У XIX стагоддзі на беларускіх землях манахі і манахіні варылі піва, куплялі ром і атрымлівалі грошы з корчмаў. Алкаголь быў часткай штодзённага харчавання, нагодай аб’яднацца супраць падаткаў і прычынай скандалаў.
PALATNO расказвае пра гэты цікавы бок гісторыі.
Чаму ў пост пілі піва?
Да 1860-х гадоў піва стала лідарам сярод алкагольных напояў у кляштарах паводле аб’ёмаў спажывання. У кляштарных рахунках сустракаюцца розныя віды: лёгкае, дубальтовае, нямецкае, сакавіцкае, портэр. Піва было не толькі для піцця, яго выкарыстоўвалі ў складзе страў: напрыклад, піўных супоў.
Падчас пастоў спажыванне піва павялічвалася. Даследчыца Раіса Зянюк тлумачыць гэта тым, што на фоне больш сціплага харчавання важнай была каларыйнасць напою. Лічылася, што напоі, у тым ліку алкагольныя, не парушаюць правілаў посту.
Манаскае асяроддзе не было адарваным ад грамадства. Традыцыі харчавання вызначаліся ордэнскімі правіламі, звычаямі рэгіёна і паходжаннем саміх манахаў.
Разам з півам ужывалі пітны мёд, віно ды гарэлку. Часамі на стале быў ром і арак. Трэба мець на ўвазе, што віно куплялі не толькі, каб паставіць яго на стол, бо яно выкарыстоўвалася ў набажэнствах.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
«Дзе чарка, там і сварка». 14 беларускіх прыказак пра алкаголь
Як па-беларуску размаўляць пра алкаголь?
«Гарэлка», «гарэліца», «гарэлае віно»… Моцны алкаголь у нашай гісторыі
Бровар ля кляштара і піўныя нататкі ў календары
Кляштары нярэдка ўтрымлівалі бровары, каб забяспечыць сябе напоямі. Кляштары знаходзіліся непасрэдна пры манастыры ці ў яго фальварках.
У 1818 годзе цыстэркі ў Кімбараўцы ля Мазыра мелі пры кляштары піваварнае абсталяванне і дванаццаць піўных бочак. У фальварку гэтай жа супольнасці выраблялі перадусім гарэлку, а ўжо потым піва.
Апісанне бровара бенедыкціянак у Гарадзішчы за 1829 год дазваляе ўявіць асобны гаспадарчы будынак: мураваныя сцены, дахоўка, комін. Для півавара была вылучаная хата. Побач знаходзіўся склад начыння, перад броварам — студня.
Калі сваёй вытворчасці алкаголю не было ці яна не забяспечвала патрэбнага асартыменту, то алкаголь куплялі.
Пра месца напояў у побыце сведчыць незвычайная крыніца — літургічны каляндар кармелітаў на 1791 год. Паводле ўскосных звестак, ён мог належыць гродзенскаму кляштару. Каляндар прызначаўся для набажэнстваў, але на палях занатоўвалі гаспадарчыя падзеі: калі пачалі маладое піва, калі — гарэлку, калі прывезлі чарговую партыю.

Як манахі адстаялі права варыць піва
У 1819 годзе настаяцелі гродзенскіх кляштараў выступілі супольна з агульнай прэтэнзіяй — з іх патрабавалі падатак за піва, якое яны варылі для сябе. Манаскія супольнасці палічылі гэта несправядлівым, а іх кіраўнікі падпісалі сумесны зварот з просьбай вызваліць кляштары ад выплаты. Новыя патрабаванні ў ім характаразавалі без дыпламатычных агаварок: «зусім неразумна».
Гродзенскі пратэст не быў адзіным выпадкам, калі манаская супольнасць абараняла піваварныя традыцыі перад уладамі.
