Чаму больш варыянтаў не заўсёды лепш?

выбар, магчымасць выбару

Мы думаем, што большая колькасць варыянтаў заўсёды штосьці станоўчае, бо з’яўленне новых опцый дае больш свабоды і магчымасцяў. Але даследаванні паказваюць, што занадта шмат варыянтаў можа мець негатыўныя наступствы. Гэта з’ява вядомая як парадокс выбару. Вы можаце сустрэцца з гэтым, калі абіраеце фільм на Netflix ці прадукты ў краме…

PALATNO расказвае, што такое парадокс выбару.

Больш варыянтаў — гэта праблема?

У 2004 годзе выйшла кніга псіхолага Бары Шварца пад назвай «Парадокс выбару: чаму больш значыць менш?» (The Paradox of Choice: Why More Is Less). У кнізе Шварц упершыню апісаў канцэпцыю «парадоксу выбару». Згодна з ёй, занадта вялікая колькасць варыянтаў для выбару можа прыводзіць да стрэсу, незадаволенасці і немагчымасці выбраць.

Шварц быў не першым, хто дапусціў існаванне такой канцэпцыі. Яшчэ раней, у сярэдзіне 1990-х гадоў, амерыканскія прафесары Шына Айенгар і Марк Лэпер правялі эксперымент з варэннем. У супермаркеце выставілі два стэнды з варэннем, пакупнікам прапаноўвалася прадэгуставаць іх: на першым стэндзе выставілі 24 віды варэння, на другім — толькі 6. Большасць людзей падыходзілі да першага стэнду, але пакупак там зафіксавалі значна менш. На другім стэндзе, дзе была меншая колькасць варыянтаў, людзі часцей рабілі выбар і былі задаволеныя.

Калі ў чалавека занадта вялікі выбар, то можа адчувацца стрэс і перагрузка ад неабходнасці параўноўваць шмат варыянтаў. Больш варыянтаў патрабуе ад чалавека больш часу і высілкаў для аналізу, што можа прывесці да таго, што чалавек проста адмаўляецца прымаць рашэнне.

Яшчэ адно даследаванне, якое праводзіла Шына Айенгар і іншыя даследчыкі, пацвярджае вынікі пра парадокс выбару. Супрацоўнікам кампаніі прапанавалі больш за 50 варыянтаў пенсійных планаў — і яны часцей адкладалі канчатковае рашэнне пра выбар аднаго з іх ці зусім не выбіралі нічога.

Разам з гэтым узрастае іншая рызыка — чалавек можа шкадаваць пра свой выбар. Вядома, часцей за ўсё людзі думаюць, што абралі лепшы варыянт, але пры наяўнасці вялікай колькасці гэтых варыянтаў узрастае верагоднасць прапусціць «ідэальны» выбар. Таму нават пры зробленым рашэнні чалавек можа адчуваць незадавальненне, бо думае пра магчымасці, якія ён ахіліў.

Ці часта мы сутыкаемся з парадоксам выбару?

Так, амаль кожны дзень!

Калі вы прыходзіце ў краму, то на паліцах можна ўбачыць занадта шмат падобных прадуктаў. Напрыклад, калі абіраеце зубную пасту, можаце рабіць выбар паміж дзясяткамі падобных прадуктаў, і гэта ўскладняе выбар.

Іншая сітуацыя — сэрвісы з кіно, серыяламі і музыкай. У стрымінгавых сэрвісах, тыпу Netflix ці Spotify, знаходзяцца тысячы фільмаў і музыкальных кампазіцый. Людзі часта марнуюць час на пошук замест таго, каб проста паглядзець кінастужку ці паслухаць трэк.

А яшчэ карыстальніка можа збянтэжыць вялікая колькасць наладак і функцый у тэхніцы. Да прыкладу, у вашым смартфоне ці тэлевізары.

Вы можаце не паверыць, але парадокс выбару існуе і ў асабістых адносінах. У эпоху праграм для знаёмстваў, як Tinder, людзі часта перагружаны магчымасцямі і адкладаюць выбар партнёра, бо думаюць, што заўсёды могуць знайсці лепшы варыянт.

Ці можна спрасціць выбар?

Можна, і ў гэтым дапамогуць пяць рэкамендацый.

  • Абмежаванне выбару. Замест таго, каб абіраць сярод 20 прадуктаў адной катэгорыі, звужайце выбар да 3-5.
  • Фокус на галоўным. Складайце спіс прыярытэтаў: вырашайце, што для вас сапраўды важна? Гэта дазволіць адсеяць непатрэбныя варыянты.
  • Не трэба імкнуцца да ідэалу. Зразумейце, што «дастаткова добры» выбар лепш, чым «ідэальны», бо апошні можа быць недасяжным.
  • Дэлегаванне выбару. Даверайце рэкамендацыям экспертаў або аглядам, каб зменшыць колькасць варыянтаў.
  • Абмежаванне часу на выбар. Уключыце таймер, калі абіраеце: так вы абмяжуеце час, які марнуеце на выбар.
Вярнуцца ўгару