадах. Брытанцы меркавалі, што рускія спыняцца дзякуючы перамовам з імі, Францыяй, Германіяй і Італіяй. Тады толькі пасол Вялікабрытаніі Джордж Б’юкэнэн і французскі пасол Жуль Камбон у Расіі адназначна ведалі — наперадзе будзе вайна. Яны папярэджвалі свае краіны пра гэта, але ніякіх дыпламатычных захадаў не прымалася.

26 ліпеня лорд Эдвард Грэй прапанаваў вырашыць крызісную сітуацыю на канферэнцыі. Але гэта была не адзіная прапанова аб перамовах, таму ўвагу ад канферэнцыі Грэя адцягвалі зусім іншыя рэчы. Рускія хацелі прамых перамоў з аўстрыйцамі, немцы запэўнівалі, што хочуць толькі міру.

сараеўскае забойства, забойства франца фердынанда, першая сусветная вайна, як пачалася першая сусветная
Тэлеграма ад урада Аўстра-Венгрыі да ўрада Сербіі аб аб’яўленні вайны. Фота: Austro-Hungarian government, Public domain, via Wikimedia Commons

Усе перамовы былі сарваныя Аўстрыяй, якая заявіла, што ўжо рыхтуецца аб’явіць вайну. І 28 ліпеня 1914 года Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі.

Пачатак вайны. Як руская мабілізацыя стала вырашальным фактарам

Аўстрыя намагалася як мага хутчэй пачаць баявыя дзеянні. Цікава, што на сербскім напрамку канцэнтравалася малая групоўка войскаў, а аснова знаходзілася ў кірунку Расіі. Расія пад маскіроўкай падрыхтоўкі мабілізацыі паспела падрыхтаваць амаль палову сваёй арміі да баявой гатоўнасці. Рускія военачальнікі не спяшаліся аб’яўляць адкрытую мабілізацыю, бо гэта б справакавала мабілізацыю ў Германіі — і дакладна б азначала пачатак маштабнай вайны.

«Рашэнне аб усеагульным прызыве было, магчыма, самым важным ва ўсёй гісторыі Расійскай імперыі. Яно цалкам знішчыла перспектыву прадухілення вялікай вайны ў Еўропе», — пісаў гісторык Луіджы Аберціні, які напісаў манументальнае даследаванне аб прычынах Першай сусветнай вайны.

сараеўскае забойства, забойства франца фердынанда, першая сусветная вайна, як пачалася першая сусветная
Рускі імператар Мікалай і кайзер Германіі Вільгельм. Фота: Richard White / flickr.com

Германскі імператар Вільгельм і рускі імператар Мікалай вялі перапіску, у якой таксама спрабавалі згладзіць вострыя пытанні паміж дзяржавамі. Мікалай прапанаваў абмеркаваць крызіс на Гаагскай канферэнцыі, але яна мусіла была адбыцца ў 1915 годзе. На што Вільгельм адказаў:

«Мяркую, што Расія цалкам магла бы застацца назіральнікам аўстра-сербскага канфлікту і не ўцягваць Еўропу ў самую жахлівую вайну, якую яна калі-небудзь бачыла».

Пасля гэтага паведамлення Мікалай спыніў усеагульную мабілізацыю, але толькі на два дні.

Немцы лічылі частковую мабілізацыю ў Расіі пагрозай, як і ўсеагульную, бо яна ўсё роўна давала рускім перавагу. Рускія асцерагаліся, што, калі не правядуць мабілізацыю, страцяць перавагу перад германскім войскам і свой уплыў на Балканах. Рашэнне прыняў імператар Мікалай. 31 ліпеня ў Расіі пачалася ўсеагульная мабілізацыя — гэта стала кульмінацыяй крызісу, які пачаўся з забойства эрцгерцага Франца Фердынанда.

сараеўскае забойства, забойства франца фердынанда, першая сусветная вайна, як пачалася першая сусветная
Натоўп у Берліне слухае, як нямецкі афіцэр чытае загад кайзера Вільгельма аб пачатку мабілізацыі ў 1914 годзе. Фота: See page for author, Public domain, via Wikimedia Commons

1 жніўня 1914 года Германія аб’явіла вайну Расіі. Аднак нават тады імператар Мікалай II лічыў, што вайну ўсё яшчэ можна было спыніць, але, вядома ж, вайскоўцы ўжо пачыналі разгортванне сіл. Брытанцы ўвесь час захоўвалі маўчанне і падштурхоўвалі іншыя дзяржавы да мірнага ўрэгулявання канфлікту.

Усё змянілася 3 жніўня, калі немцы аб’явілі вайну французам, а яшчэ праз два дні брытанцы — немцам. 6 жніўня Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Расіі — і толькі праз тыдзень брытанцы і французы аб’явілі вайну аўстрыйцам.

Аўстрыя жадала пакараць Сербію і больш нікога. Германія хацела дыпламатычнага поспеху, але не вайны. Расія таксама не збіралася ваяваць, але рускія не пралічылі, што падтрымка сербаў будзе азначаць маштабны еўрапейскі канфлікт. Дарэчы, пра саміх сербаў амаль на год усе забыліся. Да іх вайна прыйдзе толькі ў 1915 годзе — праз чатырнаццаць месяцаў пасля забойства Франца Фердынанда.

Першая вайна скончылася 11 лістапада 1918 года. Падчас Вялікай вайны загінулі каля 20 мільёнаў чалавек.

Вярнуцца ўгару