Натхненне

Фільмы з Манро і Брандо, «Оскары» за працу. Гісторыі пяці яўрэяў з беларускімі каранямі, якія зрабілі кар’еру ў Галівудзе


Фільмы з Манро і Брандо, «Оскары» за працу. Гісторыі пяці яўрэяў з беларускімі каранямі, якія зрабілі кар’еру ў Галівудзе

Мы ведаем, што Галівуд неад’емна звязаны з Каліфорніяй і Лос-Анджэлесам, але кінагісторыя часта вядзе зусім у розныя куткі нашай планеты. Часам — у беларускія гарады і мястэчкі. Некаторыя эмігранты, ураджэнцы беларускіх зямель, пакінулі значны след у амерыканскім кіно. Хтосьці кідаў юрыдычную кар’еру дзеля нямога кіно, хтосьці атрымліваў першыя «Оскары», а хтосьці змог даць Галівуду кінадынастыю.

PALATNO расказвае пра пяць кінематаграфістаў у Галівудзе з беларускімі каранямі.

Адзін з аўтараў амерыканскага нямога кіно

Аўрам С. Шомер нарадзіўся ў 1876 годзе ў Пінску, які тады ўваходзіў у склад Расійскай імперыі. Ён вырас у яўрэйскім асяроддзі, і як большасць яўрэяў з Усходняй Еўропы спрабавалі знайсці шчасце ў іншым месцы, а не на радзіме. Так Шомер трапіў у Злучаныя Штаты Амерыкі. У эміграцыі ў Амерыцы ён змог атрымаць юрыдычную адукацыю і працаваў адвакатам у Нью-Ёрку. Асабліва Шомер займаўся іміграцыйным правам.

У 1915 годзе ён зрабіў даволі радыкальны крок, які змяніў яго далейшае жыццё і кар’еру. Шомер адмовіўся ад юрыдычнай практыкі і заняўся кінематографам. Ён зрабіў гэта ў час, калі амерыканскае кіно яшчэ не было вялікай індустрыяй з поўнаметражнымі фільмамі і прафесійнымі рэжысёрамі ды акцёрамі. Гэта быў час нямога кіно, а Шомер, пераўтварыўшыся ў пісьменніка, выдатна трапіў у яго.

Аўрам С. Шомер, беларускі галівуд, беларусы ў галівудзе, беларусы ў амерыканскім кіно, беларускія яўрэі ў галівудзе
Аўрам С. Шомер.

Спачатку Шомер паспрабаваў сябе ў якасці сцэнарыста, а з часам знайшоўся як рэжысёр. Ён належаў да аднаго з ранніх пакаленняў прафесійных пісьменнікаў, якія прыйшлі ў кіно з літаратуры і тэатра. І Шомер дакладна трапіў у свой час, бо тады кінаіндустрыі патрэбны былі аўтары, здольныя будаваць драматургію для ўсё больш працяглых карцін.

Найбольш знакамітыя кінапрацы Шомера — Ruling Passions, The Hidden Light і The Chamber Mystery.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Шэсць акцёраў, якія скаралі Галівуд, а вы не ведалі, што яны родам з Беларусі

 

Беларускі Галівуд: расказваем пра сусветнавядомых зорак кіно з беларускімі каранямі

 

Акцёр з Гродна, агент «СПЕКТР» з Беларусі, Мінск у мабільнай гульні. Правяраем, ці ёсць беларускі след у Бандыяне


Ён дапамог ствараць мову Галівуда

Бэн Хехт належаў да першага амерыканскага пакалення сям’і: нарадзіўся ў Нью-Ёрку ў 1894 годзе. Яго бацькі, Джо і Сара Хехты, былі эмігрантамі з Мінска.

Першымі крокамі для Хехта стала журналістыка, а не кінематограф. Ён стаў рэпарцёрам у Чыкага і апісваў там гарадское жыццё: забойствы, суды, вулічныя здарэнні. Калі Галівуду спатрэбіліся прафесійныя аўтары, то Хехт з яго журналісцкім досведам аказаўся амаль ідэальным чалавекам.

У 1927 годзе ён напісаў гісторыю для фільма Underworld — знакавай для амерыканскага кінематографа стужкі, якая пасля дапамагла сфарміраваць класічны гангстарскі фільм. За гэту працу Хехт атрымаў «Оскара» за найлепшую арыгінальную гісторыю на першай цырымоніі прэміі ў гісторыі.

Бэн Хехт, беларускі галівуд, беларусы ў галівудзе, беларусы ў амерыканскім кіно, беларускія яўрэі ў галівудзе
Бэн Хехт.

Пазней Хехт працаваў над вялікай колькасцю фільмаў. У 1946 годзе ён разам з Альфрэдам Хітчкокам стварыў стужку Notorious («Сумна вядомы»), за якую быў намінаваны на «Оскар» за арыгінальны сцэнарый.

Бэн Хехт быў адным з тых людзей, якія фактычна вучылі Галівуд як павінна гучаць кіно. Ён прынёс туды хуткія дыялогі, журналісцкую лаканічнасць, цынічны гумар і гарадскі слэнг. Яго стыль асабліва моцна паўплываў на гангстарскае кіно і пазнейшыя нуарныя фільмы.

Пачынальнік галівудскай дынастыі

Генры Эфран нарадзіўся ў 1911 годзе ў Нью-Ёрку. Яго бацька, Ісаак Эфран, быў яўрэйскім эмігрантам з Гродна, а маці, Гусі Вайнштэйн, прыехала ў ЗША са Скідзеля.

