Now Reading
Ад міліцыянераў да аграномаў. Хто кіруе Гомельшчынай

Ад міліцыянераў да аграномаў. Хто кіруе Гомельшчынай

председатель райисполкома гомель

Былыя сілавікі, настаўнікі, аграномы, а сярод дзясятка старшынь толькі дзве жанчыны… І амаль усе — ураджэнцы Гомельскай вобласці. Дзе яны нарадзіліся, працавалі і калі сталі кіраваць раёнамі вобласці?

PALATNO расказвае, хто кіруе выканкамамі Гомельшчыны.

Гомельская вобласць і Гомельскі раён. Былы міністр і былы ветэрынар

«Галоўны» па Гомельскай вобласці — Іван Крупко. Ён нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Бурдзевічы ў Карэліцкім раёне. Пасля службы ў арміі паступіў у Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, а затым скончыў і Акадэмію кіравання.

Пачынаў кар’еру як заатэхнік у Нясвіжскім раёне. У 2006 годзе яго прызначылі намеснікам старшыні райвыканкама Нясвіжскага раёна. У 2010-2018 гады — старшыня Нясвіжскага райвыканкама. У 2018 годзе стаў кіраўніком Мінскага райвыканкама.

Ад 2020 да 2021 года Лукашэнка прызначыў Крупко міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання. Аднак хутка яго знялі з гэтай пасады і накіравалі ў Гомель — старшынёй аблвыканкама.

Крупко знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, Вялікабрытаніі, Канады, Швейцарыі і Украіны з-за падтрымкі расійскіх войскаў у вайне супраць Украіны.

У Гомельскую вобласць уваходзіць і Гомельскі раён. Ім кіруе Дзмітрый Козел. Ён нарадзіўся ў 1982 годзе ў вёсцы Крушнікі ў Мазырскім раёне. Скончыў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны.

Пачаў кар’еру ў Мазырскім раёне як ветэрынарны доктар. У 2010-2018 гадах працаваў начальнікам Жлобінскай ветстанцыі. У 2018 годзе прызначаны намеснікам старшыні Светлагорскага райвыканкама. У 2020 годзе стаў кіраўніком Добрушскага райвыканкама.

Акцябрскі. Галоўная жанчына з райспажыўтаварыства

Ірына Намачэнка нарадзілася ў Акцябрскім. Скончыла Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай камерцыі і Акадэмію кіравання.

Ад 1997 да 2007 года працавала на розных пасадах у Акцябрскім раённым спажывецкім таварыстве: ад бухгалтара да начальніка рэвізійнага сектара.

У 2009 годзе яе прызначылі начальнікам аддзела эканомікі Акцябрскага райвыканкама. У 2014-м стала намеснікам старшыні Акцябрскага райвыканкама.

У 2022 годзе прызначаная на пасаду старшыні Акцябрскага райвыканкама.

Брагін. Аграном на чале выканкама

Сяргею Карпенку — 37 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Сцяжарнае Брагінскага раёна за некалькі месяцаў да выбуху на Чарнобыльскай АЭС, 12 лютага 1986 года.

У 2010 годзе Карпенка скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Беларускія чыноўнікі, якія займаюць кіраўнічыя пасады, часцяком заканчваюць менавіта гэтую навучальную ўстанову. Да гэтага, ад 2006-га два гады адпрацаваў аграномам у «Пераможніку». У 2008 годзе атрымаў пасаду галоўнага агранома, а затым стаў намеснікам дырэктара гаспадаркі. У 2017 годзе яго прызначылі кіраўніком «Пераможніка».

У 2022 годзе Сяргей Карпенка стаў старшынёй Брагінскага райвыканкама.

Буда-Кашалёва. Заатэхнік з гродзенскай вёскі

Анатоль Гапонік нарадзіўся ў 1982 годзе ў вёсцы Улькоўцы ў Гродзенскім раёне. У 1990-х скончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, а яшчэ пазней — і Акадэмію кіравання.

Кар’еру пачаў як заатэхнік у сельскай гаспадарцы ў Ельскім раёне. Ад 2006 па 2016 год вырас ад заатэхніка да намесніка кіраўніка Ельскага райвыканкама. У 2016 годзе яго прызначылі старшынёй Лельчыцкага райвыканкама.

