Now Reading
Што паслухаць узімку. Падборка трэкаў па-беларуску

Што паслухаць узімку. Падборка трэкаў па-беларуску

музыка па-беларуску, беларуская музыка на новы год

Набліжаюцца Каляды, таму самы час пачынаць слухаць атмасферныя песні, каб зарадзіцца добрым настроем і пазітыўнай энергіяй.

PALATNO склала падборку святочных трэкаў па-беларуску.

Без білета — Святочная

«Без білета» — беларускі рок-гурт, які з’явіўся ў Мінску ў 1999 годзе і выконваў песні ў стылі фолк-рок. У 2003-2006 гадах асноўным стылем гурта стаў індзі-рок. А ў 2007 годзе выйшаў альбом «Кіно» ў жанрах поп-рок і альт-поп. Лідар гурта Віталь Артыст таксама піша музыку для кінафільмаў, тэлесерыялаў, тэатральных пастановак, тэлепраектаў, мультфільмаў і рэкламы.

Песня «Святочная» — калядны гімн з этна-каларытам, агнямі і пахам снегу, напоўнены чаканнем любімых зімовых свят.

«Новая мантра ад “Без Білета” запамінаецца з першага разу і здольная аб’яднаць усё жывое на планеце ў адзіны шчаслівы хор: “Разам збірайцеся, спявайце, усміхайцеся!”».

Zvonku — Сьнежная

ZVONKU — беларускамоўны гурт з Мінска, які нарадзіўся ў 2016 годзе пад назвай ZANZIBAR. Тады музыкі выступалі на сцэне ў масках. У 2019 годзе гурт выпусціў свой першы альбом пад назвай «ТАКСІКОЗ».

Летам 2020 года музыкі пазбавіліся масак і замянілі назву на ZVONKU.

Гурт выконвае песні ў розных альтэрнатыўных стылях (панк-рок, рэп, поп-рок) з сучаснымі тэндэнцыямі гучання электроннай музыкі.

«Сьнежная» — лёгкая ўтульная песня пра зіму, каханне і надзею на лепшае. Варта паслухаць тым беларусам, хто напярэдадні свят хоча зарадзіцца добрым настроем і зноў паверыць у штосьці светлае.

BarRokka — Зімовая

BarRokka — кабарэ-бэнд з Мінска. У 2015 годзе гурт даў свой першы канцэрт, а ўжо ў 2016 годзе выпусціў дэбютны міні-альбом «Мяжа», куды ўвайшло 5 песень. У тым жа годзе музыкі сталі намінантамі на прэмію «Героі года» (у намінацыі «Адкрыццё года») ад партала Tuzin.fm.

ZET — З Новым годам!

Беларускі рок-гурт ZET быў створаны ў 2000 годзе Лявонам Вольскім і музыкамі гурта Hasta La Fillsta. Удзельнікі ZET выступалі на канцэртах пад псеўданімамі і ў масках. Гурт адрозніваецца цяжкімі, рэзкімі гітарнымі рыфамі і тэкстамі, напоўненымі чорным гумарам. У 2000-2003 гадах музыкі выпусцілі дэбютны альбом «З Новым годам!». Адной з песень, якая трапіла ў альбом, з’яўляецца «З Новым годам!».

Зміцер Вайцюшкевіч — На каляды

Пад канец 2014 года Зміцер Вайцюшкевіч выпусціў песню «На Каляды» на словы Уладзіміра Някляева, якая стала сапраўдным хітом. Да яе зрабілі анімацыйны кліп — пра перадсвяточнае жыццё ў беларускім мястэчку. Аўтар гэтай працы пажадаў застацца ананімным.

Ганна Хітрык — Навагодняя паштоўка

Ганна Хітрык — беларуская спявачка і актрыса, лідарка гурта Sounduk. У 2021 годзе яна выпусціла песню і кліп «Навагодняя паштоўка» на вершы беларускага паэта Андрэя Хадановіча. Відэа здымалі ў Ізраілі: ідэя кліпа належыць творчаму тандэму Ганны і яе мужа Сяргея Рудзені.

«Хацелася знайсці светлыя і патрэбныя словы, без лішняга пафасу. І за некалькі дзён да Новага года Андрэй напісаў “Навагоднюю паштоўку” і даслаў яе мне. Праз некалькі хвілін я адразу ж напявала мелодыю», — расказвае Ганна.

