Вандруем па гісторыі сярэднявечнай Беларусі праз гульнявыя сусветы

відэагульні пра беларусь, гульні пра беларускую гісторыю, настолкі беларускія

Ці ўяўлялі калі-небудзь, як бы складаліся падзеі сусветнай гісторыі, калі Рэч Паспалітую не падзялілі паміж трыма дзяржавамі? Альбо раптам фантазіравалі, што маглі стаць лепшым за Вітаўта князем Вялікага Княства Літоўскага? А можа вы не супраць прымерыць ролю сярэднявечнага мечніка ці шляхетнай паненкі? З эпохай сучасных тэхналогій можна не толькі хутка знайсці адказы на гэтыя пытанні, але ўзгадаць у працэсе забытыя з урокаў гісторыі падрабязнасці развіцця беларускіх зямель у перыяд Сярэднявечча.

PALATNO расказвае пра відэагульні і настолкі, якія так ці інакш звязаныя з гісторыяй Беларусі.

Crusader Kings II і Crusader Kings III

гульня crusader kings, відэагульні пра беларусь, гульні пра беларусь, беларускія настолкі
Гульня Crusader Kings II.

У гэтых гульнях можна кіраваць феадальнымі дынастыямі, у тым ліку расселенымі на тэрыторыях Вялікага Княства Літоўскага і іншых усходнееўрапейскіх дзяржаў. Гульня ахоплівае больш ранні перыяд (ад 867 або ад 1066 года), калі беларускія землі знаходзіліся пад уплывам малых княстваў.

Гулец будзе адказным не за дзяржаву, а за мясцовых кіраўнікоў, напрыклад з радоў Гедымінавічаў ці Рурыкавічаў. У задачы гульца ўваходзіць кіраванне землямі і змаганне з захопнікамі з суседніх дзяржаў.

Для аматараў пералому ходу гісторыі — ёсць магчымасць стаць князем ВКЛ ці Белай Русі, стварыць Балтыйскую імперыю, гібрыдную літоўска-славянскую культуру альбо павярнуць Полацкае княства ў балцкае паганства.

Дзе купіць: сайт распрацоўшчыка, крамы Steam / PS Store / Xbox

Колькі каштуе: ад $49.99 (падчас восеньскага распродажу дзейнічаюць скідкі да 70%)

Europa Universalis IV

Гульня Europa Universalis 4, гульні пра беларусь, відэагульні пра беларусь, беларускія настолкі
Гульня Europa Universalis 4.

У серыі гульняў Europa Universalis, асабліва ў Europa Universalis IV, значная ўвага надаецца гісторыі Усходняй Еўропы. Гульня дазваляе кіраваць Вялікім Княствам Літоўскім, Рэччу Паспалітай і іншымі дзяржавамі, якія мелі ўплыў на беларускія землі ў перыяд ад XV да пачатку XIX стагоддзя.

Гулец можа кіраваць ВКЛ, развіваць яго эканоміку, удзельнічаць у войнах супраць Маскоўскага царства і Залатой Арды, а таксама вырашаць унутраныя праблемы, звязаныя з рознымі культурамі і рэлігіямі. Ёсць магчымасць кіраваць дынастычнымі і палітычнымі адносінамі з Польшчай, што ў гульні адлюстроўваецца ў розных формах уній, кульмінацыяй якой з’яўляецца Люблінская унія 1569 года і ўтварэнне Рэчы Паспалітай.

У гульні адлюстравана знакамітая сістэма выбарнага караля, якая патрабуе ад гульца падтрымкі шляхты і маніпуляцый з кандыдатамі на прастол. Гулец можа паспрабаваць захаваць незалежнасць ВКЛ і развіваць дзяржаву асобна ад Польшчы, што патрабуе добра прадуманай стратэгіі. Калі гулец абірае Рэч Паспалітую, то можна ўзаемадзейнічаць з сістэмай выбарнай манархіі, кіраваць шляхтай і стрымліваць знешнюю агрэсію.

Гісторыя Беларусі ў гульні паказваецца ў кантэксце буйных геапалітычных канфліктаў і культурных узаемадзеянняў, што робіць яе цікавай як для аматараў сусветнай гісторыі, так і для тых, хто хоча даведацца больш пра гісторыю Усходняй Еўропы.

Дзе купіць: сайт распрацоўшчыка, крамы Steam і Xbox

Колькі каштуе: ад $49.99 (падчас восеньскага распродажу дзейнічаюць скідкі да 90%)

Mount & Blade: Warband — With Fire & Sword

Гульня Mount & Blade: Warband – With Fire & Sword, гульні пра беларусь, настолкі пра беларусь
Гульня Mount & Blade: Warband – With Fire & Sword.

Гэта гульня ў жанры RPG заснавана на кнізе Генрыка Сянкевіча «Агнём і мячом» і расказвае пра падзеі XVII стагоддзя, калі Рэч Паспалітая змагалася з паўстаннем Багдана Хмяльніцкага і перажывала іншыя ўнутранныя канфлікты.

