Веды

«Хто я?» і «Дзе я?»: як жыве беларускі незалежны тэатр у выгнанні


«Хто я?» і «Дзе я?»: як жыве беларускі незалежны тэатр у выгнанні

Пасярэдзіне вялікай, залітай святлом аўдыторыі стаіць малады мужчына. Перад ім — напалову напоўненае пяском вядро. Прафесары, удзельнікі лабараторыі, госці фестывалю чакаюць дзеяння. Ён пачынае з простага пытання:  «Хто я?». Гэта не тэатральная замалёўка і не пралог да перфомансу. Гэтае пытанне — асэнсаванне таго, што адбываецца з беларускім незалежным тэатрам у апошнія гады. Сёння яно гучыць асабліва востра, бо сапраўдны тэатр у Беларусі пачынае знікаць, рэпертуар перапісваецца. На гэтым фоне ўзнікае пытанне: што сёння значыць беларускі незалежны тэатр, калі ён жыве не ў Беларусі?

PALATNO расказвае, як і чым жыве беларускі незалежны тэатр у выгнанні.

Фестываль як люстэрка тэатра

«Блізкі Усход», які прайшоў у Любліне ў сярэдзіне снежня, стаў люстэркам сучаснага стану беларускага незалежнага тэатра ў выгнанні. Фестываль адбываецца ў Польшчы ўжо чацвёрты раз, але сёлета меў асаблівае значэнне, бо быў прысвечаны Купалаўцам. У 2025 годзе была 105-я гадавіна Купалаўскага тэатра і пяцігоддзе існавання незалежнай трупы.

На сцэнах Люблінскага цэнтра культуры на працягу тыдня можна было ўбачыць амаль увесь рэпертуар, створаны незалежнай трупай у выгнанні.

«Мы не заслугоўваем на Купалаўцаў», — сказаў пасля фінальнага паказу «Дзядоў» рэжысёр Павел Пасіні. Гэты выраз стаў эмацыйным эпілогам фестывалю.

Фестываль дазволіў адсачыць шлях Купалаўцаў ужо як незалежнага калектыву. Паколькі трупа паказала амаль усе спектаклі, створаныя за апошнія пяць год, і можна было адсачыць, як змяняўся іх мастацкі напрамак.

Купалаўцы паступова перайшлі ад Міцкевіча і спектакляў, якія востра рэагавалі на пратэсты і рэпрэсіі, да глыбокага асэнсавання сучаснай беларускай літаратуры. Вынікам сталі пастаноўкі паводле твораў Альгерда Бахарэвіча, Сяргея Кавалёва, спектакль па кнізе Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», які быў паказаны ў дзвюх розных інтэрпрэтацыях.

А што з будучыняй?

Тут на дапамогу зноў прыходзіць «Блізкі Усход». Фестываль стаў пляцоўкай не толькі для спектакляў, але і для тэатральнай лабараторыі, літаратурных сустрэч і лекцый. Сярод гасцей былі Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Кавалёў, Ева Вежнавец, Юлія Цімафеева.

У лабараторыі ўдзельнічалі чатыры групы маладых тэатралаў: студэнты тэатральнага факультэта Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, моладзь сацыяльнага тэатра з Познані, студыйцы Варшаўскага BYTeatr  і тэатральная студыя з Харкава. Кожны дзень яны слухалі лекцыі, даследавалі розныя тэмы. Пасля лекцый у груп было ўсяго паўдня, каб падрыхтаваць мастацкае выказванне — і кожны дзень вынікі станавіліся ўсё мацнейшымі. У апошні дзень рэжысёр Андрэй Новік скампанаваў мацнейшыя эцюды ў адно выказванне, якое не пакінула гледачоў абыякавымі.

Разам з аптымізмам фестываль не схаваў і складанасцяў. Мастацкі кіраўнік і рэжысёр Лабараторыі сацыяльнага тэатра Валянціна Мароз так выказалася пра стан сучаснага беларусага тэатра ў эміграцыі:

«Рэсурсаў для незалежнага беларускага тэатра недастаткова. Для таго, каб спектакль жыў, патрэбныя ўмовы і фінансаванне, якіх амаль няма. Купалаўцам дапамагаюць больш, а не такім вядомым тэатрам — значна меней. Адзіны шлях — калабарацыя з польскімі праектамі і інстытуцыямі».

Тэатр, які немагчыма знішчыць

Асобнай увагі заслугоўвае праца валанцёраў, якія рабілі штодзённыя газеты на некалькіх мовах, інтэрв’ю і аналітычныя матэрыялы. На фестывалі прысутнічалі студэнты беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, што дапамагло ім даследаваць беларускае мастацтва на практыцы.

беларускі тэатр, беларускія артысты, беларуская культура
Монаспектакль «Мой хлеб». Фота: аўтара

Рэжысёрка Насця з Харкава адзначыла: «У нас, украінцаў, няма такіх маштабных фестываляў у эміграцыі. Мы прыязджаем да вас, бо гэта сапраўды важна».

Фестываль «Блізкі Усход» паказаў: у беларускага тэатра ёсць і моцны падмурак — Купалаўцы, і будучыня — маладыя творцы. Так, існуюць фінансавыя праблемы, недахоп пляцовак і нестабільная аўдыторыя. Але гэта не спыняе беларускіх тэатральных творцаў.

 

Аўтар Наста Пабягунская