Віктар Шалкевіч — Ноч пад Новы год

Віктар Шалкевіч — гродзенскі акцёр, паэт, бард і шоумен. У 1998 годзе ён выпусціў свой трэці студыйны альбом «Балады і рамансы», у які ўвайшла інструментальная кампазіцыя на словы Якуба Коласа «Ноч пад Новы год».

Кацярына Ваданосава — Калядная калыханка

Спявачка, паэтка, майстарка народных строяў і тэлевядучая, лаўрэатка фестываляў «Культурная эвалюцыя», «Бардаўская восень», OPPA і іншых. Пасля выбараў 2020 года была вымушаная з’ехаць за мяжу праз крымінальны пераслед.

«Калядная калыханка» — песня з дэбютнага альбома Кацярыны «Міфатворчасць» (2016), запісанага разам з Fantasy Orchestra.

А пад канец 2020 года на песню выйшла відэа, над якім працавала мастачка Аляксандра Канафальская.

«У гэтым годзе было столькі болю, што часам здавалася, мы не вытрымаем. Але мы ўсё перанеслі, ператрывалі, перажылі. Часам мне было настолькі балюча, горка, страшна, што хацелася крычаць. Але побач спалі мае дзеці: яны бачылі свае дзіўныя сны, і, гледзячы на іх светлыя твары і бязвольныя ручкі, я разумела, што ўсё недарма, і жаданне абараніць іх, даць ім лепшы лёс давала новыя сілы. Нашыя дзеці дораць нам радасць, надзею і моц. Яны — нашыя анёлы-абаронцы, нашае сумленне ды шчасце. Дык няхай у новым годзе перамогуць праўда і дабро, няхай кожнае дзіця расце ў любові і бяспецы, няхай зоры асвятляюць наш шлях, а праўда пераможа».

Крамбамбуля — Новы год

Беларускі рок-гурт з Мінска, заснаваны ў 2001 годзе. Назва гурта паходзіць ад старабеларускага алкагольнага напою — моцнай мядовай настойкі. Гурт выконвае песні з іранічнымі тэкстамі і парадзіруе жыццё постсавецкага грамадства.

Бан-Жвірба — Каляда

Фолк-рок-гурт з Гомеля, заснаваны ў 1999 годзе на аснове гурта The Dazers. Музыкі граюць у стылі традыцыйнага беларускага фолка ў спалучэнні з класічным рокам і сучаснымі напрамкамі альтэрнатыўнай музыкі.

У 2007 годзе гурт прэзентаваў свету свой новы альбом «Забабоны», у які ўвайшла энергічная песня «Каляда».

Amaroka — Замятае зіма

AMAROKA — мінскі рок-гурт. З 2005 па 2016 гады музыкі выпусцілі пяць альбомаў: Raketa, Trably, Puls, Pastka і Virus. Песні выкананы ў класічнай амерыканскай рок-стылістыцы на беларускай мове. За гады свайго існавання гурт даў больш за сто канцэртаў у шматлікіх гарадах Беларусі, на лепшых пляцоўках Мінска, у гарадах Польшчы, Украіны і Швецыі.

У студзені 2016 года гурт прэзентаваў новы кліп на песню «Замятае зіма». Музыкі папрасілі сваіх фанатаў праспяваць і запісаць песню на відэа. Адгукнуліся фанаты не толькі з Беларусі, але таксама з Расіі і Украіны.

Neuro Dubel — з Новым годам, родны край!

Рок-гурт «Нейра Дзюбель» быў створаны ў Мінску ў 1989 годзе. Ён двойчы атрымоўваў карону на «Рок-каранацыі». У 2018 годзе раптоўна памёр заснавальнік, лідар і вакаліст гурта Аляксандр Кулінковіч. А напярэдадні 30-годдзя першага канцэрта калектыву была выдадзена кніга, у якой можна знайсці малавядомыя факты з жыцця музыкаў гурта, прачытаць пра іх творчыя пошукі і першыя крокі да поспеху.

Калі хочаце падняць сабе настрой і павесяліцца, раім паслухаць песню гурта Neuro Dubel «З Новым годам, родны край!».

 

Вярнуцца ўгару