Now Reading
Беларуская зборная КВЗ «ЧП» — адна з самых яркіх каманд, якая так і не стала чэмпіёнам

Беларуская зборная КВЗ «ЧП» — адна з самых яркіх каманд, якая так і не стала чэмпіёнам

квн чп каманда, смарыгін, танковіч

У залатыя гады Клуба вясёлых і знаходлівых у Вышэйшай лізе было ўсяго некалькі каманд з Беларусі. Адна з іх — зборная «ЧП». Яркія вясёлыя хлопцы ў чорна-аранжавых кофтах выдавалі цудоўныя нумары ў стылі прафесійных тэатральных пастановак. Любое іх выступленне было эталонам гумару.

PALATNO расказвае пра адну з самых любімых гледачамі каманд КВЗ, якая даказала, што можна быць лепшымі і без чэмпіёнскага тытула.

Чорны Плашч

Гісторыя каманды КВЗ «ЧП» пачынаецца ў 1994 годзе. У сярэдняй школе №130 горада Мінска (цяпер — гімназія №15) адбыўся школьны чэмпіянат КВЗ з удзелам каманды 10 «Д» класа, у якім вучыўся Жэня Смарыгін, будучая зорка зборнай, і каманды 9 «А». Дзмітрый Танковіч, які быў капітанам, у той час вучыўся ў выпускным класе і проста назіраў за гульнямі з боку.

Цікава, што сваёй назвай зборная абавязана Смарыгіну. У хлопца быў любімы чорны плашч, які ён увесь час насіў. Аднойчы Жэня моцна спазніўся на ўрок фізікі і настаўніца ўжо збіралася ставіць яму пропуск. Смарыгін у гэтым сваім плашчы ўварваўся ў клас з крыкам: «Не стаўце мне “н”!». На што настаўніца адказала: «О, ЧП прыляцеў». Усе засмяяліся, і мянушка прыліпла да хлопца да канца школы. Хто б тады мог падумаць, што хутка яна ператворыцца ў сапраўдны брэнд, на які паваліць публіка.

Пасля школьнага чэмпіянату дырэктар школы вырашыў стварыць сапраўдную зборную, да якой нарэшце далучыўся і Танковіч. У гэтым жа годзе ўжо ў абноўленым складзе каманда «ЧП» прыняла ўдзел у агульнагарадскім чэмпіянаце КВЗ сярод школ як лепшая школьная каманда Савецкага раёна Мінска сезона 1996 года. Наступныя тры гады «ЧП» паспяхова выступала на розных гарадскіх чэмпіянатах.

У гэты ж час каманда займалася не толькі КВЗ, але і ездзіла на турыстычныя злёты. На адным з такіх злётаў у Тальцы хлопцы пазнаёміліся з Раманам Старобінскім, які пазней узяў на сябе ўсе адміністрацыйныя абавязкі, а яшчэ нейкі час пісаў жарты для каманды, пакуль хлопцы не набраліся досведу. Менавіта пад яго кіраўніцтвам каманда па выніках Фестывалю Беларускага КВЗ трапляе ў Вышэйшую лігу Беларускага КВЗ сезона 1997 года і даходзіць да паўфіналу. Там «ЧП» прайгралі камандзе «Сімплесін», у якой гуляла большая частка будучага другога складу зборнай БДУ.

У гэтым жа годзе адбыўся першы гастрольны тур каманды ў складзе зборнай Беларускага КВЗ па дамах адпачынку на возеры Нарач.

Першыя перамогі і пападанне ў Вышэйшую лігу КВЗ

З 1998 года пачынаюцца першыя сур’ёзныя поспехі каманды — «ЧП» выйграюць Вышэйшую лігу кубка КВЗ Беларусі і становяцца чэмпіёнамі Адкрытага чэмпіянату КВЗ Балтыі ў Рызе, за што ім дораць пуцёўку ў Швецыю і магнітафон ад пасла Беларусі ў Латвіі. А Танковіч і Смарыгін упершыню выступаюць на фестывалі ў Сочы ў складзе беларускай зборнай КВЗ «Беларускі вакзал», з якой прабіваюцца ў Першую лігу Міжнароднага Саюза КВЗ і даходзяць да чвэрцьфіналу.

Цікавым вопытам стаў удзел «ЧП» у гульнях Клуба Вясёлых Аідаў (яўрэйскі КВЗ) па ініцыятыве Рамана Старобінскага. Беларусы і тут узялі першае месца.