Галоўны герой у гульні з’яўляецца шляхціцам, перад якім ставіцца выбар: стаць на адзін з бакоў — Рэчы Паспалітай, Запарожскай Сечы, Масквы, Швецыі, Крымскага Ханства. Для першых трох краін у гульні адвялі сюжэтную кампанію па гісторыі Паўночнай вайны і Трынаццацігадовай вайны.

У гульні можна пазнаёміцца з дзясяткамі гістарычных асоб, тагачаснай зброяй і прадметамі быту. Тут кожны здолее паўдзельнічаць у шматлікіх войнах, бітвах і захопах замка.

Дзе купіць: сайт распрацоўшчыка, крама Steam

Колькі каштуе: ад $9.99 (падчас восеньскага распродажу дзейнічаюць скідкі да 80%)

Medieval II: Total War Kingdoms

Гульня Medieval II: Total War Kingdoms, гульні пра беларусь, настолкі пра беларусь
Гульня Medieval II: Total War Kingdoms.

Гэта пашырэнне да стратэгічнай гульні Total War: Medieval 2, дзе гулец кіруе дзяржавамі і арміямі ў эпоху Сярэднявечча. У Total War Kingdoms Вялікае Княства Літоўскае прадстаўлена як асобная фракцыя. Кампанія ахоплівае балтыйскія крыжовыя паходы, асабліва канфлікт паміж паганскім ВКЛ і хрысціянскім Тэўтонскім ордэнам. 

Літва ў гульні пачынае як паганская дзяржава, што адпавядае яе гістарычнаму супрацьстаянню хрысціянізацыі ў Сярэднявеччы. Падчас кампаніі гульцу трэба зрабіць выбар: застацца паганцам ці прыняць хрысціянства. Захаванне паганства дае доступ да ўнікальных войск і рэлігійных будынкаў, але таксама выклікае крыжовыя паходы супраць Літвы. Канверсія ў каталіцтва змяншае агрэсію Тэўтонскага ордэна і адкрывае магчымасці для дыпламатыі і мадэрнізацыі гарадоў.

Гульня хоць і спрашчае гістарычныя падзеі, але ўсё ж дазваляе гульцам акунуцца ў эпоху ўзвышэння ВКЛ.

Дзе купіць: арыгінальная гульня на сайце крамы распрацоўшчыка, дадатак у краме Steam

Колькі каштуе: ад $24.99 (падчас восеньскага распродажу дзейнічаюць скідкі да 70%)

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

«Запусціў гульню — адсядзеў 15 сутак». Расказваем, якія камп’ютарныя гульні існуюць пра Беларусь

 

Ад кулінарнага сімулятара да файтынга. Пяць відэагульняў для дваіх

 

Пяцёрка настольных гульняў па-беларуску для кампаніі на Новы год


Шляхта

Настольная гульня «Шляхта», гульні пра беларусь, настолкі беларускія
Настольная гульня «Шляхта».

Стратэгічная настольная гульня «Шляхта» пераносіць у таямнічыя часы Рэнесансу. Гульцы маюць магчымасць пайсці па адной з тагачасных шляхетных кар’ер: ваенная справа, святарства, дыпламатыя або нават алхімія.

«Шляхта» мае просты і лагічны механізм. Для перамогі патрабуецца добра лічыць, быць уважлівым, не паддавацца магіі мастацтва, здабываць апякунства выбітных беларусаў — Барбары Радзівіл, Міколы Гусоўскага, Льва Сапегі, Соф’і Гальшанскай і іншых.

Кароткі ілюстраваны даведнік па біяграфіі асоб можна знайсці ў пакунку гульні.

Дзе купіць: сайт выдавецтва

Колькі каштуе: $32

Orsza 1514

Настольная гульня «Орша 1514», беларускія гульні, гульні пра беларусь, настолкі беларускія
Настольная гульня «Орша 1514».

А за гэтай настолкай есць магчымасць не толькі пазнаёміцца з гісторыяй Бітвы пад Оршай, але падцягнуць веды польскай мовы. Гэта картачная гульня прысвечана знакамітай бітве пад Оршай, якая адбылася 8 верасня 1514 года паміж войскамі Вялікага Княства Літоўскага і Масквы. Гульня адлюстроўвае гістарычны бой і патрабуе тактычнага мыслення і эфектыўнага кіравання рэсурсамі.

На гульнявым полі прадстаўлены карты тэрыторый, якія ўключаюць элементы пейзажу, што дае магчымасць планавання манеўраў. Кожная армія прадстаўлена пэўнай колькасцю фішак, якія абазначаюць пяхоту, кавалерыю, артылерыю і іншых важных удзельнікаў на полі бою. Ёсць спецыяльныя карты падзей, якія могуць уплываць на ход бітвы, дадаючы элементы нявызначанасці і інтрыгі ў ход гульні.

Дзе купіць: інтэрнэт-крама

Колькі каштуе: $24

* * *

Безумоўна, гульні наўрад ці паўнавартасна заменяць падручнік па гісторыі. Але часткова пагрузіць у атмасферу тых часоў і паглыбіцца ў вывучэнне гістарычных цікавостак — змогуць дакладна. А далей ужо, хто ведае, можа менавіта вы станеце стваральнікам наступнай гістарычнай гульні, якая будзе альтэрнатывай школьным заняткам?

Вярнуцца ўгару