Бокс, футбол і баскетбол. Тры найвялікшыя саперніцтва ў гісторыі спорту

мухамед алі, джо фрэйзер, баксёры амерыкі

Спартыўныя спаборніцтвы заўсёды прыцягвалі ўвагу заўзятараў, бо яны часам станавіліся гістарычнымі момантамі ў спорце. У гэтай падборцы мы раскажам, як баксёры Мухамед Алі і Джо Фрэйзер вырашалі на рынгу, хто з іх лепш, а таксама пра вялікае спаборніцтва паміж «Рэалам‎» і «‎Барселонай», і пра не менш неверагоднае супрацьстаянне баскетбалістаў Мэджыка Джонсана і Лары Бёрда.

PALATNO расказвае, як спартсмены стваралі гісторыю: не толькі асабістую, але і найвялікшага саперніцтва.

Мухамед Алі супраць Джо Фрэйзера

мухамед алі і джо фрэйзер, вялікія баі ў боксе
Бой паміж Джо Фрэйзерам і Мухамедам Алі.

Від спорту: бокс

Перыяд: 1970-1975

Гэта саперніцтва ўвайшло ў гісторыю як адно з самых драматычных і значных у боксе. Іх першы бой адбыўся ў 1970 годзе, ён стаў вядомы пад назвай «‎Бой стагоддзя». Ён скончыўся перамогай Джо Фрэйзера, а Мухамед Алі атрымаў першае паражэнне ў сваёй кар’еры. Цікава, што па-за спартыўнай афарбоўкай бою была і іншая: у той час амерыканцы ваявалі ў В’етнаме — Алі не падтрымліваў вайну, а Фрэйзер выступаў за працяг вайсковых дзеянняў.

У далейшым баксёры сустракаліся на рынгу яшчэ два разы. Кожны з іх быў яшчэ больш напружаны і жорсткі, чым папярэдні. У баксёраў паміж сабой існаваў канфлікт не толькі на спартыўнай пляцоўцы, але і па-за яе межамі. На адкрыцці Алімпіяды ў Атланце ў 1996 годзе Мухамед Алі падпальваў алімпійскі агонь, а Фрэйзер увогуле сказаў, што падпаліць трэба яго былога саперніка.

Фінальны бой паміж баксёрамі адбыўся ў 1975 годзе, і ён вядомы пад назвай «‎Трылер у Маніле». Алі пазней казаў, што падчас бою «‎быў бліжэй да смерці, чым калі-небудзь». У тым матчы Мухамед Алі перамог і назаўсёды замацаваў за сабой тытул аднаго з найвялікшых баксёраў.

«‎Рэал Мадрыд» супраць «Барселоны‎»

барселона і рэал мадрыд, іспанскі футбол, футбалісты іспаніі
«‎Эль-Класіка» ў лістападзе 2010 года, калі «‎Барселона» разграміла «‎Рэал» з лікам 5:0.

Від спорту: футбол

Перыяд: працягваецца ад 1902 года

Супрацьстаянне клубаў «‎Рэал Мадрыда» і «‎Барселоны» — гэта не проста футбольнае саперніцтва, а культурная і палітычная з’ява ў Іспаніі. «‎Эль-Класіка» супрацьпастаўляе два найбуйнешых і самых паспяховых футбольных клуба Іспаніі. Гэтыя матчы часта суправаджаюцца драматычнымі момантамі, галамі сусветнага класу і ўдзелам найлепшых гульцоў свету (напрыклад, Ліянэля Мэсі і Крышціяну Раналду). Напружанне гэтага саперніцтва выходзіць далёка за рамкі футбольнага поля, ахоплівая рэгіянальныя і гістарычныя разнагалоссі паміж Мадрыдам і Каталоніяй.

Мэджык Джонсан супраць Лары Бёрда

Лары Бёрд і Мэджык Джонсан, амерыканскі баскетбол, нба, лос-анджэлес лэйкерс, бостан сэлтыкс
Лары Бёрд і Мэджык Джонсан.

Від спорту: баскетбол

Перыяд: 1979-1992 гады

Саперніцтва Мэджыка Джонсана і Лары Бёрда вызначыла эпоху ў НБА ў 1980-я гады. Яны ўпершыню згулялі супраць адзін аднаго ў фінале NCAA (студэнцкая спартыўная ліга) яшчэ ў 1979 годзе: тады Джонсан перамог Бёрда.

У НБА яны працягнулі сваё саперніцтва, і былі прадстаўнікамі найлепшых клубаў свайго часу — «‎Лос-Анджэлес Лэйкерс» з Джонсанам і «‎Бостан Сэлтыкс» з Бёрдам.

Супрацьстаянне Мэджыка і Бёрда ў фіналах Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі зрабіла іх не толькі зоркамі, а прыцягнула значную ўвагу да самой лігі. Яны таксама былі сімваламі розных стыляў гульні: Мэджыка Джонсана характарызавалі неверагоднай харызмай і творчым баскетбольным стылям, а Бёрд быў вядомы сваёй упэўненасцю і стрыманай гульнёй.

 

Вярнуцца ўгару