Now Reading
Праўладная «Белая Русь»: з грамадскага аб’яднання ў партыю

Праўладная «Белая Русь»: з грамадскага аб’яднання ў партыю

партыя белая русь

Праўладную палітычную партыю «Белая Русь» стварылі ў сакавіку 2023 года на ўстаноўчым з’ездзе ў Мінску. Яна з’явілася на базе рэспубліканскага грамадскага аб’яднання і налічвае дзвесце тысяч «неабыякавых патрыётаў сваёй краіны».

PALATNO расказвае, як грамадскае аб’яднанне ўсё-такі пераўтварылася ў партыю Лукашэнкі, хто з’яўляецца яго старшынёй і як беларусаў прымушаюць туды ўступаць.

Доўгі шлях ад грамадскага аб’яднання да партыі

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» заснавалі ў лістападзе 2007 года, а ў снежні яго ўжо зарэгістравала Міністэрства Юстыцыі. На сайце аб’яднання напісана, што дзейнасць «Белай Русі» першапачаткова была накіравана на падтрымку палітычнага курсу Аляксандра Лукашэнкі. Гэтае аб’яднанне ўдзельнічала ва ўсіх выбарчых кампаніях у Беларусі.

У 2010 годзе «Белая Русь» збірала подпісы, каб высунуць Лукашэнку кандыдатам у прэзідэнты. Калі было сабрана больш за 600 тысяч подпісаў, Лукашэнка папрасіў грамадзян аддаваць свае галасы за вылучэнне іншых кандыдатаў у прэзідэнты, бо за яго кандыдатуру і так дастаткова подпісаў. Лукашэнка адзначаў, што разумее складанасці са зборам подпісаў іншых патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты: «Нам трэба звярнуцца да людзей і папрасіць: хай яны аддадуць подпісы і за альтэрнатыўных кандыдатаў. Там іх 16 чалавек. Яны хочуць ісці на выбары. Хай ідуць».

У 2011 годзе «Белая Русь» абвясціла, што вельмі хутка пераўтворыцца ў партыю падтрымкі Лукашэнкі. Гэтая партыя, як казалі праўладныя медыя, павінна будзе аздаравіць палітычную сістэму, актывізаваць партыйную канкурэнцыю і сваё прадстаўніцтва ва ўладзе. Але з’езд грамадскага аб’яднання па пераўтварэнні так і не адбыўся.

У 2015 годзе «Белая Русь» правяла акцыю «100 тысяч подпісаў — у падтрымку нашага кандыдата». Жыхары пасёлка Краснаполле аддавалі свае галасы за Лукашэнку і казалі, што «Аляксандр Рыгоравіч робіць усё, каб наш народ жыў добра», «Мы жывём без вайны, пакуль у суседняй Украіне людзі пакутуюць ад выбухаў бомб і абстрэлаў. Толькі з Лукашэнкам мы можам быць упэўнены ў заўтрашнім дні», «Лукашэнка робіць усё магчымае для таго, каб у нашай краіне не было ваенных сутыкненняў, а людзям жылося спакойна».

25 мая 2020 года Лукашэнка заявіў, што ў яго падтрымку сабралі каля 200 тысяч подпісаў. Сам збор пачаўся 21 мая. Намеснік старшыні арганізацыі «Белая Русь» Аляксандр Шацько патлумачыў, што сабраць такую колькасць было няцяжка: «Толькі ў нас, у “Белай Русі”, 190 тысяч чалавек. Плюс мы збіраем праз грамадскія прыёмныя, у абедзенны час збіраем, пасля працы…». Крыху пазней на сайце «Белай Русі» паяснілі цытату Шацько: «Прыводзім гэтую цытату ў тым ліку і для таго, каб падкрэсліць адну простую і важную думку. Подпісы ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі збіраюць актывісты нашай арганізацыі, але таксама дзясяткі, сотні тысяч людзей па ўсёй краіне, якім цяперашні дзяржаўны курс блізкі і зразумелы. І такіх людзей значна больш, чым 200 тысяч, паверце нам на слова». У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, подпісы за вылучэнне кандыдата маюць права збіраць толькі сябры яго ініцыятыўнай групы. У ініцыятыўную групу Лукашэнкі ўваходзіла каля 11 тысяч чалавек, а не «значна больш за 200 тысяч». Блогер Яўген Ліпковіч накіраваў зварот у ЦВК і патрабаваў ануляваць подпісы за Лукашэнку, паколькі яны былі сабраны з парушэннямі. Крыху пазней у артыкул на сайце «Белай Русі» ўнеслі змены: «сотні тысяч» зборшчыкаў ператварыліся ў «больш за дзесяць тысяч».

16 жніўня 2020 года «Белая Русь» арганізавала мітынг у падтрымку Лукашэнкі. Людзей везлі ў Мінск з усёй Беларусі. У некаторых гарадах асноўную масу праўладных дэманстрантаў дазволілі даставіць спеццягнікамі. За ўдзел у мітынгу людзям прапанавалі бонусы і адгулы, некаторым прыгразілі звальненнем і пазбаўленнем месцаў у інтэрнатах у выпадку адмовы.

За апошнія тры гады аб’яднанне «Белая Русь» стала апорай Лукашэнкі ў рэгіёнах: большасць мерапрыемстваў праводзілася пад сцягамі арганізацыі, а яго чальцы займаюць высокія дзяржаўныя пасады. Вясной 2023 года аб’яднанне стала партыяй. Старшынёй партыі стаў Алег Раманаўпрыхільнік рускага свету, які рабіў зачысткі ў Гродзенскім і Полацкім універсітэтах. Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка сказаў, што ў аснове новай партыі будзе ідэалогія стабільнасці, пастаяннага развіцця і поспеху: «Перакананы, што партыя “Белая Русь” стане той палітычнай сілай, на якую будзе абапірацца ўлада».

