Вы чытаеце:
Мода па-беларуску: расказваем пра беларускіх дызайнераў, якія сталі вядомымі за мяжой

Мода па-беларуску: расказваем пра беларускіх дызайнераў, якія сталі вядомымі за мяжой

дызайнеры, беларускія дызайнеры, беларускія мадэльеры

Хоць Беларусь не з’яўляецца сусветнай сталіцай моды, але і тут ёсць дызайнеры, якія стварылі паспяховыя брэнды і дабіліся прызнання не толькі дома, але і за мяжой.

PALATNO расказвае пра самых вядомых з іх.

Іван Айплатаў — заснавальнік беларускай моды

Іван Айплатаў — адзін з самых вядомых беларускіх дызайнераў, якога называюць заснавальнікам беларускай моды. Творы Айплатава носяць знакамітасці нават за акіянам (Boy George, Fergie), а fashion-журналісты называюць яго дызайнерам-правакатарам, на што ён адказвае, што проста любіць гумар у модзе — пры ўсім сваім сур’ёзным стаўленні да прафесіі.

Іван нарадзіўся ў расійскім горадзе Іашкар-Ала ў сям’і вайскоўца. Дзяцінства будучага дызайнера прыпала на эпоху татальнага дэфіцыту. Хлопчык назіраў, як у сям’і цэлымі днямі шылі, вязалі, нешта майстравалі, і неўзабаве пачаў шыць сам. У 8 класе ён са старых джынсаў пашыў сабе куртку, якую адзін з сяброў папрасіў памяняць на новы ровар «Салют». Менавіта тады Іван зразумеў, што на шыцці адзення можна зарабляць. Пасля школы хлопец паступіў у тэхналагічны каледж на спецыяльнасць мадэльер-канструктар і паралельна з вучобай быў фарцоўшчыкам. У Мінск Іван пераехаў пасля жаніцьбы з беларускай.

Амаль адразу Айплатаў гучна заявіў пра сябе як пра таленавітага мадэльера. У 2003 годзе ён дэбютаваў на Расійскім тыдні моды, пасля чаго ў беларускага дызайнера з’явіліся першыя зорныя кліенты — Ксенія Сабчак, Сяргей Шнураў, Ілля Лагуценка і іншыя. Штогод Айплатаў паказваў новыя калекцыі на Belarus Fashion Week. У Беларусі ён шыў для гуртоў «Ляпіс Трубяцкі» і «Беларускія песняры», каманды КВЗ «ЧП», папулярных тэлевядучых, дзіцячага «Еўрабачання-2005» і Ксеніі Сітнік. А сумесна з Вадзімам Галыгіным мадэльер стварыў лініі адзення Comedy Fashion.

Работы Айплатава дэманстраваліся на міжнародных выставах моды ў Чэхіі, Германіі і іншых еўрапейскіх краінах. Дызайнеру прыходзіць па 2-3 прапановы ў год ад еўрапейскіх тыдняў моды ў Мілане і Парыжы, але Іван не гоніцца за сусветнай папулярнасцю. Ён разумее, што такія паездкі часцей за ўсё нерэнтабельныя, таму што ніхто з беларускіх дызайнераў пакуль не можа зрабіць вялікіх калекцый, якія б свабодна прадаваліся за мяжой і маглі акупіцца.

Некалькі гадоў Айплатаў працаваў крэатыўным дырэктарам найбуйнейшага вытворцы вопраткі ў Беларусі — фабрыкі Elema. У яго паслужным спісе таксама супрацоўніцтва з вядомымі кампаніямі: JTI (цыгарэты Glamour, распрацоўка аксесуарнай лініі для тытунёвай кампаніі), Camelot, Gota, Tuborg і каласальны досвед працы ў папулярных кінакарцінах і тэатральных пастаноўках. А яшчэ Іван Айплатаў — агульнапрызнаны майстар прынта і слоганаў.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Ivan Aiplatov (@aiplatov)

У 2009 годзе беларускі мадэльер стварыў аксесуар, які стаў яго візітоўкай —баксёрскую пальчатку-мядзведзя, якая прынесла дызайнеру сусветную славу, асабліва на амерыканскім рынку. У 2018 годзе брытанская кампанія выкупіла ліцэнзію на аксесуар за суму з шасцю нулямі.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от Ivan Aiplatov (@aiplatov)

Апці Эзіеў — самы брутальны беларускі дызайнер

Апці Эзіеў — беларускі дызайнер з чачэнскімі каранямі і адзін з самых яркіх прадстаўнікоў беларускай моднай індустрыі. Яго брэнд у першую чаргу асацыіруецца з прагрэсіўнай моладдзю, якая не баіцца праяўляць сваю індывідуальнасць.

