Некаторыя гісторыі не захоўваюцца ў хроніках ці паданнях. Некаторыя гісторыі застаюцца часткай крымінальных спраў. Як на гучныя крымінальныя справы рэагавала прававая сістэма Вялікага Княства Літоўскага? Як працавалі следчыя і ці былі яны ўвогуле?
PALATNO расказвае пра пяць крымінальных выпадкаў, што адбыліся ў ВКЛ.
Змест
Катаваў селяніна агнём
У 1582 годзе ў Мінскі гродскі суд паскардзіліся на выкраданне і катаванне. Зварот накіравалі падстарасту мінскаму Яну Войне Епімаху, то бок фактычна мясцоваму прадстаўніку дзяржаўнай улады і суддзі першай інстанцыі. Скаргу падаў шляхціч Андрэй Барысавіч з Грэбеня праз яшчэ аднаго чыноўніка.
Паводле заявы, у маі 1582 года шляхціч Фёдар Шалуха (ён неаднаразова будзе фігураваць у справаздачах суда па іншых справах) па невядомых прычынах выкраў падданага Андрэя Барысавіча, Шымку Трумпіча. Трумпіча катаваў асабіста Шалуха: у тым ліку, паліў агнём. Аднак селянін нічога не сказаў, хаця невядома, што Шалуха спрабаваў высветліць. Па словах заяўніка Андрэя Барысавіча, невядома таксама і тое, ці застаўся ўжывых Трумпіч.
Акрамя выкрадання і фізічнага гвалту, заяўнік паскардзіўся і на рабаванне. Высветлілася, што Шалуха забраў у селяніна тры копы грошай, верхняе адзенне і шапку.
Андрэй Барысавіч прасіў ва ўрадоўца, каб ён выдаў вознага, то бок судовага выканаўцу, які павінен быў выехаць на месца здарэнне і зафіксаваць факты гвалту, апытаць сведак і запусціць судовую працэдуру.
Забіў служанку і спрабаваў скрасці яе цела
У тым жа 1582 годзе да таго ж Яна Войны Епімаха паступіла іншая скарга. Яна тычылася забойства маладой жанчыны і няўдалай спробы скрасці яе цела. Зварот падаў Станіслаў Салагуб ад імя свайго брата Мікалая Салагуба. Справа палягала ў тым, што слуга Мікалая Салагуба па прозвішчы Крыжаноўскі смяротна параніў стрэлам служанку Ганну івянецкага войта Станіслава Разбіцкага. Ганна хутка памерла пасля атрыманай траўны.
Гісторыя на гэтым не скончылася. Калі Крыжаноўскі даведаўся пра смерць Ганны, то разам з іншымі асобамі прыйшоў у дом івянецкага войта, дзе знаходзілася цела забітай, і спрабаваў сілай забраць яго. Мужчыны пачалі выбіваць вароты, а калі гэта не ўдалося, то разбурылі плот, уварваліся ў двор і дом.
З яшчэ адной скаргі, якая датычылася пагрому ў доме івянецкага войта, знаходзяцца і іншыя падрабязнасці. Падчас пагрому Крыжаноўскім была збітая і параненая жонка войта, а таксама пацярпела іх дачка, а прыёмнага сына ўвогуле планавалі забіць (гэта не атрымалася зрабіць). Менавіта падчас першага пагрому і была забіта служанка Ганна, якая пражыла пасля цяжкага ранення тры дні, але ўсё ж сканала. Пазней судовы возны зафіксаваў, што куля трапіла жанчыне ў жывот ніжэй пупу, што і стала прычынай смерці.
Падчас нападу на дом войта людзі пілі піва і гарэлку — усё гэта было маёмасцю войта, таму лічылася, што была нанесена маёмасная шкода.
Падчас другога нападу, калі Крыжаноўскі даведаўся пра смерць Ганы, ён прыйшоў да войта яшчэ раз. Менавіта ў гэты раз ён пачаў крушыць плот і дом. Цела забітай служанкі Крыжаноўскі так і не знайшоў, таму ўсё ламаў усё навокал. Агульную шкоду ацанілі ў 10 коп грошаў.
Збіў селянін ў карчме, абрабаваў яго, а пасля пагражаў яго гаспадару
У 1582 годзе Мінскі гродскі суд атрымаў заяву пра жорсткае збіццё селяніна ў карчме. Скаргу падаў пан Іван Ляўковіч ад імя свайго падданага Ваські Бурака.