Праз тры гады, у 2019-м, стаў кіраўніком Буда-Кашалёўскага раёна.

Ветка. Завадчанін, які працаваў у пяці райвыканкамах

Павел Сілівончык нарадзіўся ў 1981 годзе ў Калінкавічах. Ён скончыў Беларуска-расійскі ўніверсітэт і Акадэмію кіравання. Пачынаў працу з пасады слесара на калінкавіцкім заводзе. Ад 2005 да 2012 года працаваў галоўным энергетыкам на калінкавіцкім заводзе жалезабетонных вырабаў, начальнікам аддзела па будаўніцтве ў мясцовым райвыканкаме і інжынерам у двух арганізацыях раёна.

У 2021 годзе яго прызначылі намеснікам старшыні Чачэрскага райвыканкама. У 2014 годзе — намеснікам старшыні Светлагорскага райвыканкама. У 2018 годзе атрымаў павышэнне і пасаду старшыні Нараўлянскага райвыканкама.

У 2019 годзе Лукашэнка прызначыў яго старшынёй Веткаўскага райвыканкама.

Добруш. Чыноўнік-фізкультурнік

У сакавіку 2023 года райвыканкам Добрушскага раёна ўзначаліў Аляксандр Горбач.

Горбач нарадзіўся ў 1983 годзе ў вёсцы Будка ў Рэчыцкім раёне. Адукацыю атрымаў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Працаваў метадыстам па фізічнай культуры ва ўпраўленні сацыяльнымі аб’ектамі «Беларуснафты».

Ад 2010 да 2012 працаваў дырэктарам дзічяца-юнацкай спартыўнай школы ў Рэчыцы. У 2012-2017 гадах падымаўся па кар’ернай лесвіцы ў аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму ў Рэчыцкім райвыканкаме. У гэтыя ж гады быў прызначаны на пасаду дырэктара спартыўнага клуба «Рэчыцкі Ураджай».

У 2017 годзе Горбач атрымлівае павышэнне і адыходзіць ад спартыўнай тэмы: яго прызначылі намеснікам старшыні Рэчыцкага выканкама. У 2020 годзе стаў першым намеснікам старшыні таго ж райвыканкама.

Ельск. Расонскі педагог і ідэолаг на Гомельшчыне

У ліпені 2021 года Віктара Замосціка прызначылі старшынёй Ельскага райвыканкама. Замосцік нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Клясціцы Расонскага раёна. Ён скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут.

У сярэдзіне 1990-х Замосцік працаваў настаўнікам хіміі ў сярэдняй школе ў Рагачове. Напачатку 2000-х стаў метадыстам Дома школьніка, затым — дырэктарам цэнтра пазашкольнай працы Расонскага райвыканкама. У першыя гады «нулявых» стаў выкладчыкам у Палескім сельгастэхнікуме ў Калінкавічах.

Чатыры гады, да 2007 года, адпрацаваў на кафедры біялогіі ў Мазырскім педагагічным універсітэце. У 2007-2010 гады працаваў дырэктарам у Даманавічах і Калінкавічах.

У 2010 годзе яго прызначылі намеснікам старшыні Калінкавіцкага райвыканкама. У 2018 годзе ён стаў старшынёй райвыканкама. Затым Замосцік быў старшынёй Савету дэпутатаў.

Жлобін. Гомельскі транспартнік

Сяргей Ярэц нарадзіўся ў 1983 годзе ў Рэчыцы. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту і Акадэмію кіравання. У 2006-2011 гадах працаваў ў «Гомельаблаўтатрансе» і на розных пасадах у аўтобусным парку ў Рэчыцы, дзе, у рэшце рэшт, стаў кіраўніком выканкама.

У 2011 годзе быў прызначаны намеснікам старшыні Рэчыцкага райвыканкама, а ў 2014-м стаў старшынёй. У 2019 годзе стаў кіраўніком «Гомельаблпраму».

У 2022 годзе прызначаны старшынёй Жлобінскага райвыканкама.

Жыткавічы. Жыткавіцкі аграном

Мікалай Піяўка нарадзіўся ў 1980 годзе ў Жыткавічах. Скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і БДЭУ.