Вайна ў Чачні вымусіла сям’ю Апці пераехаць у Беларусь. Бацькі былі ўпэўненыя, што пераезд будзе часовым, але ў выніку засталіся тут амаль на 10 гадоў і толькі ў 2007 вярнуліся на радзіму. Апці вырашыў не пакідаць Беларусь, якую даўно стаў лічыць сваім домам. Менавіта тут хлопец здабыў прафесію і знайшоў сваё прызначэнне. Апці ўпэўнены: калі б ён вярнуўся ў Чачню, ніколі не стаў бы дызайнерам, бо гэта супярэчыць традыцыям і культуры яго народа. Мужчына-дызайнер з Чачні — гэта нонсэнс, на гістарычнай радзіме Апці дагэтуль асуджаюць. Пераезд у Беларусь даў маладому таленавітаму чалавеку шанец самарэалізавацца насуперак нацыянальным стэрэатыпам.

Шыць будучы дызайнер пачаў, можна сказаць, выпадкова. Аднойчы ён купіў у сэканд-хэндзе джынсы, якія аказаліся занадта шырокімі. Аднёс іх у атэлье па рамонце адзення, хвілін 40 тлумачыў швачцы, як іх ушыць, а ў выніку атрымаў зусім не тое, што ўяўляў. Тады хлопец зразумеў, што хоча сам навучыцца «завужваць» джынсы, і паступіў у швейны каледж. Там ён адвучыўся на мадэльера-канструктара і стаў лепшым выпускніком установы за апошнія 37 гадоў. З некалькімі сваімі калекцыямі і пройдзенымі ў Маскве і Берліне стажыроўкамі Апці Эзіеў увайшоў у дзясятку найлепшых дызайнераў Беларусі.

У яго вельмі пазнавальны стыль, які моцна вылучае дызайнера сярод калег. Эзіеў вядомы сваімі брутальнымі жаночымі і мужчынскімі сумкамі, паліто і касухамі, ірванымі футболкамі, элітнымі скуранымі рамянямі. У сваім дызайне ён робіць акцэнт на працу са скурай і джынсам, а таксама надае асаблівую ўвагу дэталям: зашпількам і заклёпкам.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от APTI EZIEV (@aptieziev)

З 2011 года Апці Эзіеў удзельнічае ў модных паказах у Еўропе і Расіі. Шмат разоў беларускаму дызайнеру прапаноўвалі зладзіць паказы ў Нью-Ёрку, але ён вымушаны быў адмаўляцца праз цяжкасці з візамі для сваёй каманды. А працаваць у дэфіле з незнаёмымі мадэлямі мадэльер прынцыпова не хоча.

Эзіеў працаваў над буйным праектам для завода LUCH — распрацоўваў дызайн гадзіннікаў і акуляраў. Калабарацыя паспяхова прадавалася ў розных краінах Еўропы, і, вядома, у Беларусі і Расіі. Таксама дызайнер супрацоўнічаў з кампаніямі «Белавіа» і ZIKO.

Апці Эзіеў — уладальнік папулярнага ў Мінску шоу-рума. Сваё развіццё дызайнер бачыць тут, нягледзячы на паспяховыя продажы прадукцыі брэнда за мяжой, але не выключае мажлівасці пераехаць на нейкі час у Мілан і адкрыць там сваю студыю.

Алёна Гарэцкая — імперыя беларускай шлюбнай моды і pret-a-porter

Беларускі брэнд Alena Goretskaya з’явіўся ў 2009 годзе на базе моднага дому Papilio, які заснавала дызайнерка Алёна Гарэцкая ў пачатку нулявых. За гэты час ён паспеў вырасці ў вялізную модную імперыю.

Мадэльерам Алёна марыла стаць з дзяцінства. Яна бясконца малявала і шыла адзенне для лялек, а пазней, не валодаючы спецыяльнымі ведамі, пачала шыць і для сябе. У 1990-х будучая дызайнерка разам з сяброўкай адкрыла ў Брэсце першы вясельны салон. Спачатку сукенкі прывозілі з-за мяжы, але аказалася, што гэта зусім не тое, што патрабуюць нявесты. Так Алёна ва ўласнай майстэрні пачала сама шыць сукенкі, якія раскупляліся імгненна. Пра таленавітую дызайнерку пайшлі чуткі ў Расіі. Неўзабаве беларуска паўдзельнічала ў выставе вясельных сукенак у Маскве, дзе выклікала неверагодны ажыятаж. Паступова маленечкая майстэрня вырасла ў модны дом Papilio. Алёна стала прымаць удзел у шматлікіх конкурсах, модных шоу і паказах, у тым ліку замежных: італьянскіх, японскіх, французскіх. Работы беларускі сабралі многа захопленых водгукаў і былі ацэненыя вядучымі дызайнерамі з усяго свету.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от 🦋 Papilio | Wedding&Evening (@papilio_official)