Згодна з заявай, Васька Бурак знаходзіўся ў карчме ў Сліжыне. Там на яго напаў зямянін (ток бок, дробны шляхціч) Ігнат Хадкевіч. Хадкевіч жорстка збіў Бурака, скраў у яго грошы (на іх селянін ішоў купляць вала), вопратку і шапку, а таксама пояс з венгерскімі нажамі.
Праз тыдзень пасля інцыдэнту ў Сліжын прыехаў возны, які аглядзеў Ваську Бурака і ўзяў сведчанні. У Бурака следчы зафіксаваў чатыры раны на галаве і адну колатую рану на целе, якую назваў асабліва небяспечнай.
Цікава, што падчас следства, калі возны разам з Ляўковічам вярталіся да яго двара, яны сустрэлі на вуліцы Ігната Хадкевіча. Ляўковіч запытаўся ў Хадкевіча, чаму той збіў Бурака. На то што Хадкевіч адказаў: «Не толькі твайго мужыка, але і на цябе, стары злодзею, маю жалезную пугу».
Гвалтаваў шляхцянку некалькі тыдняў
У 1590 годзе ў суд паскардзіліся на гвалтоўны вываз дзяўчыны і яе згвалтаванне. Зварот падаваў пан Пётр Дарагастайскі.
Паводле заявы, дробная шляхцянка Марына Скіроўна адправіла дачку Ганну да сваячкі ў Смалявічы. Праз час у дом, дзе знаходзілася Ганна, уварваліся зямянін Ян Няміра і яшчэ некалькі чалавек. Няміра збіваў і гвалтаваў Ганну, вось так апісаў возны дзеянні шляхціча: «што не прыстойна і не належыць чалавеку годнаму і цнатліваму». Затым Няміра сілай вывез Ганну, трымаў яе некалькі тыдняў у няволі і працягваў яе гвалтаваць.
Скаргу на дзеянні Няміры падалі не адразу, бо дзяўчына доўгі час знаходзілася ў няволі і не мела магчымасці паведаміць сваякам пра тое, што з ёй адбылося. Справа пачалася толькі пасля таго, як Дарагастайскі вярнуўся з нейкай вандроўкі дадому і яму паведамілі пра здарэнне. Таксама Дарагастайскі адзначаў ў звароце, што будзе намагацца дамагчыся судовай адказнасці Яна Няміры.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Бацькі амерыканскага суддзі, які судзіць Мадуру, паходзяць з Беларусі і Літвы
«Прысуд можа быць і без суда». Як беларусы сядзелі ў сталінскіх лагерах
«Камуніст — забойца!» Як і чаму паўстагоддзя таму ў Слуцку спалілі суд
Прывязалі сяляніна да саняў і трымалі цэлую ноч на марозе
У 1590 годзе ў суд заявілі на жорсткія катаванні селяніна. Скаргу падалі ад шляхціча Станіслава Внучка. Згодна са скаргай, сяляніна Внучка, Мірука Бычкевіча, збілі ў вёсцы пад Івянцом пасля кірмаша.
Мірук Бычкевіч ехаў з кірмаша ў Івянцы. Гэта была зіма і позні вечар, мужчына быў нападпітку. Ён вырашаў заехаць на ноч у суседнюю вёску, якая належала шляхціцу Васілю Скіпору. Бычкевіч папрасіў на ноч у дом да сяляніна Марціна Вурпля. Аднак замест гасціннасці Вурпля разам са сваім сынам паклікаў іншых сялян, а пасля ўсе яны сталі збіваць Бычкевіча.
На жаль, у заяве, што была пададзеная ў Мінскі гродскі суд, не тлумачыцца, чаму сяляне напалі на Бычкевіча: ніякіх прычын і матываў не падаецца.
Бычкевіча звязалі, жорстка збівалі на вуліцы вёскі, а потым завялі на двор да пана Скіпора. Там яго працягнулі збіваць, а затым првязалі рукі і ногі да саней, выцягнулі сані на дарогу і кінулі там фактычна паміраць.
Паводле сведчанняў вознага, Мірук Бычкевіч сем дзён не прыходзіў у прытомнасць. Толькі праз тыдзень пацярпелы паведаміў, што з ім адбылося, а таксама падрабязна назваў імёны тых, хто яго катаваў. Да таго ж, у Бычкевіча скралі ўсё, што ён купляў на кірмашы (ялавічыну, соль і інш.), а таксама дарагую шапку.
Возны праводзіў агляд пацярпелага Бычкевіча і пазней адзначыў у сваёй справаздачы: «Не ведаю, ці будзе ён жывы».
