Яго імя захавалася ў абрадах, песнях і нават святочнай страве. Аўсеня звязвалі з Калядамі, але ўсё сведчыць пра тое, што ён увасабляў прыход вясны.
PALATNO расказвае пра Аўсеня.
Змест
Культ Аўсеня мог існаваць на беларускіх землях
Аўсень з’яўляецца персанажам усходнеславянскай міфалогіі. Перш за ўсё, яго звязвалі са святкаваннем Новага года. Верагодна, першапачаткова ўрачыстасці, звязаныя з Аўсенем, адбываліся 1 сакавіка. Менавіта ў гэты дзень у старажытнасці традыцыйна пачынаўся год. Толькі пазней абрады былі перанесены на зімовы калядны перыяд.
Цікава, што на ўсходзе Беларусі — на Смаленшчыне і Браншчыне — была вядома рытуальная страва з назвай «аўсень». Страву гатавалі ў выглядзе свіной галавы, якую запякалі ў цесце. Свіння ў індаеўрапейскай традыцыі часта асацыявалася з дастаткам і пладавітасцю, а круглая форма выпечкі — з сонцам. Гэта быў выразны сімвал і знак урадлівасці.
Хутчэй за ўсё, культ Аўсеня існаваў і на беларускіх землях, нават калі яго вобраз не захаваўся ў поўнай форме.
Балцкі след у гісторыі Аўсеня
Арэал распаўсюджванняў міфаў пра Аўсеня амаль супадае з тэрыторыяй былога балцкага рассялення. Таму натуральным чынам з’явілася тэорыя пра сувязь Аўсеня з латышскім бажаством Усыньшам.
Даследчыкі схіляюцца да думкі, што гаворка ідзе не прамую роднасць Аўсеня і Усыньша, а пра агульны старажытны субстрат — магчыма, латгальскага паходжання. То бок, абодва багі могуць быць спадчынай яшчэ больш старажытнай традыцыі.
Дарэчы, Усыньш у латышскай традыцыі з’яўляецца апякуном коней і веснавой працы, што падобна да Аўсеня.
Этымалагічна імя Аўсеня суадносіцца з індаеўрапейскімі багамі: літоўская Аўра, старажытнаіндыйская Ушас, рымская Аўрора, грэчаская Эас, славянская Вясна.
Аўсень і яго сувязь з коньмі
Аўсеня і Усыньша звязваюць з коньмі. Конь у індаеўрапейскай культуры быў сімвалам сонца, руху часу і ўлады.
На беларускіх землях функцыі Аўсеня маглі быць паступова перададзены іншым персанажам. Найбольш відавочны — святы Юр’я. Яго свята суправаджалася пастушымі абрадамі, а ў валачобных песнях гучала формула: «Я каня маю і Юр’ю знаю».
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Кумяльган і Вазіла: як у беларускай міфалогіі з’явіліся конепадобныя нячысцікі
Аўсеня таксама звязвалі з Вазілай (ён быў апякуном коней і пастухоў) і Кумяльганам (шкоднікам і злым духам). Абодва мелі напаўчалавечыя, напаўконскія рысы. Такая парнасць нагадвала дваістасць Усыньша ў латышскай традыцыі і меркаваную дваістасць самаго Аўсеня.
Нягледзячы на шматлікія паралелі, вобраз беларускага Аўсеня застаецца фрагментарным. Вядомы толькі асобныя рысы: сувязь з вясной, новым годам, урадлівасцю, коньмі і сімволікай сонца.
