
Чаму ў годзе 12 месяцаў, на калядным стале 12 страў і нават у міфічнага цмока 12 галоў? Гэта не выпадковасць і звычай. Лічба 12 для беларускай культуры даўно была ключом для разумення сусвету. Лічба стала часткай абрадаў, казак, календара.
PALATNO расказвае пра 12.
12 — касмічная лічба
Калісьці людзі вучыліся арыентавацца ў свеце праз лічбы. Адной з галоўных стала дванаццаць. Лічба падзяліла час на дзень і ноч па 12 гадзін, з’явіўся каляндар (хоць і не адразу) на 12 месяцаў.
Лічба стала не проста вызначэннем колькасці, а ключом да разумення парадку, які супрацьстаіць хаосу.
Беларускія казкі і паданні захавалі гэты магічны код. Напрыклад, дванаццаць братоў дапамагаюць галоўным героям, Івашка Мядзведжае Вушка куе булаву на 12 пудоў, а дзяўчынцы дапамагаюць выканаць нерэальнае заданне 12 месяцаў. Не менш красамоўнымі вобразамі з’яўляюцца цмок з 12-ю галовамі, 12 разбойнікаў, 12 дружыннікаў і гэтак далей. Кожны з іх падкрэслівае вагу і сэнс гэтай лічбы.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Птушка, якая можа прадказаць дождж і бяду. Расказваем пра чорную жаўну
12 беларускіх прыказак, якія дапамогуць вам у любой спрэчцы
Гушканне — больш, чым забава. Чаму беларусы любілі арэлі
12 супраць 13
У загадак і замоў лічба стала яшчэ больш сімвалічнай. Напрыклад, ёсць беларуская загадка пра дуб з 12 галінкамі, 52 гнёздамі і 7 яйкамі ў кожным — гэта паэтычная мадэль года, у якой адлюстраваны каляндарны цыкл. А вось у замовах ад хвароб лічба становіцца знакам вяртання да першапачатковай гармоніі.
У абрадах 12 прысутнічае паўсюль: на Каляды і Дзяды гатуюць па 12 страў, нявеста ўпрыгожвае вянок 12 стужкамі, у абшчынным судзе засядалі 12 чалавек, ад ліхаманкі завязваюць 12 вузельчыкаў. Нават археалогія пацвярджае гэты сакральны код: былі знойдзены падвескі ранняга перыяду ВКЛ з 12 кропкамі па краі і шасцікутнікам у цэнтры, што адлюстроўвае міфалагічную сістэму ўяўленняў продкаў беларусаў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што і згадка ў летапісах пра 12 сыноў вялікага князя Альгерда мае сімвалічны характар.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Паходы на Маскву, захоп новых зямель, змова супраць брата. Як княжыў Альгерд
Беларуская міфалогія добра ведае апазіцыю для 12, гэта — 13. Тут 12 з’яўляецца гармоніяй, завершанасцю, стабільнасцю. У сваю чаргу, 13 — разбурэнне, небяспека і хаос. Такое супрацьстаянне адлюстроўвае старажытную патрэбу чалавека трымацца парадку перад чымсьці невядомым.