У амерыканскае кіно Эфран прыйшоў у 1940-я гады. Часцяком працаваў разам з жонкай Фібі Эфран. Разам пісалі п’есы і сцэнарыі, а пазней сталі лічыцца адной з самай знакамітых пар-сцэнырстаў Галівуда. Вотчынай Эфранаў сталі вялікія студыйныя музычныя і рамантычныя кінакарціны 1950-х гадоў. Адной з самых яркіх работ стаў фільм There’s No Business Like Show Business («Няма найлепшага бізнеса, чым шоў-бізнес») з Мэрылін Манро ў галоўнай ролі.

Генры Эфран, беларускі галівуд, беларусы ў галівудзе, беларусы ў амерыканскім кіно, беларускія яўрэі ў галівудзе
Генры Эфран.

Генры Эфран быў аўтарам, здольным адаптаваць тэатральны матэрыял для экрана, пабудаваць у карціне лёгкія дыялогі і злучаць у іх музыку.

У гісторыі Генры ёсць цікавы працяг. У яго і Фібі былі чатыры дачкі: Нора, Дэлія, Хэлі і Эмі. Усе яны сталі пісьменніцамі. Самай выбітнай з іх стала Нора Эфран. Яна працавала над культавымі фільмамі When Harry Met Sally, Sleepless in Seattle, You’ve Got Mail.

Рэжысёр, які стаяў ля вытокаў яўрэйскага кіно

Аляксандр Аркатаў нарадзіўся ў 1890 годзе ў Рэчыцы. Яго гісторыя адрозніваецца ад астатніх героеў, бо ён стаў кінематаграфістам яшчэ да пераезду ў Злучаныя Штаты Амерыкі.

Спачатку Аркатаў працаваў журналістам і кінакрытыкам. У 1910 годзе ўдзельнічаў у стварэнні фільма L’Chaim, у якой расказвалася пра жыццё яўрэяў у мястэчку. Пазней Аркатаў становіцца рэжысёрам сам.

Аляксандр Аркатаў, беларускі галівуд, беларусы ў галівудзе, беларусы ў амерыканскім кіно, беларускія яўрэі ў галівудзе
Аляксандр Аркатаў.

Ён здымаў фільмы паводле яўрэйскай літаратуры, у цэнтры яго кінакарцін — яўрэі, антысемітызм, іх праблемы ў Расійскай імперыі. Адным з галоўных укладаў у сусветны кінематограф Аркатава было тое, што ён прадэмантраваў, што кіно можа паказаваць не толькі ўніверсальныя меладрамы ці гістарычныя эпапеі, а яно можа расказваць гісторыю канкрэтнай супольнасці на яе ўласным матэрыяле.

Аркатаў быў адным з піянераў экраннага адлюстравання яўрэйскага жыцця Усходняй Еўропы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ён пакінуў былую Расійскую імперыію, а ў 1920-я гады асеў у Амерыцы.

У яго не атрымалася зрабіць вялікую галівудскую кар’еру. Падчас Другой сусветнай вайны ён працаваў нават над адукацыйнымі фільмамі для амерыканскіх вайскоўцаў.

Сын ураджэнца Гродна, які атрымаў «Оскар» за аператарскую працу

Барыс Каўфман нарадзіўся ў 1906 годзе ў Беластоку, аднак яго сямейная гісторыя была непасрэдна звязана з Гродна: яго бацька, Абель Каўфман, паходзіў адтуль. Сям’я Каўфманаў дала сусветнаму кіно адразу трох выбітных кінематаграфістаў.

Старэйшы брат Барыса, Давід Каўфман, стаў вядомы пад імем Дзіга Вертаў. Ён лічыцца адным з галоўных эксперыментатараў і тэарэтыкаў дакументальнага кіно мінулага стагоддзя. Іншы брат, Міхаіл Каўфман, таксама стаў рэжысёрам і аператарам.

Барыс Каўфман, беларускі галівуд, беларусы ў галівудзе, беларусы ў амерыканскім кіно, беларускія яўрэі ў галівудзе
Барыс Каўфман.

Жыццё раскідала братоў па розных краінах. Барыс аказаўся ў Францыі і стаў аператарам французскага рэжысёра Жана Віго. У перадваенныя гады Каўфман пераехаў у ЗША, і менавіта там пачалася яго другая вялікая частка кар’ера.

У 1954 годзе рэжысёр Элія Казан запрасіў здымаць On the Waterfront з Марланам Брандо. Гэта быў першы поўнаметражны фільм у ЗША для Каўфмана, у якім той працаваў галоўным аператарам. Здымкі праходзілі не ў павільёнах Галівуда, а на рэальных вуліцах і прычалах Нью-Ёрка. Працу Каўфмана высока ацанілі, таму ён атрымаў «Оскар» за найлепшую аператарскую працу.

Яшчэ адной значнай працай у кар’еры Каўфмана стала карціна 12 Angry Men («12 раз’юшаных мужчын») з рэжысёрам Сідні Люметам. Амаль усё кіно адбываецца ў адным пакоі, дзе дванаццаць прысяжных абмяркоўваюць вінаватасць падсуднага. Люмет і Каўфман пабудавалі візуальную сістэму фільма так, каб камера сама перадавала рост напружання.