У 1999 годзе каманда выйграла першую Еўралігу Міжнароднага Саюза КВЗ, якая адкрылася ў Мінску. Зімой таго ж года «ЧП» зноў паехалі на Сочынскі фестываль у складзе зборнай «Беларускі вакзал». На гэты раз былі не толькі Смарыгін і Танковіч, але і ўся каманда. Па выніках «Беларускі вакзал» прайшоў у Адкрытую Украінскую лігу, праўда, прайграў у 1/8 фіналу.

Пасля ўсіх турніраў «ЧП» прымае рашэнне прабівацца ў вялікі КВЗ ужо не ў складзе «Беларускага вакзала», а самастойна.

У студзені 2000 года «ЧП» упершыню трапляюць на фестываль у Сочы пад уласнай назвай і даходзяць да паўфіналу. Гэта стала першым самастойным выступам каманды на такім узроўні. Затым каманда зноў едзе гуляць у Кіеў, у Адкрытую Украінскую лігу, на гэты раз таксама самастойна. Там беларусы прайграюць у чвэрцьфінале. Аднак праз тыдзень «ЧП» бяруць назад на месца каманды «Дзяўчыны з Жытоміра», якія адмовіліся ад паўфіналу. У выніку «ЧП» прабілася ў фінал і стала чэмпіёнам Адкрытай Украінскай лігі, абыграўшы нашмат больш дасведчаны «95 квартал» Уладзіміра Зяленскага. Гэтая перамога пазней дасць мінчанам права паўдзельнічаць у фестывалі «Галаслівы КіВіН» у Юрмале і ўпершыню выступіць у наступным сезоне Вышэйшай лігі КВЗ.

У 2001 годзе «ЧП» прымае ўдзел у Вышэйшай лізе КВЗ на сцэне знакамітага Маскоўскага Палаца моладзі і ў першай 1/8 фіналу нечакана займае першае месца, абышоўшы «Стомленых сонцам».

Аднак ужо ў 1/4 «ЧП» прайграюць. Пазней у гэтым жа годзе мінчане гуляюць у Кубку Судака разам з камандамі «Дзеці лейтэнанта Шміта», «Парма» і іншымі. А яшчэ Танковіча і Смарыгіна запрашаюць паўдзельнічаць у матчы-рэваншы «Зборная XX стагоддзя супраць зборнай XXI стагоддзя».

У гэтым жа годзе беларусы не вельмі ўдала выступаюць у Сочы і замест чаканага сезона ў Вышэйшай лізе зноў вяртаюцца ва Украінскую, дзе дабіраецца да фіналу і становіцца віцэ-чэмпіёнам.

У наступным годзе «ЧП» зноў спрабуюць сябе ў Вышэйшай лізе і даходзяць да самага складанага ў кар’еры паўфіналу, прычым не простага, а двухсерыйнага. І калі на першую гульню сіл хапіла, то на другую — ужо не заставалася. Так беларусы закрылі сезон са званнем «Двойчы паўфіналіст Вышэйшай лігі КВЗ».

Сезон 2004 года зборная «ЧП» па парадзе Аляксандра Маслякова прапускае, але ўдзельнічае ў Музычным Фестывалі «Галаслівы КіВіН» у Юрмале і выйграе Прэзідэнцкі КіВіН. Усё дзякуючы легендарнаму нумару «Пікавая дама», які, дарэчы, быў напісаны ўсяго за дзве гадзіны ў цягніку Кіеў-Мінск.

Апошні сезон і распад каманды

Наступны год становіцца для беларусаў апошнім у КВЗ. На фестывалі «Галаслівы КіВіН» каманда бярэ КіВіНа ў светлым, а ў сезоне бліскуча праводзіць тры адборачныя гульні і заваёўвае першыя месцы.

Практычна ва ўсіх гульнях беларусы выглядалі ў разы мацнейшымі за сваіх сапернікаў і ніколі яшчэ не падбіраліся так блізка да перамогі. Усе былі ўпэўненыя — галоўны кубак паедзе ў Мінск. Аднак фінал усіх шакіраваў. Каманда гуляла нашмат больш слаба, чым звычайна, і ў выніку заняла апошняе месца. Дзмітрый Танковіч адчуваў сябе разбітым — амаль 12 гадоў ён разам з камандай ішоў да сваёй мэты стаць чэмпіёнам. Гледачы тады не маглі зразумець, у чым прычына такой слабай гульні ў любімай зборнай. Хадзіла шмат чутак — і што беларусаў засудзілі, і што выразалі частку нумароў. Але ўсё было банальна проста — на фінал у каманды не засталося ні маральных, ні фізічных сіл. Як скажа потым Танковіч: «Мы свой фінал згулялі ў паўфінале, які нас моцна выматаў». Праз шмат гадоў на пытанне, чаму «ЧП» не пайшлі ў наступныя сезоны КВЗ змагацца за чэмпіёнства, Танковіч адкажа: «Я лічу, што ўсё, што мы маглі сказаць у 2005-м, мы сказалі».