Працаваў аграномам у калгасе «Савецкая Беларусь» у Жыткавіцкім раёне. У 2010-2015 гадах працаваў у гаспадарцы «Тураўшчына» на пасадзе намесніка кіраўніка, а затым пайшоў на павышэнне таксама ў сельскіх гаспадарках. У 2015 годзе атрымаў пасаду першага намесніка старшыні Жыткавіцкага раёна.

У ліпені 2022 года Лукашэнка прызначыў Піяўку старшынёй райвыканкама ў Жыткавічах.

Калінкавічы. Міліцэйскі начальнік Калінкавічаў

Сяргей Гвоздзь нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Стаковічы ў Светлагорскім раёне. Яшчэ падчас СССР скончыў школу міліцыі і педагагічны ўніверсітэт у Мазыры.

Працаваў рабочым у гаспадарцы «Світанак» на Светлагоршчыне. Ад 1989 да 2011 года працаваў у міліцыі, даслужыўся да начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ў Мазырскім РАУС. У 2011 годзе яго абралі старшынёй Мазырскага раённага Савета дэпутатаў.

У сакавіку 2018 Сяргея Гваздзя прызначылі старшынёй Калінкавіцкага райвыканкама.

Карма. Самы ўзроставы старшыня сышоў

У верасні 2023 года Лукашэнка прызначыў кіраўніком Кармянскага раёна Дзмітрыя Шынкарэнку. Ён змяніў на гэтай пасадзе Яўгена Белаша.

Яўген Белаш нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Дворышча Хойніцкага раёна. Ён скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі недзяржаўны інстытут правазнаўства. Першая праца Белаша — трактарыст саўгаса «Судкава» на Хойніччыне. Ад канца 1980-х пачынае займаць кіраўнічыя пасады. У 1999 годзе яго прызначылі кіраўніком упраўлення па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС Гомельскага аблвыканкама. У 2010 годзе стаў кіраўніком прадпрыемства «Палессе». Мае ўзнагароды «За баявыя заслугі» і «За працоўныя заслугі». У 2021 годзе Лукашэнка прызначыў Яўгена Белаша старшынёй Кармянскага раёна.

Лельчыцы. Дасведчаны камунальнік

Сяргей Дылюк нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Махновічы Івацэвіцкага раёна. Скончыў Мазырскі педагагічны інстытут і Акадэмію кіравання. Ад 1992 да 1999 года працаваў у мазырскім ЖКХ: інжынерам, майстрам і начальнікам ЖЭУ.

У 1999 годзе Дылюка прызначылі намеснікам кіраўніка мазырскага «Камунальніка», а затым — дырэктарам камунальнага вытворчага прадпрыемства «Колар».

У 2010 годзе прызначаны намеснікам старшыні Мазырскага райвыканкама. У 2019 годзе стаў старшынёй Нараўлянскага райвыканкама.

У 2022 годзе Лукашэнка прызначыў яго на пасаду старшыні Лельчыцкага раёна.

Лоеў. Малады настаўнік

Алег Таргонскі нарадзіўся ў 1980 годзе ў пасёлку Акцябрскі. Скончыў Мазырскі педагагічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання.

З 2005 года працаваў настаўнікам англійскай мовы ў школе ў Акцябрскім. У 2009 годзе стаў начальнікам аддзелу па справах моладзі ў Акцябрскім райвыканкаме. У 2014 годзе ўзначаліў Акцябрскі раённы Савет дэпутатаў.

У 2022 годзе Таргонскага прызначылі старшынёй Лоеўскага раёна.

Мазыр. Пад кіраўніцтвам бухгалтара

Алена Паўлечка нарадзілася ў 1971 годзе ў вёсцы Кіраў Нараўлянскага раёна. Атрымала эканамічную спецыяльнасць у Беларускай сельгасакадэміі. Пачынала працу бухгалтарам у калгасе «Кіраўскае», там жа стала галоўным эканамістам.

У 2016 годзе яе прызначылі старшынёй Мазырскага райвыканкама.

Нароўля. Міліцэйскі камандзір

Уладзімір Анатаненка нарадзіўся ў 1974 годзе ў вёсцы Дзярновічы Нараўлянскага раёна. Скончыў Акадэмію МУС і Акадэмію кіравання.