Адначасна з тым, як «Белая Русь» стала партыяй, у Беларусі прайшла хваля ліквідацыі іншых палітычных партый, якія ў свой час стваралі канкурэнцыю рэжыму Лукашэнкі. Напрыклад, ліквідавалі апазіцыйную Кансерватыўна-Хрысціянскую Партыю — БНФ, якую ўзначальвае Зянон Пазняк. А кіраўнік БНФ Рыгор Кастусёў і лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў папоўнілі шэрагі палітвязняў і цяпер знаходзяцца за кратамі. Таксама ліквідавалі праўладную Беларускую патрыятычную партыю. Хутка будуць разглядацца позвы аб ліквідацыі яшчэ дзвюх праўладных партый: Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай Згоды і Рэспубліканскай партыі.

Усе яны не прайшлі перарэгістрацыю, паколькі не адпавядаюць новаму заканадаўству. Каб зарэгістраваць палітычную партыю, трэба сабраць больш за пяць тысяч аднадумцаў, а таксама ў кожным рэгіёне мусяць быць прадстаўніцтвы гэтых партый. Перарэгістрацыю прайшлі тры праўладныя палітычныя структуры: Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Камуністычная партыя Беларусі. Да іх дадалася і «Белая Русь».

Стаць членам або пазбавіцца працы

Уступаць у шэрагі новай партыі спяшаюцца не ўсе. Ад сакавіка 2023 года, калі адбылося пераўтварэнне аб’яднання ў партыю, праваабаронцы і журналісты зафіксавалі выпадкі прымусу. Але гэта не новая гісторыя для «Белай Русі». Нават у часы, калі «Белая Русь» была яшчэ грамадскім аб’яднаннем, гісторыі пра прымусовае сяброўства з’яўляліся кожны год.

Напрыклад, у 2012 годзе ў рэдакцыю газеты «Брэсцкі кур’ер» звярнуўся адзін з працаўнікоў ЖЭС-12 горада і паведаміў, што кіраўніцтва жыллёва-эксплуатацыйнай службы распаўсюдзіла ў калектыве заявы на ўступленне ў грамадскае аб’яднанне «Белая Русь». Кожны працаўнік ЖЭСа атрымаў па дзве падрыхтаваныя заявы, куды трэба было ўпісаць толькі свае асабістыя дадзеныя. Працаўнік дадаў, што статута і праграмы гэтага грамадскага аб’яднання ніхто ў ЖЭСе не бачыў, аднак усіх папярэдзілі, што з тымі, хто не падпіша заяву, могуць у далейшым не працягнуць працоўныя кантракты.

У 2013 годзе жыхар Рагачова заявіў, што яму пагражаюць звальненнем і непрыемнасцямі, калі ён не ўступіць у грамадскае аб’яднанне «Белая Русь».

У 2016 годзе ў рэдакцыю «Нашай Нівы» прыйшла скарга ад настаўнікаў гомельскай сярэдняй школы №32. Па іх словах, педагогаў прымушалі ўступаць у «Белую Русь» пад пагрозай звальнення. Дырэктар школы Ала Нікіфарава сцвярджала, што гэта была прапанова. А сама жанчына з’яўляецца членам «Белай Русі» з 2008 года.

А пры чым тут «Адзіная Расія»?

«Адзіная Расія» — праўладная палітычная партыя, якая з’явілася ў 2001 годзе ў Расіі. Кожны раз падчас выбараў у Дзяржаўную думу «Адзіная Расія» набірала большасць галасоў. У 2021 годзе, паводле афіцыйных звестак ЦВК, яўка на выбарах склала 52%, а «Адзіная Расія» атрымала амаль 50% галасоў. Паводле звестак незалежнага электаральнага аналітыка Сяргея Шпількіна, на ўчастках, дзе не было фальсіфікацыі, яўка склала ў сярэднім 38%, а «Адзіная Расія» атрымала ад 31% да 33% галасоў. Шмат апазіцыянераў былі выключаны з выбарчага працэсу, некаторых асудзілі, а іншым прыйшлося з’ехаць з краіны.

У 2022 годзе грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» і партыя «Адзіная Расія» падпісалі пагадненне аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве. У 2023 годзе «Адзіная Расія» правяла папярэдняе галасаванне па кандыдатах для далейшага ўдзелу ў выбарах на акупаванай частцы поўдня Украіны.

У сакавіку гэтага года з’явілася інфармацыя аб тым, што партыі «Белая Русь» і «Адзіная Расія» плануюць падпісаць яшчэ адно пагадненне аб супрацоўніцтве і вывесці партнёрства на новы ўзровень. Што гэта за партнёрства і ў чым палягае далейшае супрацоўніцтва, пакуль не паведамляецца.

У лютым 2023 года журналісты атрымалі 17-старонкавы ўнутраны дакумент «Стратэгічныя мэты Расійскай Федэрацыі ў Беларусі», дзе апісваюцца планы па паглынанні расійскімі ўладамі Беларусі да 2030 года. Апроч іншага, у гэтым дакуменце апісваецца, што суседняя Расія плануе захапіць беларускае грамадска-палітычнае жыццё, у тым ліку і партыйнае.

Вярнуцца ўгару