Кім быў кампазітар Алоўнікаў, які падарыў пазыўныя Беларускаму радыё

Уладзімір Алоўнікаў, пазыўныя для беларускага радыё
Прайшоў вайну, стаў адным з самых вядомых кампазітараў Беларусі XX стагоддзя і падарыў Беларускаму радыё пазыўныя. PALATNO расказвае пра Уладзіміра Алоўнікава.

«Пакліканне майго жыцця — кампазітарская дзейнасць»

Уладзімір Алоўнікаў нарадзіўся 16 студзеня 1919 года ў Бабруйску. Алоўнікаў заўжды з цеплынёй успамінаў родны горад, а ў адзін з прыездаў у яго казаў так:

— Пакліканне майго жыцця — кампазітарская дзейнасць — не магло быць ажыццёўлена без удзелу і працы бабруйчан. <…> Заўсёды з каханнем успамінаю родны Бабруйск і дарагіх майму сэрцу бабруйчан…

У 1941 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу кампазіцыя ў Васіля Залатарова. Пасля нападу нямецкіх войск на СССР Алоўнікаў запісаўся добраахвотнікам на фронт. У 1947 годзе ён дэмабілізаваўся з войска. Працяглы час быў заняты стварэннем цыклаў песень пра герояў вайны. Таксама Алоўнікаў займаўся масавай песняй.

Разам з кампазітарскай дзейснасцю Алоўнікаў знаходзіўся ў палітычным віры. У 1960-я гады ўступіў у Камуністычную партыю Беларусі, а затым быў дэпутатам Вярхоўнага савета.

Памёр 31 ліпеня 1996 года ў Мінску.

У Алоўнікава ёсць сын — Ігар Алоўнікаў. Ён таксама музыкант і кампазітар.

Пазыўныя Беларускага радыё

Вядомасць кампазітару прынеслі масавыя песні. Адна з іх — «Радзіма, мая дарагая» — стала не толькі адной з самых папулярных для Алоўнікава, але яе мелодыя дала і пазыўныя для Беларускага радыё. Дарэчы, гэта песня двойчы намінавалася на гімн Беларусі.

Песня з’явілася яшчэ падчас Другой сусветнай вайны. Верш напісаў беларускі паэт Алесь Бачыла, які паказаў Алоўнікаву тэкст. Першая страфа песні пачыналася з «Люблю я глядзець, як блукае / Над рэчкай уранні туман…», але пазней іх прыбралі з фінальнага варыянту песні.

 

Вярнуцца ўгару