У 1597 годзе Віцебск атрымаў магдэбургскае права і на кароткі час стаў горадам з шырокім самакіраваннем, незалежнай гарадской уладай. Аднак усяго праз некалькі дзесяцігоддзяў гэтыя правы былі страчаныя з-за забойства Язафата Кунцэвіча.
PALATNO расказвае, як з-за бунта гараджан і забойства святара ў Віцебска забралі правы.
Змест
Што атрымаў Віцебск дзякуючы магдэбургскаму праву
У 1597 годзе кароль польскі і вялікі князь ВКЛ Жыгімонт Ваза падпісаў прывілей на атрыманне Віцебскам магдэбургскага права. Магдэбургскае права на той час было ў дзясятках беларускіх гарадах — Брэсце, Гродне, Полацке, Наваградку і іншых. Так, яшчэ адзін беларускі горад мог рэгуляваць розныя аспекты жыцця ўласнай сістэмай юрыдычных норм.
У Віцебска цяпер быў свой герб, пячатка і гарадскія чыноўнікі з вайсковай харугвай, якія не залежалі ад віцебскага ваяводы. Яўрэям у горадзе жыць забаранялася. У горадзе пабудавалі ратушу, крыху перабудавалі горад пад новыя патрэбы.
З часам Віцебск эканамічна ўмацоўваўся, але толькі на 26 гадоў. У той ж час — напрыканцы XVI стагоддзя — у Вялікім княстве Літоўскім адбываецца вялікая царкоўная рэформа, якая паўплывае на жыццё Віцебска.
Віцебск і Кунцэвіч: як і чаму ўсё пайшло не так?
У 1596 годзе ў Брэсце была падпісана царкоўная ўнія. Паводле ўніі, частка праваслаўнай царквы ў ВКЛ прызнала ўладу папы рымскага, але захавала ўсходні абрад, мову і традыцыі. У рэальнасці ўсё адбылося не так гладка, як было напісана на паперы.
Супраціў Уніі пачаўся амаль адразу. Праз дзесяць гадоў пасля падпісання Брэсцкай уніі нават здзейснілі замах на аднаго з галоўных ідэолагаў аб’яднання Іпація Пацея.

У 1596 годзе, менавіта ў год падпісання Брэсцкай уніі, Язафат Кунцэвіч трапляе ў Вільню. Там ён падтрымаў прыняцце Уніі. Калі Кунцэвіч займеў сваю дыяцэзію, то імкнуўся далучыць яе да Уніі. Архібіскуп сутыкаўся з жорсткай і нават фанатычнай апазіцыяй, але не збіраўся адступаць. Напрыклад, ён зачыніў усе праваслаўныя цэрквы на Полаччыне. А затым пачаў дзейнічаць падобным чынам і ў Віцебску.
Віцебск падаваўся асабліва небяспечным месцам. Менавіта ў гэтым горадзе ў праціўнікам Уніі была сіла і ўплыў. Для жыхароў Віцебска Кунцэвіч быў сімвалам таго, што ўлада цісне на праваслаўных, і дзеянні гэтыя асабліва жорсткія.
12 лістапада 1623 года ў Віцебску забілі ўніяцкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча. Забойства было жорсткім і публічным: натоўп узброеных людзей напаў на дом святара — спачатку спрабавалі падпаліць сам дом, але пасля змаглі схапіць Кунцэвіча.

