Вы чытаеце:
Чатыры жонкі Ягайлы. Як склаліся шлюбы апошняга паганскага князя ВКЛ

Чатыры жонкі Ягайлы. Як склаліся шлюбы апошняга паганскага князя ВКЛ

Ядвіга і Ягайла, шлюб Ядвігі і Ягайлы

Больш за 600 гадоў таму Ягайла быў каранаваны ў Польшчы. Яго жонкай стала польская каралева Ядвіга — яна стане не адзінай жанчынай у жыцці апошняга паганскага князя ВКЛ. Ядвіга і яшчэ дзве жонкі так і не змогуць нарадзіць Ягайлу нашчадкаў на каралеўскі сталец. Чацвёрты шлюб для караля стане паспяховым: у ім народзяцца два хлопчыкі — будучыя каралі, якія ўвойдуць і ў беларускую гісторыю.

PALATNO расказвае пра чатыры шлюбы Ягайлы.

Першая — каралева Польшчы, якая магла не стаць яго жонкай

Першая жонка Ягайлы, Ядвіга, належала да роду Анжуйскіх. Яна была каранаваная ў Польшчы, а планы на польскую каралеву былі не толькі ў ВКЛ. Ядвіга магла і не пабрацца шлюбам з Ягайлам, а ажаніцца з Вільгельмам Габсбургам. Праўда, у польскіх паноў было жаданне аб’яднаць дынастычным шлюбам Польшчу і Вялікае Княства Літоўскае.

18 лютага 1386 года Ядвіга і Ягайла вянчаліся, а 4 сакавіка Ягайлу каранавалі як польскага караля. Гісторыкі і даследчыкі дагэтуль не могуць дамовіцца, якім быў шлюб для абодвух — паспяховым ці наадварот няшчасным.

Гісторыя з няшчасным шлюбам звязана з усё тым жа Вільгельмам Габсбургам. Яны былі абяцаныя адзін аднаму яшчэ ў малым узросце. Калі Вільгельм прыехаў у Кракаў, каб ажаніцца з Ядвігай, яго бацька атрымаў спецыяльны дазвол ад епіскапа на арганізацыю шлюбнай ночы. У выніку, як вядома, Ядвіга не стала мець ніякіх зносін з Вільгельмам, і абрала Ягайлу. Пакрыўджаны Вільгельм вярнуўся дадому і пачаў расказваць сваю версію: у ёй ён усё ж прабраўся ў ложак да Ядвігі і правёў з ёй шмат начэй. Гісторыя разышлася так, што аўстрыйцы заявілі Папе Рымскаму, што Ядвіга павінна вярнуцца да свайго законнага мужа — Вільгельма. Вільгельм, аднак, не з’явіўся перад папскім трыбуналам і не паўтарыў абвінавачванняў.

У 1399 годзе Ядвіга нарадзіла дачку, якую назвалі Эльжбэтай Баніфацыяй. Дачка і жонка Ягайлы памерлі ў хуткім часе пасля гэтага. Так, Ягайла стаў упершыню, але не ў апошні раз, удаўцом.

Шлюб для ўмацавання ўлады. Другая жонка — сваячка Ядвігі

Па легендах, другую жонку знайшла для Ягайлы сама Ядвіга. Польская каралева перад смерцю нібыта сказала, што адзіным варыянтам для караля будзе вяселле з прадстаўніцай дынастыі Пястаў Ганнай Цылейскай. Ганна Цылейская была сваячкай Ядвігі.

Шлюб паміж Ганнай і Ягайлам хутка адбыўся. Летапісцы адзначалі, што Ягайла нібыта быў вельмі расчараваны, калі ўпершыню ўбачыў сваю новую жонку. Ягайлу падалося, што Ганна вельмі непрыгожая: за гэта ён моцна сварыў сваіх прадстаўнікоў, якія дамовіліся пра шлюб. Але і Ян Длугаш адзначаў, што сам Ягайла быў не надта прыгожы: лысы, з чорнымі і маленькімі вачыма, вялікімі вушамі.

Ганна Цылейская
Ганны Цылейская.

Пасля вяселля Ягайла адаслаў сваю новую жонку ў манастыр — каб вучыла польскую мову, бо тая ведала толькі нямецкую. Першае і адзінае дзіця ў пары з’явілася толькі праз сем гадоў пасля заключэння шлюбу.

У 1408 годзе ў Ганны і Ягайлы нарадзілася дачка, якую назвалі Ядвігай. Ягайла падазраваў, што дачка магла быць не ад яго, але ўсё ж прызнаў яе. І нават пачаў шукаць для яе выгадны шлюб. Аднак дзяўчына памерла да прыезду сватоў ці то ад невядомай хваробы, ці то была атручаная.

