Ён лічыцца адным з першых крытыкаў філосафа Імануіла Канта, але менавіта Кант не толькі не згубіў, а даў вялікі зрух для кар’еры беларускага яўрэя. Шлома Майман стаў бацькам у свае 14 гадоў, сварыўся з цешчай і ў выніку вырашыў кінуць усё і з’ехаць у Германію. Так ён стаў адным з пачынальнікам нямецкага дуалізму, а з-за імкненне пазнаць свет і не тлумачыць усё рэлігійнымі забабонамі яго палічылі ерэтыкам і нават не пахавалі на яўрэйскіх могілках.
PALATNO расказвае пра Шлома Маймана.
Змест
Жыццё ў Рэчы Паспалітай, ранняя жаніцьба і першае дзіця ў 14 гадоў
Шлома Майман нарадзіўся ў мястэчку Жукаў Барок — цяпер гэта Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці. Дакладная дата нараджэння невядомая, але даследчыкі лічаць, што гэта адбылося ў сярэдзіне XVIII стагоддзя — ці ў 1753, ці ў 1754 годзе. Здаўна сваякі Шломы былі арандатарамі ў Радзівілаў. Дзякуючы арэндзе яны былі заможнымі, што не падабалася мясцовым хрысціянам.
У сваёй аўтабіяграфіі Шлома расказаў гісторыю пра дзеда, якога мясцовы каталіцкі святар абвінаваціў у забойстве. Святар рэгулярна пазычаў у дзеда Шломы грошы, але дзеду надакучыла гэта, таму ў нейкі момант ён адмовіўся. Святар вырашыў адпомсціць і падгаварыў паляўнічага, які часамі прадаваў дзеду Шломы баброў, злавіць яўрэя на гэтым процізаконным дзеянні. У ВКЛ забойства і продаж баброў было справай незаконнай. Аднак у нейкі дзень паляўнічы знайшоў труп чалавека і паведаміў пра гэта святару, які вырашыў у мяху даставіць цела яўрэю, а пазней абвінаваціць яго ў забойстве. Так і адбылося, але вялікалітоўскія возныя выявілі, што гэта была спланаваная акцыя супраць яўрэя і яго адпусцілі без суда.
З дзяцінства ў Шломы былі выключныя здольнасці да вывучэння літаратуры рабінаў. Пачатковую адукацыю Шлома атрымаў дзякуючы бацьку, які пасля аддаў сына ў яўрэйскую школу ў Міры, затым — у Івянец. З дзяцінства хлопца цягнула да свецкіх дісцыплін: яму падавалася цікавай гісторыя і астраномія.
Ён ажаніўся ў 11 гадоў, а ўжо ў 14 гадоў стаў бацькам: у яго нарадзіўся сын Давід. Адносіны з цешчай у Шломы не былі добрымі, але з жонкай яны добра жылі разам. Каб утрымліваць сям’ю, ён даваў прыватныя ўрокі Талмуду. Прыкладна ў той жа час Шлома пазнаёміўся са слуцкім рабінам, які даў яму кнігі па фізіцы і медыцыне. Так ён вярнуўся да вывучэння свецкіх навук, што яго цікавіла так жа моцна, як і вывучэння Талмуда.
«Час майго жыцця ў Польшчы — ад вяселля да выезда за мяжу, то бок, юнацтва, якія лічацца лепшымі гадамі жыцця ўсякага чалавека, аказаліся шэрагам разнастайных няшчасцяў», — пісаў у аўтабіяграфіі Шлома Майман.
Германія і прарыў пасля кнігі пра філасофію Канта
У 25 гадоў ён пакінуў сям’ю і з’ехаў у Берлін, аднак у горад яго не пусцілі, бо хасіды палічылі яго погляды ерэтычнымі. Таму Майман пераехаў у Познань, дзе знаходзіўся пад апекай мясцовага рабіна Цві Хірш бен Абрахама. У 1780 годзе ён змог трапіць у Берлін і стаў членам кружка Мошэ Мендельсона. Некалькі гадоў пасля Мендельсон вырашаў разарваць усялякія зносіны, бо лічыў вобраз жыцця Маймана бясталковым.