Прафесійнай адукацыі Гарэцкая так і не атрымала. Падчас стварэння новых калекцый яна часта спрачалася з канструктарамі, якія сцвярджалі, што няможна рабіць так, як яна хоча. Але дызайнерка адстойвала свой пункт гледжання, у выніку чаго на свет з’яўляліся ўнікальныя ўборы. Пазней, калі ў еўрапейскіх буціках яна разглядала сукенкі знакамітых дызайнераў, часта знаходзіла тыя ж апрацоўкі, да якіх прыходзіла інтуітыўна.

Буцікі брэндаў Papilio і Alena Goretskaya адзін за адным сталі адкрывацца ў буйных гарадах Беларусі, Расіі, Польшчы, Чэхіі, Грэцыі, у краінах Балтыі, а таксама ў ЗША, Канадзе і Новай Зеландыі. На працягу многіх гадоў ва ўборах ад Алёны Гарэцкай выступалі ўдзельніцы ад Беларусі ў конкурсах прыгажосці: «Міс Свету», «Міс Інтэрнэшнл», «Міс Еўропы». У 2014 годзе Алёна прэзентавала калекцыю вясельных сукенак «Элада» ў Мілане, куды, як вядома, дапускаюцца далёка не ўсе модныя брэнды. Неўзабаве фатаграфіі з паказу яе калекцый былі змешчаны ў глянцавых часопісах Elle і L`Officiel. Праз год новая калекцыя «Царэўна Лебедзь» паўтарыла поспех. Адметнасцю сукенак Гарэцкай з’яўляецца вельмі якасная і дарагая тканіна з Францыі і Італіі. Таксама брэнд можа пахваліцца лякаламі і складанай апрацоўкай швоў, якія маскіруюцца тонкай сетачкай. Такая апрацоўка сустракаецца ў адзенні Valentino і Dolce&Gabbana і не характэрная для масавага пашыву.

У рамках свайго брэнда Алёна, акрамя сукенак, пачала ствараць дзелавое і паўсядзённае адзенне і адзенне прэміюм-класа. Штогод пад маркай Alena Goretskaya выпускаецца 5 лімітаваных капсульных калекцый pret-a-porter.

Цяпер над развіццём брэнда працуе адразу некалькі пакаленняў сям’і. За Papilio адказвае сама Алёна, а за Alena Goretskaya — яе дачка, дызайнерка Аляксандра Жэбрун, якая скончыла міланскі Міжнародны Інстытут дызайну. Сёння ў Беларусі дзейнічаюць 4 магазіны брэнда, больш за 30 — у Расіі і Казахстане, а на вытворчасці працуе 120 чалавек.

Юлія Латушкіна — любіміца беларускіх селебрыці

Юлія Латушкіна — вядомая беларуская дызайнерка, якую доўгі час называлі галоўнай канкурэнткай Івана Айплатава. Яе паказы пастаянна наведваюць зоркі, свецкія асобы, заможныя людзі і заўсёднікі модных мерапрыемстваў.

Юлія не адразу зразумела, што хоча быць мадэльерам. Спачатку дзяўчына адвучылася на харэографа, потым збіралася паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, бо марыла стаць хірургам. Але дзякуючы маме перадумала — тая проста нагадала дачцэ, што яна з дзяцінства любіла перашываць бацькоўскія рэчы. У выніку Юлія паступіла ў Інстытут сучасных ведаў на спецыяльнасць дызайнера адзення.

Пасля першага семестра ў інстытуце Латушкіна пайшла працаваць у атэлье, каб зразумець, як там усё арганізавана. Студэнтка проста прыходзіла туды са словамі: «Я буду рабіць усё, што вы скажаце, толькі не выганяйце мяне».

Да канца другога курса дзяўчына ўжо стварыла першую калекцыю адзення — гэта дапамагло трапіць на навучанне ў Нямеччыну, дзе яна прайшла стажыроўку ў прэстыжнай берлінскай школе моды Letto Verain. Пасля Германіі ёй прапанавалі папрацаваць у доме моды Catta Donkeshott у Амстэрдаме. З трэцяга курса Юлія пачала ўдзельнічаць у еўрапейскіх fashion-турах, заваёўваць тытулы на прэстыжных конкурсах у Расіі і Украіне і да заканчэння вучобы паспела стварыць пяць калекцый. Таксама Латушкіна — чатырохразовая пераможца легендарнага конкурсу маладых беларускіх дызайнераў «Млын моды».

