PALATNO расказвае, адкуль узяліся трапныя беларускія выразы.
Змест
Адпраўляць у Магілёўскую губерню
«Невядома, што чакае наперадзе. Можа, шампалоў усыплюць, а могуць і расстраляць. Завядуць у цёмны двор, паставяць да сцяны і адправяць у Магілёўскую губерню».
Выказванне «адпраўляць у Магілёўскую губерню» азначае забіваць, знішчаць. Фраза ўтварылася пад уплывам і на ўзор фразеалагізма «адправіць на той свет». Спалучэнне з Магілёўскай губерняй з’яўляецца каламбурам: Магілёўская выклікае асацыяцыю са словам «магіла».
Выраз мог узнікнуць пасля 1772 года, калі паводле ўказа Кацярыны II на ўсходнебеларускіх землях, далучаных да Расіі, была ўтворана Магілёўская губерня.
Браць за шчэлепы
«Пасля першай [чаркі] усе філасофствуюць, пасля другой звычайна пытаюцца: “Ты мяне паважаеш?”, пасля трэцяй лезуць цалавацца. Вось пасля трэцяй ты яго і бяры за шчэлепы цёпленькага».
Гэта ўласна беларуская фраза, якая азначае прымушэнне кагосьці паводзіць сябе пэўным чынам.
Выраз узнік у выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое дастасоўваюць да жывёл, і рыб у тым ліку, а таксама і да чалавека. У беларускай мове слова «шчэлепы» азначаюць тое самае, што і сківіцы. Існуюць падобныя выразы — «браць за горла» (калька з французскай мовы) і «браць за жабры» (агульны выраз для ўсходнеславянскіх моў).
І лейцы ў рукі
«Вы гаворыце тое, што цвярдзіла ў свой час Сініцкая… Дык вам і лейцы ў рукі, Мікалай Пятровіч! У добры час…»
Так гавораць, калі ў каго-небудзь ёсць усе падставы быць кіраўніком.
Фраза ўтварылася на аснове дзеяслоўнага выразу «браць лейцы ў рукі», сэнс якога прымаць на сябе кіраванне чым-небудзь.
Кум каралю і сват міністру
Хутчэй за ўсё, гэты выраз уласна беларускі, аднак зрэдку сустракаецца і ва ўкраінскай мове. Ужываецца ў некалькіх значэннях:
- свабодны, ні ад каго не залежны, у выгадным становішчы;
- багаты, заможны, забяспечаны;
- вельмі добра, цудоўна.
Першую частку выразу— кум каралю — ужываюць часта, а вось другая частка — сват міністру — ужываюцца не заўжды. У аснове фразеалагізма, хутчэй за ўсё, ляжыць нерэальны, прыдуманы, іранічна-гіпербалізаваны вобраз. Выраз мог узнікнуць тады, калі Беларусь была ў складзе Рэчы Паспалітай.
Настаўляць акуляры
«Пра багацце гэты пан Адольф гаворыць самазадаволена, бо ведае, што ў гэтым доме шануюць гаспадарлівых. А дзяўчо яму акуляры настаўляе!»
Фразу выкарыстоўваюць, калі кажуць, калі кагосьці уводзяць у зман і паказваюць што-небудзь у скажоным для сябе выглядзе. У мастацкай літаратуры выраз упершыню выкарыстаў Кандрат Крапіва ў творы «Хто смяецца апошнім».
Для адпаведніка гэтаму беларускаму фразеалагізму ў беларуска-рускім слоўніку за 1988 год раней выкарыстоўвалі рускі «втереть очки». Аднак у гэтым выпадку сувязі паміж акулярамі і ачкамі няма. Выраз «втирать очки» паходзіць з лексікону карцёжнікаў: шулеры непрыкметна ўціралі на карце ачкі і ператваралі, да прыкладу, сямёрку ў шасцёрку.
Рыхтык у рыхтык
«Адразу ж з-за яе плячэй выйшлі два сыны, абодва трактарысты і падобныя, як кажуць, рыхтык у рыхтык адзін да аднаго».
Фраза азначае вельмі моцна, абсалютна. Слова «рыхтык» азначае выліты, падобны на каго-небудзь. Магчыма, выраз склаўся пад уплывам і на ўзор фразеалагізма кропка ў кропку (кропля ў кроплю).
Серада з-пад пятніцы вылазіць
«Суседка наша, Карабуціха, да вайны бязладная жанчына, у якой заўсёды серада з-пад пятніцы вылазіла, аказалася практычнай кабетай».
Так кажуць, калі ніжняе адзенне з-пад верхняга бачна. У кантэксце гэтага выраза серада азначае ніжняе адзенне, а пятніца — верхняе адзенне. Магчыма, на выбар менавіта серады і пятніцы былі найбольш папулярнымі днямі ў беларусаў: есці мясное і малочнае забаранялася не толькі ў пасты, але і ў сераду ды пятніцу амаль кожнага тадня.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Чаму беларусы ненавідзяць панядзелкі, а пятніцы любяць?
