Юзік, Доня, Ясь. Як па-рознаму ў Беларусі называлі хлопцаў

імёны хлопчыкаў, мужчынскія імёны беларусь, беларускія імёны для хлопцаў

Якія варыяцыя папулярных мужчынскіх імён выкарыстоўвалі нашы дзядулі і бабулі? Пагарталі лексічны атлас гаворак Беларусі і даведаліся шматлікія цікавосткі.

PALATNO расказвае пра мужчынскія імёны.

Андрэй

У большасці на ўсёй тэрыторыі Беларусі Андрэя так і называюць — Андрэй. Другой па распаўсюджанасці варыяцыяй ёсць Андруша. Разам з гэтым, але ў меншай ступені, распаўсюджаны іншы варыянт — Андрэйка (больш за ўсё гэту форму выкарыстоўваюць на Палессі і цэнтральнай Беларусі).

Аднак ёсць рэгіянальныя асаблівасці. Так у заходняй часткі Беларусі (Брэсцкая, Гродзенеская і частка Віцебскай абласцей) існуе варыяцыя Андрук.

Андрэя называюць Андрухай на ўсходзе Беларусі і частцы Віцебскай вобласці.

Даніла

Імя Даніла ведаюць на ўсёй беларускай зямлі. Данілаў называлі часцяком скарочанай формай Даня. Разам з гэтым дыволі папулярным варыянтам быў Данілка.

На ўсходзе Беларусі — пераважна ў Магілёўскай і ўсходняй частцы Віцебскай вобласці — карысталіся варыянтам Доня.

Цікава, што толькі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці зафіксавана форма Данілюк.

Зміцер

Самымі распаўсюджанымі формамі гэтага імя былі Зміцер і Дзмітрый. Крыху менш — Змітрок.

Яшчэ адна папулярная форма імені — Змітра (з націскам на першы склад) — выкарыстоўвалася больш за ўсё ў цэнтральнай Беларусі і часткова на Палессі.

Варыянт Змітро найбольш распаўсюджаны на поўдні Гомельшчыны.

У заходняй Беларусі дамінуюць формы Зміцер і Міця.

Павел

Гэта адно з імён, дзе можна назіраць падзел на поўдзень і поўнач Беларусі.

На поўдні Беларусі — ад Гродна-Мінска-Магілёва і ўніз — найбольш распаўсюджаным імем лічыцца Павел. На Палессі распаўсюджанай формай імені ёсць Паўлюк і Паўло (з націскам на другі склад). На Брэстчыне і Гродзеншчыне карыстаюцца варыянтам Паўлюк.

Што тычыцца беларускай поўначы, то там карыстаюцца рознымі варыянтамі, але Павел найменш папулярны і больш распаўсюджаны ля Віцебска. У рэгіёне дамінуюць Паўлюк і Паўла (з націскам на першы склад).

Пётр

Імя Пётр найбольш распаўсюджана на ўсходзе Беларусі. Увогуле форма «Пётр» была не такой папулярнай у нашых продкаў.

Напрыклад, на Віцебшчыне і поўначы Міншчыны выкарыстоўвалі варыяцыю Пётра, Пятро, Пятрусь. На Палессі самай папулярнай была форма Пятро.

Увогуле можна адзначыць, што самыя папулярныя беларускія варыяцыі імені Пётр — Пятрусь і Пятрук.

Стась

Найбольш распаўсюджаная форма імені — Стась. Яе ведалі і карысталіся па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Форму Станіслаў таксама выкарыстоўвалі, але кропкава ў розных частках краіны.

На тэрыторыі заходняй Беларусі былі распаўсюджаны варыяцыі Стасюк і Стасік. А на поўначы яшчэ вядома адна форма — Стасёк.

Юзік

Найбольш распаўсюджаная форма — Юзік. Аднак у гэтага імені шмат рэгіянальных асаблівасцей, найбольш — на захадзе Беларусі. На ўсходзе існавалі варыянты як Восіп і радзей Юзаф.

На Палессі найбольш карысталіся формай імені Ёсіп і Юзя.

На Гродзеншчыне карысталіся варыянтамі Язэп, Юзюк, Ёзік, Юзаф. На Віцебшчыне больш за ўсё карысталіся іменем Юзюк.

Янка

Найбольш распаўсюджаная форма імені была Янка. Аднак разам з Янкам дамінавалі і іншыя. У асаблівасці, было папулярным варыянт Іван. Іванамі называлі найчасцей на Палессі і ва ўсходняй Беларусі, там жа карысталіся памяншальна-ласкальнай формай Ваня.

У заходняй Беларусі, пераважна на Гродзеншчыне і Віцебшчыне, выкарыстоўвалі формы Янук, Янак, Ясь.

Вярнуцца ўгару