Некалькі гадоў Майман падарожнічаў і рабіў спробы перайсці ў хрысціянства, але гэтага так і не адбылося. У тыя гады Майман жыў у беднасці, але ўсё роўна знаходзіў сілы пісаць кнігі.
У 1786 годзе ён вярнуўся ў Берлін і стаў вывучаць філасофію Імануіла Канта. Пад уплывам прац апошняга ён напісаў сваю першую кнігу на нямецкай мове па філасофіі. Кант прачытаў кнігу Маймана і адзначыў, што яна мае вялікую каштоўнасць. Пасля гэтага водгуку ў кар’еры Маймана адбылся зрух: яго кнігу надрукавалі, а яго навуковыя артыкулы пачалі публікаваць у часопісах.
Ад 1795 года да сваёй смерці жыў у маёнтках графа Калькрайта. Шлома Майман памёр у 1800 годзе. Яго пахавалі па-за межамі яўрэйскіх могілак, а ўсё маёмасць, па легендзе, яўрэйская абшчына знішчыла.
Якой была філасофія Шломы Маймана?
Светапогляд Шломы Маймана фарміраваўся на мяжы розных светаў: яўрэйскага рэлігійнага жыцця, беларуска-польскай сацыяльнай рэальнасці з беднасцю і прыгнётам і адукаванай Еўропы. Таму філасофія Маймана нарадзілася не ва ўніверсітэце, а ў рэальным жыцці. Ён бачыў, як пакутуюць людзі ў розных кутках свету, дзе ён быў. У Маймана з’явілася думка, што чалавеку патрэбны не страх перад таямніцамі і забабонамі, а святло ведаў.
Спачатку Майман захапляўся Кабалой, то бок, яўрэйскім містычным вучэннем. Аднак ён хутка заўважыў, што большасць кабалістычных тлумачэнняў працуе як казкі, і яму гэта не падабалася.
На філасофію Маймана паўплываў яўрэйскі філосаф XII стагоддзя Майсей Майманід. Шлома нават узяў прозвішча Майман менавіта з-за Майманіда. Чым жа Майману падабаўся Майманід? Па-першае, з-за рацыяналізму, які адзначаў, што галоўны інструмент пазнання свету — розум. Праз Майманіда Шлома прыйшоў да Арыстоцеля і Платона, а ў іх адкрыў для сябе любоў да строгай логікі і паняццяў. На Маймана моцна паўплываў Спіноза, які лічыў рэальнасць адным цэлым (па-навуковаму гэта называецца манізмам).
Сапраўдны зрух у філасофіі Маймана адбыўся ў Германіі пасля знаёмства з працамі Імануіла Канта. Майман у многім пагаджаўся з Кантам, аднак у многім і крытыкаваў нямецкага філосафа. Напрыклад, Майман адмаўляўся ад кантаўскага дуалізму — у большай ступеня, ад існавання свету па-за свядомасцю. Майман прапанаваў існаванне толькі аднаго свету свядомасці, нашых уяўленняў і законаў мыслення. Майман лічыў, што для чалавека ўсё, што можа быць рэальным, заўсёды становіцца рэальным толькі праз свядомасць, і мы не можам выскачыць «за межы» свядомасці.
Яшчэ адной ключавой ідэяй Маймана было тое, што мы можам пазнаць толькі тое, што самі можа сканструяваць розумам. Напрыклад, калі мы гуляем у шахматы, то можам ведаць усе магчымыя хады, бо ведаем правілы хадоў усіх фігур. Мы ствараем шахматную рэальнасць не тым, што прыдумляем фігуры, а тым, што рэальнасць шахмат існуе толькі ў межах правілаў.
Майман лічыцца адным з пачынальнікаў нямецкага ідэалізму. Менавіта ён прыняў у Канта ідэю, што розум не проста адлюстроўвае свет, а фарміруе яго як прадмет досведу. Аднак ён жа адмовіўся ад кантаўскай «рэчы ў сабе», бо лічыў яе пустой і нелагічнай. Дзякуючы яму адбыўся пераход у нямецкай філасофіі ад Канта да Фіхтэ, Шэлінга і Гегеля.
