Натхненне

Бронзавы прызёр еўрапейскага першынства і герой Варшаўскага паўстання. Гісторыя першага беларускага баскетбаліста, які ўзяў медаль чэмпіяната Еўропы


Бронзавы прызёр еўрапейскага першынства і герой Варшаўскага паўстання. Гісторыя першага беларускага баскетбаліста, які ўзяў медаль чэмпіяната Еўропы

Доўгі час лічылася, што першым беларусам, які браў медалі на чэмпіянатах Еўропы па баскетболе, быў Іван Ядэшка. Але гэта не так: першым ураджэнцам і ўладальнікам медаля першынства Еўропы з’яўляецца Ежы Рассудоўскі. Рассудоўскі нарадзіўся на Міншчыне і выступаў за польскія клубы ў міжваенны час, а яшчэ ўдзельнічаў у складзе зборнай Польшчы на чэмпіянаце Еўропы ў 1939 годзе. Для Рассудоўскага гэта быў адзіны міжнародны турнір у кар’еры, бо затым пачалася Другая сусветная вайна, у якой ён удзельнічаў і з-за якой загінуў.

PALATNO расказвае пра першага ўраджэнца Беларусі, які стаў уладальнікам медаля чэмпіяната Еўропы па баскетболе.

Баскетбаліст, ваяр і паўстанец

Ежы Рассудоўскі нарадзіўся ў 1914 годзе ў Пацейках (цяпер — аграгарадок у Капыльскім раёне на Міншчыне). Бацька Ежы, Станіслаў Рассудоўскі, працаваў у маёнтку Радзівілаў у Міры, а маці звалі Зоф’я. У Ежы быў старэйшы брат, якога звалі Станіслаў. Брата забілі супрацоўнікі НКВД у Старабельску.

Ад 1929 да 1934 года вучыўся ў Рыдзыне ў Велікапольскім ваяводстве. Там жа займаўся баскетболам і прадстаўляў на спаборніцтвах сваю школу. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны вучыўся ў Варшаўскім політэхнічным універсітэце.

Напрыканцы 1930-х гадоў далучыўся да варшаўскага клуба «Палонія». У 1939 годзе з варшавякамі стаў віцэ-чэмпіёнам Польшчы. А яшчэ праз некалькі месяцаў у складзе нацыянальнай зборнай Польшчы ўзяў бронзавыя медалі чэмпіянату Еўропы.

ежы рассудоўскі, беларускі баскетбол, гісторыя беларускага баскетбола
Ежы Рассудоўскі першы справа, у камандзе «Варшавы» перад матчам з «Берлінам». Фота: Przegląd Sportowy

Ежы Рассудоўскі стаў прызёрам чэмпіянату Еўропы за 32 гады да Івана Ядэшкі, беларускага баскетбаліста і алімпійскага чэмпіёна.

У пачатку вайны запісаўся дабраахвотнікам у самадзейную аператыўную групу «Палессе», якая павінна была абараняць Палескае ваяводства і прыкрыць польскія войскі з усходу. Група капітулявала ў пачатку кастрычніка 1939 года пасля бітвы пад Коцкам, там жа Рассудоўскі быў узяты ў палон немцамі. У хуткім часе ён змог уцячы з палону і вярнуцца ў Варшаву.

У лютым 1942 года ўступіў у арганізацыю «Унія», якая была падпарадкавана Арміі Краёвай, і ўзяў мянушку «Стары», якую ўжываў яшчэ падчас вучобы ў Рыдзыне. Пасля ён стаў служыць у палку «Башта» Арміі Краёвай. Напрыканцы Другой сусветнай Рассудоўскі ўвайшоў у батальён zgrupowania «Oaza».

ежы рассудоўскі, беларускі баскетбол, гісторыя беларускага баскетбола
Ежы Рассудоўскі ў часы службы ў палку «Башта». Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Ежы Рассудоўскі прыняў удзел у Варшаўскім паўстанні. Ён памёр 2 верасня 1944 года ў баях у Варшаве на вуліцы Івіцкай. Яго цела было эксгумавана ў красавіку 1945 года і пахавана на могілках у Варшаве.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Пінскі яўрэй, які стаў капітанам хакейнай зборнай Польшчы. Расказваем гісторыю Тадэвуша Сакса

ежы рассудоўскі, беларускі баскетбол, гісторыя беларускага баскетбола
Магіла Ежы Рассудоўскага.

Першы і апошні чэмпіянат Рассудоўскага

За тры месяцы да пачатку Другой сусветнай вайны ў Літве адбыўся чэмпіянат Еўропы па баскетболе. Дух будучай вайны адчуваўся нават на баскетбольнай пляцоўцы: напрыклад, каманда Багеміі і Маравіі не ўдзельнічала ў турніры, бо нацысцкая акупацыйная ўлада забараніла баскетбалістам выязджаць за мяжу. Літва правяла турнір у Каўнасе на працягу тыдня напрыканцы мая.

Сістэма правядзення чэмпіянату была простай: усе каманды гулялі адна з адной па матчу. За перамогу зборная атрымлівала два ачкі, за паразу — адно ачко. На чэмпіянаце Еўропы ў Каўнасе палякі згулялі сем матчаў, перамаглі ў пяці з іх. Толькі зборныя Латвіі і Літвы змаглі нанесці паразу польскай камандзе.

Асабліва напружаным матчам для Польшчы была гульня з французамі, якіх лічылі аднымі з фаварытаў чэмпіянату. У канцы гульні палякі вялі з перавагай у тры ачкі, французы змаглі рэалізаваць толькі адзін штрафны кідок. Калі суддзя свіснуў аб канцы матча, французская зборная пачала пратэставаць пра заўчаснае заканчэнне гульні, але пратэст адхілілі.

Чэмпіёнам стала зборная Літвы, другае месца заняла нацыянальная каманда Латвіі. Палякі скончылі турнір на трэцім месцы.

ежы рассудоўскі, беларускі баскетбол, гісторыя беларускага баскетбола
Зборная Польшчы па баскетболе ў 1939 годзе. Ежы Рассудоўскі — першы справа. Фота: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Для Ежы Рассудоўскага гэта быў першы вялікі міжнародны турнір. Да пачатку еўрапейскага першынства ён добра паказаў сябе ў нацыянальным чэмпіянаце Польшчы, таму яго абралі ў зборную.

У афіцыйным архіве Міжнароднай федэрацыі баскетбола не пазначаецца колькасць хвілін і забітых ачкоў Рассудоўскага на чэмпіянаце Еўропе. Аднак, згодна з паведамленнямі польскай прэсы падчас правядзення першынства, Рассудоўскі гуляў на турніры і адзначыўся адным забітым ачком (хутчэй за ўсё, гэта быў мяч, забіты са штрафнога).