Пасля ўвядзення акцызнай сістэмы ў 1863 годзе пад увагу чыноўнікаў трапіў бровар бернардынцаў у Крэтызне (тэрыторыя сучаснай Літвы). Праверка заспела вытворчасць у працы: пад катлом гарэў агонь, варылася сусла, у чане знаходзіўся солад. Справа разгортвалася на фоне Паўстання, таму расійскія ўлады лічылі каталіцкія кляштары палітычна ненадзейнымі, а ў рапарце акцызнага кіраўніцтва піваварэнне звязалі з гэтай падазронасцю. Камісія сцвярджала, што піва прызначалася для продажу і паставак паўстанцам. З бернардынцаў прапанавалі спагнаць амаль 16 тысяч рублёў і канфіскаваць запасы. Разбіральніцтва скончылася толькі ў 1869 годзе: міністэрства фінансаў скасавала штраф і дазволіла манахам варыць піва далей.
Ром для гасцей і грошы ад корчмаў
На святочным стале маглі з’яўляцца больш дарагія і мацнейшыя напоі. Якасны алкаголь захоўвалі ў келлі настаяцеля, каб пачаставаць важных гасцей.
У рахунках бялыніцкіх кармелітаў за 1832 год асобна пазначаныя шэсць бутэлек портэру для гасцей. У той жа кнізе маецца пазнака з 16 бутэлькамі французскага віна і шасцю бутэлькамі рому.
Алкаголь быў прыкметным артыкулам выдаткаў. Аршанскія трынітарыі ў 1826 годзе — супольнасць з дзесяці чалавек — выдавалі на віно, мёд, гарэлку і піва для кляштарнага спажывання 400 рублёў у год. На бібліятэку прызначалі 32 рублі, на аптэку — 81, на іншыя касцельныя патрэбы — 337 рублёў.
Разам з тым кляштары зараблялі на алкагольных напоях. Напрыклад, княжыцкія дамініканцы мелі тры карчмы, якія разам прыносілі 870 рублёў арэнднага даходу ў год. А ў 1840 годзе гродзенскія бернардынкі прадалі больш алкаголю, чым купілі.

Як алкаголь разбураў жыццё супольнасці
Алкаголь быў часткай паўсядзённасці, але не любыя паводзіны пасля яго ўжыванню лічыліся дапушчальнымі.
У 1833 годзе слонімскі гараднічы дакладваў губернатару пра становішча ў кляштары рэгулярных латэранскіх канонікаў. Паводле яго рапарта, некаторых святароў бачылі нецвярозымі ў шынках, дзе здараліся сваркі і бойкі. Непасрэднай нагодай для ўмяшання стаў выпадак з ксяндзом Кучэўскім, які збіў наведніка кляштара. Святара змясцілі на гаўпвахту, але неўзабаве чыноўнік даслаў дадатковы рапарт: Кучэўскі знайшоў магчымасць напіцца і там.
Своеасаблівы спосаб рэагавання на п’янства быў у базыльянаў. У 1878 годзе ў Быцені склалі дакумент, які прадпісваў публічнае выбачэнне. Манах мусіў укленчыць у сталовай перад братамі і тройчы папрасіць прабачэння за п’янства і нястрыманасць.
Адным са спосабаў барацьбы з п’янствам было накіраванне святара ў іншы кляштар пад нагляд настаяцеля. У XIX стагоддзі расійскія ўлады выкарыстоўвалі каталіцкія кляштары як месцы прымусовага знаходжання духавенства. Туды адпраўлялі за палітычныя выступленні, удзел у паўстаннях, а таксама за п’янства. Пры гэтым кляштары не мелі ні дастатковых рэсурсаў, ні ўстойлівай практыкі прымусовага абмежавання людзей, таму святару маглі забараніць слухаць споведзі, але не забараніць хадзіць у карчму.
Так адбылося з Клеменсам Мікуцкім, якога ў 1841 годзе накіравалі ў забельскі дамініканскі кляштар. Паводле настаяцеля, ён штодня выходзіў у карчму, потым пачаў заставацца там начаваць і двойчы ўцякаў з манастыра. Перавод у іншы кляштар таксама не вырашыў праблему.
