
У беларускай традыцыі бабёр з’яўляецца часткай культурнага коду, сімвалам багацця і мужчынскай сілы. Бабёр быў адным з герояў песень, абрадаў і законаў Вялікага княства Літоўскага.
PALATNO — пра баброў.
Бабёр звязвае чалавека і стыхіі
У народнай класіфікацыі бабёр адносіцца да «ніжняга свету». Аднак заўсёды бабёр быў звязаны з яварам, сімвалам Сусветнага дрэва. Такім чынам, бабёр быў своеасаблівым мостам паміж зямным і касмічным, звязваў чалавека і стыхіі.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Ліпа — жаночы апякун, дуб — аснова свету. Дрэвы для беларусаў былі не проста элементам прыроды
У беларускіх абрадах бабёр выконваў магічную ролю. У вясельных песнях жывёла прадстаўляла ніжнюю сферу сусвету і спрыяў дабрабыту маладой сям’і.
Чорны колер бабра падкрэсліваў не толькі хтанічную сутнасць, але і матэрыяльную каштоўнасць, бо бабровае футра было сапраўдным люксаў у даўнія часы. Дарэчы, шапка з бабровага футра сімвалізавала багацце і лічылася амулетам ад галаўнога болю.
Бабёр таксама лічыўся сімвалам мужчынскага пачатку. У традыцыйнай сімволіцы ён мог прадстаўляць жаніха, а яго «партнёрам» была куніца ці лісіца. У вясельных песнях гэты вобраз нёс эратычны сэнс, бо бабёр выступаў як знак моцы і пладавітасці.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Чаму павука нельга забіваць? Расказваем пра ўяўленні беларусаў пра павукоў
Тур у нашай ДНК: як бык стаў міфам і богам
Конь — памочнік ваяра і селяніна, магічны партнёр у казках. Якім бачылі беларусы свайго скакуна
Баброў нельга было забіваць: гэта забараняў закон і самі людзі
У многіх славянскіх мовах слова «бабёр» рыфмуецца з «добр-»: «Усе бабры — дабры, адна выдра ліхая», «Хто заб’е бабра, таму не будзе дабра».
Cувязь паміж бабром і паняццем дабрабыту закранала не толькі міфалогію. У заканадаўстве ВКЛ былі распрацаваныя змены, якія тычыліся пакаранняў за забойства баброў. Напрыклад, у Статуце ВКЛ 1588 года існавалі жорсткія штрафы за забойства бабра: за чорнага бабра штрафавалі 4 капамі грошай, за карага — 2 капы (столькі ж у тыя часы каштаваў вол!).
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Шэсць цікавостак, якія ёсць у Статутах Вялікага Княства Літоўскага
Забіваць баброў было небяспечна не толькі з-за заканадаўства. Лічылася, што злоўлены бабёр плача і «пераплача» ўсю сям’ю крыўдзіцеля. Гэта нагадвае і іншыя забароны: нельга было забіваць голуба ці ластаўку, бо іх смерць прыносіла бяду.