Шлюб Ганны і Ягайлы лічыцца няўдалым. Кароль часта вандраваў, а каралева выконвала толькі прадстаўнічыя функцыі, і ўвесь час знаходзілася наводдаль ад Ягайлы. Праз нейкі час Ганну пачалі падазраваць у нявернасці. Хадзілі чуткі, што яна мела пазашлюбныя сувязі з жаўнерамі і нават з арцыбіскупам. Чуткі так і заставаліся чуткамі: з яе здымалі ўсе абвінавачванні ў здрадах. Магчыма, што плёткі пра нявернасць пускала сама Ганна, каб Ягайла прыраўнаваў. Ягайла, які паходзіў з паганскага Вялікага Княства Літоўскага, меў больш шырокія ўяўленні пра адносіны, чым людзі ў каталіцкай Польшчы. Таму Ягайлу ніяк не закранала магчымая нявернасць Ганны. Тым больш Ганна так і не змагла нарадзіць каралю сына, які б наследаваў сталец.

У 1416 годзе Ганна Цылейская памерла ад хваробы, якая развівалася ў яе напрацягу года. А яшчэ праз год Ягайла абраў для сябе новую жанчыну.

«Хітрасцю і хлуснёй злавіла льва». «Дзіўны» шлюб з Граноўскай

40-гадовую Эльжбэту Граноўскую ў жонкі Ягайла абраў сабе сам. Эльжбэта паходзіла са знатнага роду, яе бацька і яго браты былі дарадцамі польскага караля Казіміра Вялікага. Пасля смерці свайго бацькі Эльжбэта стала адной з самых багатых людзей у каралеўстве, і таму да яе праяўлялі зацікаўленасць многія заможныя мужчыны.

Сярод астатніх жонак польскага караля ў гэтай была неадназначная рэпутацыя і вельмі цікавая біяграфія. Да Ягайлы Эльжбэта была тройчы замужам. Першы шлюб для Эльжбэты пачаўся з выкрадання ў Сілезію: там яе будучы муж Вісэл згвалтаваў яе, таму ёй не заставалася нічога, як пагадзіцца на шлюб. Праз некалькі гадоў Эльжбэту і яе маці вызвалілі з палону — Ян з Ічына прывёз іх у Польшчу. Вісэл накіраваўся за сваёй жонкай, але Ян забіў таго ў Кракаве. Другі шлюб Эльжбэта заключыла з Янам, які выратаваў яе ад Вісэла. Разам яны пражылі некалькі гадоў, у хуткім часе мужчына памёр. Трэцім мужам быў Вінцэнт Граноўскі, у іх нарадзілася пяцёра дзяцей. Шлюб скончыўся таксама хутка, як і ўсе папярэднія. Граноўскага атруцілі — магчыма, па загадзе тэўтонцаў.

Эльжбэта Граноўская
Эльжбэта Граноўская.

Невядома, калі Ягайла і Эльжбэта ўпершыню сустрэліся. Вядома, што праз год пасля смерці Ганны Цылейскай яны сустракаліся некалькі разоў і закахаліся. Дарадцы Ягайлы былі супраць, а арцыбіскуп гнезненскі нават адмовіўся вянчаць пару, а потым праводзіць каранацыю Эльжбэты (гэтым заняўся арцыбіскуп львоўскі).

Каралеўскі падканцлер Станіслаў Цёлэк так выказваўся пра трэці шлюб Ягайлы: «… смуродная свінаматка, змучаная шматлікімі родамі, якая злавіла хітрасцю і хлуснёй льва, і ўступіла з ім у шлюб». Адносіны падданых караля да новай каралевы былі кепскімі, усё раілі не заключаць гэты шлюб. За пасквіль Станіслава Цёлэка выгналі з каралеўскага замку — туды ён яшчэ вернецца, але ўжо пасля смерці Граноўскай.

Шлюб з Эльжбэтай працягнуўся ўсяго некалькі гадоў. Граноўская памерла ў 1420 годзе ад хваробы лёгкіх. У шлюбе з Ягайлам у іх не было дзяцей.

Маці польскіх каралёў. Шлюб з Соф’яй Гальшанскай з ВКЛ

Апошні шлюб Ягайлы быў з Соф’яй Гальшанскай, якая  паходзіла з Вялікага Княства Літоўскага — з роду Гальшанскіх. Ёй было ўсяго 17 гадоў, а яму — за 60. Паміж Ягайлам і Соф’яй былі добрыя адносіны. Яны маглі размаўляць на адной і той жа мове — і гэта была, вядома, не толькі польская.

У шлюбе ў іх нарадзілася трое сыноў — Уладзіслаў і Казімір (трэці — таксама Казімір — памёр яшчэ немаўлём).

Соф’ю, як і ўсіх жонак Ягайлы, абвінавачвалі ў здрадзе — і з іх усіх здымалі абвінавачванні. Соф’ю пачалі падазраваць у здрадзе пасля нараджэння трэцяга сына.

Соф'я Гальшанская
Соф’я Гальшанская.

Ягайла памёр у 1434 годзе пасля таго, як правёў на паляванні ў лёгкай вопратцы ноч. Ён так і не змог вылечыцца і ў хуткасці памёр. Так, Соф’я Гальшанская перажыла свайго мужа і яшчэ свайго сына Уладзіслава. Каралеўствам у той час кіравала рэгенцкая рада, але і Гальшанская ўплывала на палітычныя рашэнні.

Соф’я памерла ва ўзросце 56 гадоў: з’ела так шмат дынь, што атруцілася. Каралеву спрабавалі лячыць, але яна адмаўлялася ад лекаў.

Вярнуцца ўгару