У 2009 годзе Юлія распрацавала калекцыю вячэрніх сукенак для знакамітай галерэі Lafayette ў Германіі, а ў 2010-м прадставіла ўласную марку — LATUSHKINA. У 2016 годзе дызайнерка сумесна з Іванам Айплатавым стварыла адзенне для беларускіх спартсменаў, якія ўдзельнічалі ў летніх Алімпійскіх гульнях у Рыа-ды-Жанейра. Форма зборнай увайшла ў топ-15 лепшых формаў Алімпійскіх гульняў у Рыа па версіі USA Today. Таксама Латушкіна распрацавала ўніформу для супрацоўнікаў сеткі кінатэатраў Silver Screen і вобразы для менеджараў турыстычных агенцтваў TEZ TOUR.

Цяпер Юлія Латушкіна апранае многіх беларускіх селебрыці, працягвае штогод удзельнічаць у Belarus Fashion Week і стварае ўнікальнае адзенне. Яе аўтарскі стыль адрозніваецца спалучэннем практычнасці, функцыянальнасці, элегантнасці, брутальнасці і раскошы. Дызайнерка асабліва любіць шыць уборы з бліскаўкамі, дэкальтэ і доўгімі падоламі, але абавязкова разбаўляе іх паўсядзённымі прадметамі гардэроба.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от LATUSHKINA (@latushkina_design)

Яўген Бычкоўскі — з татуіроўшчыка ў дызайнера сумак

Яўген Бычкоўскі — адзін з самых папулярных беларускіх дызайнераў сумак, заплечнікаў і скураных аксесуараў.

Цікавасць да шыцця ў Жэні прачнулася яшчэ ў дзяцінстве. Яго мама працавала фельчарам на швейнай фабрыцы ў Баранавічах. Хлопец цэлымі днямі хадзіў за ёй па пятах і там «пазнаёміўся» са швейнай машынкай.

Да 17 гадоў Жэня паспеў папрацаваць майстрам па татуіроўках і пірсінгу, займаўся графіці, але адчуваў, што ўсё гэта не яго. Пазней дызайнер прызнаўся, што менавіта навыкі татуіроўшчыка дапамаглі яму ў стварэнні калекцый сумак.

Пасля школы Яўген паступіў у баранавіцкі ўніверсітэт на «трудавіка», дзе ўдасканаліў свае ўменні ў шыцці і пачаў цікавіцца дызайнам. Навучальную праграму ўніверсітэта хлопец выканаў за тыдзень і, атрымаўшы вызваленне ад кафедры, прыняўся арганізоўваць майстэрню. Давялося прадаць тэлефон і камп’ютар, каб купіць швейную машынку. У 2012 годзе Жэня зрабіў першы заплечнік, бо не было грошай купіць сабе новы. Потым хлопец пачаў шыць для сяброў: заплечнікі, гальштукі, шапкі. Праца была нялёгкая: Яўген шыў па начах, каб не перашкаджаць бацькам, і спаў па 2-3 гадзіны. Хутка ён зразумеў, што не выцягне і вырашыў кінуць універсітэт.

Паступова да яго прыйшла папулярнасць і пасыпаліся заказы. Але менавіта першы заплечнік паклаў пачатак брэнду BYCKOVSKI, які з гадамі праславіцца на ўсю Еўропу. Праз год малады дызайнер адкрыў свой першы шоу-рум у цэнтры Мінска. А ўжо ў красавіку 2017-га трапіў у топ-30 беларускіх прадпрымальнікаў не старэйшых за 30 гадоў. Сумкі брэнда пачалі насіць не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.

 

Посмотреть эту публикацию в Instagram

 

Публикация от BYCKOVSKI® / FASHION BRAND (@byckovski)

У камандзе BYCKOVSKI цяпер больш за 100 чалавек, а продажы даходзяць да некалькіх мільёнаў долараў у год. З магазінамі Яўгену дапамагае яго жонка Рыта.

Бычкоўскі ў якасці эксперыменту спрабаваў запусціць лінейку жаночага адзення ў стылі casual, былі нават планы па распрацоўцы духоў. Таксама прадумваліся калабарацыі з брэндамі абутку, але неабходнай якасці не ўдалося дасягнуць, і на нейкі час Яўген адмовіўся ад гэтай ідэі.

Вярнуцца ўгару