Астатак 2005 года і практычна ўвесь 2006-ы «ЧП» ездзіць з гастролямі па Еўропе і СНД. Усюды аншлагі і натоўпы фанатаў пад вокнамі гасцініц. Але не ўсё было гладка, пастаянна не хапала грошай. Яўген Смарыгін згадвае іх паездкі па Беларусі разам з Андрэем Мукавозчыкам — тады вядучым беларускага КВЗ, які дапамагаў арганізоўваць канцэрты для каманды, а зараз — прапагандыст рэжыму Лукашэнкі: «Нас не кармілі. Мы проста галадалі. Мукавозчыку там нейкія сутачныя выдалі, а ён думаў, што нас арганізатары будуць карміць. Мы тыдзень ездзілі па абласных цэнтрах нашым, і нам каманда КВЗ з Магілёва дала мех бульбы. І мы спыняліся ў лесе, смажылі бульбу. Вось у нас такія гастролі з Мукавозчыкам былі. Гэта вечна быў нейкі жлоб, які не плаціў нам сутачныя».

Пазней мінчан запрасілі ў дадатковы паўфінал Вышэйшай Украінскай лігі. Сапернікамі былі «Уездны горад» і «Дзеці лейтэнанта Шміта». Каманда «ЧП» упэўнена выйграла паўфінал, але ў фінале заняла толькі чацвёртае месца.

Хутка Дзмітрый Танковіч вырашае пакінуць каманду. Аб сваім рашэнні і наступным распадзе каманды былы капітан скажа: «Разам мы ніяк не ўзляталі. Унутры каманды ўсё часцей узнікалі рознагалоссі, і ў нейкі момант я сказаў, што больш не магу, і сышоў. Усе былі ў шоку, ніхто не чакаў. Але затое потым паасобку ўзляцелі ўсе». Паступова са зборнай пачалі сыходзіць астатнія, і ад «ЧП» нічога не засталося. Толькі зрэдку стары склад можна было ўбачыць на юбілейных канцэртах КВЗ.

Пераезд былой каманды ва Украіну і новае жыццё

Амаль адразу пасля зыходу з КВЗ многія з каманды пераязджаюць ва Украіну, якая іх ужо ведае і любіць, і вырашаюць паспрабаваць свае сілы там. У кожнага з’яўляюцца свае праекты — нехта працуе на тэлебачанні, нехта піша сцэнарыі. Адзін з былых ЧПэшнікаў Аляксей Палякоў расказвае ў інтэрв’ю: «Пасля завяршэння кар’еры ў КВЗ ва Украіну пераехалі мы ўсе. Было шмат прапаноў, у тым ліку і з Масквы. Але мы ўсе выбралі Украіну. У 2007 годзе яна нам падалася — і да гэтага часу здаецца — аптымальнай для жыцця з тых краін, якія мы разглядалі. Людзі тут добрыя, умовы для таго, каб будаваць кар’еру, добрыя, тэлебачанне развітае».

У жыцці франтмэнаў «ЧП» Танкавіча і Смарыгіна пераломным момантам становіцца шоу «Україна має талент», куды беларусаў запрашаюць на кастынг вядучых. Так былыя гульцы КВЗ знаходзяць для сябе новы занятак і паступова становяцца для ўкраінцаў аднымі з самых любімых зорак.

Дзмітрый Танковіч доўгі час працуе вядучым рэйтынгавых забаўляльных праграм на ўкраінскім тэлеканале СТБ. Цяпер Дзмітрый — запрошаны артыст папулярнага «Дызель Шоу» на тэлеканале ICTV, а з 2022 года — вядучы сатырычнага праекта «А я вам зараз пакажу» на YouTube-канале Nexta Live. Яўген Смарыгін паспеў паздымацца ў кіно ў Расіі і Украіне, вёў разам з Танковічам шоу на СТБ, а цяпер — адзін з вядучых акцёраў таго ж «Дызэль Шоу». Абодва артысты жанатыя на ўкраінках і ўжо маюць украінскае грамадзянства. Пра тое, каб яшчэ раз сабрацца старым складам зборнай, і гаворкі не ідзе. Ва ўсіх сваё жыццё, не звязанае з КВЗ.

Вярнуцца ўгару