Натхненне

Першая жанчына-геолаг у Расійскай імперыі была родам з Беларусі. Расказваем пра Ганну Місуну


Першая жанчына-геолаг у Расійскай імперыі была родам з Беларусі. Расказваем пра Ганну Місуну

А ці ведалі Вы, што першая жанчына-геолаг у Расійскай імперыі нарадзілася ў Беларусі? Ганна Місуна заняла ўнікальнае месца ў геалагічных даследаваннях, а яе навуковая спадчына стала падмуркам для развіцця беларускай геалогіі.

PALATNO 

Як дзяўчынка з поўначы Беларусі прайшла да навукі

Ганна Місуна нарадзілася ў 1868 годзе ў сядзібе Забалацце ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні (цяпер гэта Полацкі раён). Ганна паходзіла з сям’і збяднелага шляхціца, аднак менавіта сям’я і ранні інтарэс да прыроды вызначылі яе будучыню.

У 1887 годзе Ганна скончыла прыватную польскую гімназію ў Рызе. Пасля некаторы час працавала настаўніцай. Праз некалькі гадоў дзяўчына вярнулася ў родныя мясціны, дзе інтэнсіўна займалася самаадукацыяй: вывучала прыродазнаўства, вяла перапіску з навукоўцамі з Варшаўскага таварыства даследчыкаў прыроды, збірала калекцыі насякомых і раслін. У той перыяд яна пачала пісаць навукова-папулярныя артыкулы.

У 1893 годзе Ганна на некалькі гадоў едзе на вучобу на прыватныя жаночыя курсы ў Маскву. У дзяўчат праводзілі лекцыі розныя навукоўцы: Паўлаў, Мензбір, Вярнадскі, Сакалоў. Пасля курсаў Місуна едзе ў Германію, а ў Берліне ўдасканальвае веды пад кіраўніцтвам вядомага гляцыёлага Гейнітца. Затым Ганна вяртаецца ў Расійскую імперыі і адправілася ў экспедыцыю, якая вывучала радовішчы жалезнай руды і вугалю ў Тульскай губерні.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Фатограф, навуковец, шляхціц. Расказваем пра Льва Дашкевіча

 

Беларускія вынаходнікі, якія змянілі свет

 

Паплечнік Каліноўскага, стваральнік прататыпа «Кодака», верагодны фальшываманетчык. Кім быў Уладзіслаў Малахоўскі?


Значная частка жыцця Ганны прайшла ў Маскве. Менавіта там яна правяла шмат часу, там займалася навукай і выкладаннем.

У 1906 годзе Ганна стала асістэнткай геалагічнага кабінета Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў. Дзякуючы гэтаму яна змагла чытаць курсы па петраграфіі, палеанталогіі і гістарычнай геалогіі. Пасля Кастрычнікага перавароту Місуна працавала прыват-дацэнтам на геалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта. Місуна разам з яшчэ адным навукоўцам Сакаловым арганізавала першую школу жанчын-геолагаў.

У 1910 годзе Ганна Місуна прадстаўляла Расійскую імперыю на Міжнародным геалагічным кангрэсе ў Стакгольме.

Навука стала яе жыццём

Асноўнай сферай навуковых інтарэсаў Ганны Місуны былі ледавіковыя працэсы і чацвярычныя адклады. У 1898-1901 гады яна правяла маштабныя палявыя даследаванні ў басейнах Заходняй Дзвіны і Нёмана. Місуна працавала пераважна на ўласныя сродкі, яе падтрымлівала Маскоўскае таварыства выпрабавальнікаў прыроды і Расійскага мінералагічнага таварыства.

ШТО ЗА ЧАЦВЯРЫЧНЫЯ АДКЛАДЫ?
Гэта горныя пароды і слаі грунту, якія ўтвараліся ў чацвярычны перыяд геалагічнай гісторыі Зямлі (каля 2,6 мільёнаў гадоў таму і да сучаснасці). Гэта самы малады геалагічны перыяд, які, дарэчы, найбольш выразна паўплываў на сучасны выгляд ландшафтаў Беларусі.

Даследаванні Місуны былі прарыўнымі. Яна стала першай, хто прапанаваў методыку вывучэння канцавых марэн і краявых ледавіковых утварэнняў. Для навукоўцаў такія даследаванні з’яўляюцца даволі важнымі, бо па канцавых марэнах можна вызначыць межы старажытных леднікоў, зразумець этапы зледзянення і дакладна апісаць фарміраванне сучаснага рэльефу. Беларусь, напрыклад, моцна перапрацавала ледавікамі, а многія ўзвышшы — Наваградскае ці Аршанскае — з’яўляюцца марэннымі комплексамі.

Да Місуны даследаванні марэн былі разрозненымі, а яна прапанавала сістэмны падыход разметкі, апісання і класіфікацыі марэн, а яшчэ распрацавала метады катаграфавання такіх утварэнняў. Менавіта таму яе ўклад у гляцыялогію лічыцца наватарскім.

ШТО ЗА МАРЭНЫ І КРАЯВЫЯ ЛЕДАВІКОВЫЯ ЎТВАРЭННІ?
Марэна — гэта пароды, якія ледавік назапашвае, пераносіць і адкладае пры сваім руху. Марэны бываюць розных тыпаў у залежнасці ад таго, дзе яны ўтвараюцца адносна ледавіка. Канцавая марэна ўтвараецца перад ледавіком, на яго краі. Краявыя ледавіковыя ўтварэнні ўключаюць фактычна ўсё, што ўзнікла вакол краю ледавіка ў перыяд яго стабільнасці або паступовага адступлення.

Місуна выявіла сляды некалькіх этапаў зледзянення на тэрыторыі Беларусі, дала навуковае тлумачэнне ледавіковаму рэльефу краіны, даследавала адклады Наваградскага ўзвышша.

З 17 вядомых прац Ганны Місуны дзевяць прысвечаны геалагічнай будове Беларусі, Літвы і Польшчы.

Апошнія гады і ўшанаванне памяці

Ганна Місуна памерла 2 мая 1922 года ў Маскве. Яе пахавалі на Новадзявочых могілках — месцы, дзе знайшлі апошні прыстанак многія выбітныя дзеячы культуры і навукі.

У 2003 годзе мемарыяльныя знакі ў гонар даследчыцы былі ўсталяваны ў яе родным Забалацці і гарадскім пасёлку Ветрына. У Полацку і Ветрыне з’явіліся вуліцы, названыя яе імем.