Ад 1994 года працаваў ва ўнутраных войсках Беларусі. Мае розныя вайсковыя ўзнагароды.

У 2022-м прызначаны Лукашэнкам на пасаду кіраўніка Нараўлянскага райвыканкама.

Петрыкаў. Настаўнік, якія даслужыўся да старшыні

Аляксандр Кохан нарадзіўся ў 1974 годзе ў Карме Ельскага раёна. Ён скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут і Акадэмію кіравання.

Кар’еру пачаў у Нараўлянскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным вучылішчы. У 1998-2010 гадах быў намеснікам дырэктара гэтай навучальнай установы.

У 2010 годзе стаў першым намеснікам старшыні Нараўлянскага райвыканкама. Ад 2015 года — старшыня Брагінскага райвыканкама.

У 2022 годзе яго прызначылі кіраўніком Петрыкаўскага райвыканкама.

Рагачоў. Дарога ад сельвыканкама да кіраўніка раёна

Віталь Сушко нарадзіўся ў 1981 годзе ў Жлобіне. Ён скончыў Беларускую сельгасакадэмію і Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.

Кар’еру пачаў з пасады інжынера-электрыка ў Жлобінскім раёне. У 2006 годзе стаў галоўным электрыкам прадпрыемства «Папаратнае». У 2009-м узначаліў Папаратнянскі сельскі выканкам. У 2011 годзе — намеснік дырэктара па вытворчасці прадпрыемства «Краснабярэжскі», затым — дырэктар сельскагаспадарчай арганізацыі «Лукскае». У 2014-2016 гадах працаваў на кіраўнічых пасадах у жлобінскім «Металургсацсервісе». У 2016 годзе прызначаны першым намеснікам старшыні Рагачоўскага райвыканкама.

Старшынёй Рагачоўскага раёна Сушко стаў у 2019 годзе.

Рэчыца. Ветэрынар з сельскай гаспадаркі

Сяргей Даўгалёў нарадзіўся ў 1982 годзе ў вёсцы Старыя ў Рагачоўскім раёне. Скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны і Акадэмію кіравання.

У 2008-2012 гадах кіраваў Лоеўскай ветэрынарнай станцыяй, «Лоев Агро» і «Агратэхсервіс».

У 2012-2016 гадах працаваў гандлёвым агентам гродзенскага «Алнікора» і ветэрынарным доктарам у Рэчыцы.

У 2016 годзе прызначаны першым намеснікам старшыні Лоеўскага райвыканкама. У 2022 годзе ўзначаліў Рэчыцкі райвыканкам.

Светлагорск. Чалавек многіх прафесій

Дзмітрый Шабетнік нарадзіўся ў 1975 годзе ў вёсцы Добрынь у Ельскім раёне. Скончыў Мазырскі педагагічны інстытут і Акадэмію кіравання.

Працаваў галоўным спецыялістам у Калінкавіцкім раённым цэнтры занятасці насельніцтва. У 2003-2008 гады ўзначальваў аддзел па праблемах ліквідацыі катастрофы на ЧАЭС, затым кіраваў аддзелам па будаўніцтве мясцовага райвыканкама.

У 2008-2015 гады працаваў намеснікам дырэктара калінкавіцкага «Камунальніка». У 2015 годзе стаў намеснікам старшыні ў Светлагорскім райвыканкаме.

Шабетніка прызначылі старшынёй Светлагорскага раёна ў 2022 годзе.

Хойнікі. Ад агранома да старшыні раёна

Анатоль Бандарэнка нарадзіўся ў 1987 годзе ў вёсцы Пудакаў у Хойніцкім раёне. Ён скончыў Беларускую сельгасакадэмію.

Кар’еру пачынаў аграномам у сельскай гаспадарцы «Веляцін» у Хойнікаўскім раёне. У 2009-2014 гадах прасунуўся па кар’ернай лесвіцы ў тым жа прадпрыемстве да дырэктара.

У 2015 годзе стаў намеснікам старшыні Хойніцкага райвыканкама.

І ўжо праз два гады, у 2017 годзе Бандарэнку прызначылі старшынёй Хойніцкага райвыканкама.

Вярнуцца ўгару