
Ці можа душа не пахрышчанага дзіцяці стаць апекуном дому і адначасова быць жорсткім карнікам? На ўсходзе Беларусі раней у гэта верылі. Там з пакалення ў пакаленне жыла вера ў загадкавых істот — Дабрахожых, якіх маглі называць Багатырамі, Усаднікамі ці Невядзімцамі. Іх баяліся, шанавалі, задобрывалі хлебам і малілі, каб тыя не прынеслі бяды.
PALATNO расказвае пра Дабрахожых.
Змест
Душы дзяцей, утоеныя ад Бога
У паданнях расказваюцца розныя варыянты паходжання Дабрахожага. Згодна з некаторымі былічкамі, Дабрахожыя з’яўляюцца душамі дзяцей, якіх маці выпадкова задушылі ў сне. У іншых паданнях гаворыцца пра дзяцей, што засталіся не пахрышчанымі або якіх бацькі схавалі ад Бога з-за шматдзетнасці. Лічылася, што палову такіх утоеных дзяцей Бог ператвараў у Дабрахожых, а другую палову — у русалак.
Цікава, што ў некаторых вёсках ва ўсходняй Беларусі казалі, што калі русалка выходзіць замуж, то яна становіцца Дабрахожым.
Дабрахожых ушаноўвалі ў спецыяльныя дні — у сераду і чацвер на Русальным тыдні. Гэты тыдзень пасля Сёмухі, прыкладна канец мая ці пачатак чэрвеня. Дабрахожых называлі «маленькімі родзічамі», накрывалі для іх вячэру як для нябожчыкаў. Часцяком Дабрахожых насыпалі зерне на перакрыжаваных дарогах, калі заклікалі істоту ў птушыным абліччы. Найчасцей іх бачылі на мяжы палёў, каля дарог і дрэў апоўдні ці апоўначы.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Вярба — важнае дрэва для беларусаў. У ёй жывуць нячысцікі, яна з’явілася пасля ўцёкаў ад шлюба
Нячысцікі Беларусі: у каго верылі продкі беларусаў?
Купалле — ноч, калі ўсё магчыма. Расказваем пра любімае беларускае свята
А як выглядае Дабрахожы?
Апісанне Дабрахожага таксама розныя, як і паходжанне гэтай міфічнай істоты. Дабрахожых уяўлялі як людзей у чорным і белым з залатымі гузікамі. Яны маглі быць віхрамі, змеямі, птушкамі, істотамі ў чорнай поўсці (авечкі, сабакі).
Часам Дабрахожы можа выглядаць як гаспадар дома, у якім жыве істота. А калі гаспадаром ёсць удава, то Дабрахожы ўяўляецца жанчынай з абліччам падобным да твару гаспадыні. Паводле некаторых павер’яў, у сям’і жыве столькі ж Дабрахожых, колькі ў гэтай сям’і членаў, і кожны Дабрахожы суправаджае свайго падапечнага.
Адны паданні паказваюць Дабрахожых як шкодных духаў, якія насылаюць хваробы, калечаць жывёлу і завальваюць лес. Істоты караюць за брыдкаслоўе, безгаспадарчасць і нават за тое, што хто-небудзь стаў на іх след. Аднак існавалі і іншыя ўяўленні, у якіх Дабрахожыя паказваліся як строгія, але справядлівыя суддзі. Істота магла ўратаваць пакутніка, калі яму прынесці ахвяру: лусту хлеба і жменьку солі, загорнутыя ў чысты кавалак тканіны. А калі памаліцца ў лесе, дзе жыве Дабрахожы, то хворы чалавек можа стаць здаровым.
Прабачэнне ў Дабрахожага можа было заслужыць хлебам, таксама можна было выкарыстоўваць замовы для спынення яго шкодных сіл.
Выпрабаванні ад Дабрахожага і апраўданні сялян
Дабрахожы любіў выпрабоўваць людзей. Самы вядомы аповед Дабрахожага быў пра жанчыну, якая знайшла ў полі голае немаўля. Жанчына апранула яго ў сваю кашулю і ахрысціла, за што атрымала бясконцы сувой тканіны ад гэтай міфічнай істоты.
Цікава, што сяляне, якія забаўляліся ў карчме ці яшчэ дзесьці, то апраўдваліся перад панам, што Дабрахожы трымаў іх у лесе. Пры гэтым сяляне абавязкова расказвалі пра розныя дзіўныя здарэнні, што з імі адбываліся ў гэты час.
Дабрахожага маглі называць Багатыром за яго сілу, Усаднікам за язду на кані, Невядзімцам за тое, што яго цяжка заўважыць. Часам Дабрахожага лічылі лясным бажком, рост якога залежаў ад вышыні дрэваў. Дабрахожы абараняў сумленных людзей, але жорстка караў вінаватых і пасылаў на іх пакутлівыя хваробы.