Натоўп збіваў і ў выніку забіў Язафата Кунцэвіча. Пасля з цела святара пачалі здзеквацца, знявечылі яго твар, знялі з яго адзенне. Затым цела Кунцэвіча скінулі да ракі, а ля ракі паклалі цела ў лодку, там прывязалі за рук і шыі камяні і кінулі ў Дзвіну.
Затым бунтаўшчыкі абрабавалі дом Кунцэвіча, збілі яго слуг і абрабавалі таксама іх. Пасля знайшлі алкаголь у доме і пачалі там жа піць.
Без правоў, званоў і бурмістраў
Забойства Кунцэвіча пацягнула за сабой шэраг падзей. Адразу ж пасля інцыдэнту ў Віцебску польскі кароль Жыгімонт Ваза загадаў адправіцца ў горад каралеўскім камісарам для расследавання справы. Галоўным чалавекам у створанай камісіі стаў Леў Сапега, разам з ім бунтаўшчыкоў судзілі яшчэ некалькі высокапастаўленых асоб ВКЛ.
Асабіста папа рымскі Урбан пісаў польскаму каралю з просьбай не пакідаць без пакарання віцебскіх гараджан, якія былі прызнаныя ў забойстве архібіскупа Кунцэвіча.
У студзені 1624 года пачаўся працэс па справе забойства Язафата Кунцэвіча — ён доўжыся тры дні. Судовая камісія на чале з Сапегам вывучала падзеі апошніх гадоў. Высветлілася, што канфлікт пачаўся пасля з’яўлення пасланцаў Мялеція Сматрыцкага, які называў сябе праваслаўным архіепіскам. У Віцебску пачалі арганізоўваць тайныя сходы, напады на цэрквы і збіцці святароў. Гарадскія ўлады не толькі не спынялі беспарадкі, але частка чыноўнікаў падтрымала іх.
Падчас суда віцебскія чыноўнікі прызналі, што бунт супраць Кунцэвіча рыхтаваўся некалькі гадоў. Частка бурмістраў заявіла, што яны спрабавалі спыніць гвалтоўныя дзеянні, але былі запалоханы натоўпам, а затым адзначылі: «Мы не ведаем юрыста, які змог бы апраўдаць горад цалкам».
Нягледзячы на тое, што частка спрабавала сябе апраўдаць і казала, што ў іх ёсць алібі, каралеўскія камісары прынялі беспрэцэдэнтнае рашэнне. Вінаватымі прызналі натоўп бунтаўшчыкоў і гарадскую ўладу Віцебска. Шкоду ацанілі ў тры тысячы злотых.

Рашэнні каралеўскіх камісараў былі жорсткімі: Віцебск пазбаўлялі Магдэбургскага права (аб гэтым у лісце заяўляў сам кароль Жыгімонт, якое чыталі ў пачатку судовага працэсу), Ратушу загадвалі разбурыць, уводзіліся поўныя падаткі з горада ў каралеўскую казну. З цэркваў, якія былі ў набат перад забойствам Кунцэвіча, знялі званы. Да таго ж былі знішчаны два храмы, якія адмовіліся прызнаваць царкоўную ўнію і каралеўскую ўладу ў канфесійных справах.
Па тагачасным законе ўсіх прызнаных вінаватых можна было пакараць смерцю, але распарадзіліся па-іншаму. Толькі двух бурмістраў і яшчэ шэраг мяшчан пакаралі смерцю — ім адрубілі галовы. Частка чалавек змагла ўцякчы: 18 уцекачоў асудзілі завочна да пакарання смерцю, а іх маёмасць канфіскавалі.
У 1625 годзе каралеўскія камісары, якія працавалі ў Віцебску пасля забойства Кунцэвіча, нават выпусцілі спецыяльны дакумент датычны жыхароў горада. У дакуменце пазначалася, што ніхто не мае права затрымліваць і забараняць гандляваць віцебскім мяшчанам, апраўдным па справе.
* * *
У 1644 годзе ўжо іншы польскі кароль Уладзіслаў IV верне магдэбургскае права Віцебску за мужнасць у барацьбе супраць Маскоўскай дзяржавы. У горадзе будуць правы на самакіравання аж да 1775 года, калі Віцебск стане часткай Расійскай імперыі.
А яшчэ праз дваццаць гадоў у Вільні мясцовыя святары будуць скардзіцца, што па горадзе раскіданыя ўлёткі, якія ганьбяць памерлага Кунцэвіча. Ва ўлётках быў намаляваны Кунцэвіч, які ідзе ў пекла. Святары будуць упэўненыя, што мясцовае насельніцтва падбухторваюць да бунту, але ніякага выступлення там так і не адбылося. Вінаватых знойдуць і пакараюць.
