Пяць беларускіх страў: гатуем на адзін дзень

беларуска, беларуская ежа, беларуская кухня

Хочаце стварыць сабе дзень са стравамі беларускай кухні? Прапануем вам рэцэпты страў на цэлы дзень: ад поліўкі са свінінай да кісяля.

PALATNO расказвае пра пяць беларускіх страў.

Першае: поліўка беларуская

беларуская кухня, беларуская ежа, поліўка
Поліўка.

Інгрэдыенты: 50 г жытняга хлеба, 25 г сушаных грыбоў, 1 морква, 1 цыбуліна, 1 сталовая лыжка тлушчу, 1 ч. лыжка тамату-пюрэ, 1,2 л мяснога булёну, 0,5 шклянкі смятаны, соль.

Рэцэпт. Трэба загадзя замачыць грыбы, затым адварыць іх. Булён працадзіць праз тканіну, грыбы нашаткаваць. Жытні хлеб нарэзаць лустачкамі, падсушыць у духоўцы, змяльчыць і заліць невялікай колькасцю гарачага булёну — дачакацца, пакуль астыне. Пасля хлебную масу працерці праз сіта, змяшаць з рэштай мяснога булёну, уліць грыбны адвар. На тлушчы смажыць дробна парэзаныя моркву і цыбулю з таматным пюрэ, пасля пакласці ўсё ў агульны булён. Дадаць падрыхтаваныя грыбы, соль, варыць да 10 хвілін. Поліўку падаюць са смятанай.

Другое: свініна, тушаная з капустай

беларуская кухня, беларуская ежа, свініна з капускай
Свініна з капустай.

Інгрэдыенты: 500 г свініны, 1 кг капусты, 1 морква, 1 корань пятрушкі, 1 цыбуліна, 2 сталовыя лыжкі тамату-пюрэ, 1 сталовая лыжка воцату, 2 чайныя лыжкі цукру, 1,5 сталовыя лыжкі тлушчу, соль, лаўровы ліст, перац.

Рэцэпт. Свініну нарэзаць кавалачкамі, цыбулю — колцамі, свежую капусту, моркву, пятрушку нашаткаваць. Падрыхтаваныя прадукты, акрамя капусты, абсмажыць. Капусту злёгку перацерці з соллю. Усё скласці ў рондаль, дадаць таматнае пюрэ, воцат, перац, уліць каля шклянкі булёну або вады і тушыць на слабым агні да гатоўнасці прадуктаў. Затым пакласці цукар, соль, лаўровы ліст, уліць пасераваную і разведзеную булёнам або вадой муку, патрымаць на агні яшчэ 5 хвілін. Замест свежай капусты можна выкарыстаць кіслую. Тады не трэба класці воцат, а колькасць цукру павялічыць.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Зацірка, дранікі і селядец пад футрам. Як з’явіліся стравы беларускай кухні 

 

Беларуская кухня: мяса

 

Беларуская кухня: слодычы


Салат з буракоў і рэдзькі

беларуская кухня, беларуская ежа, беларускія салаты
Салат з буракамі і рэдзькай.

Інгрэдыенты: 2 буракі, 1 рэдзька, 1 цыбуліна, 4 сталовыя лыжкі алею, 2 чайныя лыжкі воцату, соль, перац.

Рэцэпт. Буракі зварыць, абабраць, нарэзаць саломкай. Ачышчаную рэдзьку змяльчыць на буйной тарцы, цыбулю нашаткаваць. Усё перамяшаць, дадаць соль, заліць запраўкай з алею, воцату і перцу.

Тварожныя «дзьмухаўцы»

беларуская кухня, беларуская ежа, беларускія слодычы
«Дзьмухаўцы».

Інгрэдыенты: 400 г тварагу, 2 яйкі, 0,5 шклянкі мукі, 3 сталовыя лыжкі цукру, 0,5 чайныя лыжкі соды, 200 г белага хлеба, 1 сталовая лыжка цукровай пудры або 100 г смятаны, соль, кулінарны тлушч для смажання.

Рэцэпт. У працёрты тварог дадаць яйкі, цукар, соль, соду, муку, усё старанна перамяшаць. З атрыманай масы сфармаваць шарыкі, укачаць іх у кубікі белага хлеба і смажыць у вялікай колькасці тлушчу да ўтварэння румянай скарынкі. Пры падачы на стол «дзьмухаўцы» пасыпаць цукровай пудрай або паліць смятанай.

Кісель з журавін

беларуская кухня, беларускія стравы, беларуская ежа, кісель
Кісель.

Інгрэдыенты: 250 г журавін, 6-8 сталовых лыжак цукру, 4-6 сталовых лыжак крухмалу.

Рэцэпт. Журавіны прамыць, працерці праз сіта і адціснуць сок. Затым заліць гарачай вадой, спатрэбіцца шэсць шклянак, давесці да кіпення і працадзіць. Частку адвару ахаладзіць, развесці ў ім крухмал. У адвар, які застаўся, пакласці цукар і закіпяціць яго, пасля ўліць у яго разведзены крухмал, адціснуты сок і давесці да кіпення. Гатовы кісель разліць у кубкі, пасыпаць цукровай пудрай, каб не ўтварылася плеўка, і ахаладзіць.

Вярнуцца ўгару