Now Reading
«Смеццевая» праблема ў Беларусі. Што рабіць, калі ваш двор пераўтвараецца ў сметнік

«Смеццевая» праблема ў Беларусі. Што рабіць, калі ваш двор пераўтвараецца ў сметнік

куды выкідаюць смецце ў беларусі

Даволі часта ў СМІ падымаецца пытанне аб вывазе смецця ў беларускіх населеных пунктах. Людзі выкладваюць фатаграфіі ў сацыяльныя сеткі і скардзяцца, што побач з кантэйнерамі назбіраліся адходы. PALATNO расказвае, чаму ў Беларусі своечасова не вывозяць смецце і што рабіць, калі ваш двор пераўтвараецца ў сметнік.

На што скардзяцца людзі

Баранавічы

У Баранавічах мужчына паскардзіўся, што на вуліцы Дамінікана ніхто не прыбірае смецце на прыпынку грамадскага транспарту.

— Каля лагістычнага цэнтра «Еўраопт» размешчаны два аўтобусныя прыпынкі. Чаму з мінулага года адзін не прыбіраюць наогул? Бо другі — на супрацьлеглым баку — у выдатным стане.

У службе санітарнай ачысткі і ўборкі Баранавіцкай гарадской ЖКГ сказалі, што прыпынак побач з лагістычным цэнтрам быў чысты, бо за парадкам там сачыў «Еўраторг», а другі, які знаходзіцца праз дарогу, застаўся без належнай увагі. Урна перапоўнілася, і смецце разляцелася вакол прыпынку.

— Як толькі да нас паступіў зварот, мы выехалі на месца, усё смецце прыбралі. Бо на гэтых прыпыначных пунктах спыняюцца толькі прыгарадныя аўтобусы і аўтобусы, якія падвозяць супрацоўнікаў лагістычнага цэнтра, будзем ініцыяваць, каб уборку на прыпынку ўсё ж такі замацавалі за імі, — паведаміў начальнік службы саначысткі і ўборкі Дзмітрый Карабыка.

Таксама на вуліцы Савецкай раней было тры кантэйнеры — машына забірала поўны і прывозіла новы. Цяпер засталося толькі два, якія ўвесь час мяняюць. Фактычна ў двары стаіць толькі адзін. І гэта — на 5-7 дамоў.

— Другі прывозяць, калі забіраюць поўны. Натуральна, аднаго кантэйнера на такую вялікую колькасць дамоў не хапае. За 1-2 дні ён запаўняецца, і сметнік пачынае ўтварацца ўсюды, дзе толькі можна. Я ўжо не кажу пра будаўнічае габарытнае смецце. Ветрам смецце раздзімае, стаіць смурод. Такое адчуванне, быццам жывеш на сметніку, — кажа жыхар Баранавічаў.

Дзяржынск

Людзі скардзяцца, што смецце своечасова не прыбралі ў Данілавічах, а побач з кантэйнерамі ў пасёлку Энергетыкаў назапасіліся адходы.

Жыхары Фаніпаля кажуць, што па адрасе: вуліца Брэсцкая, дом 5 таксама перапоўненыя смеццевыя кантэйнеры. Некалькі дзён смецце ляжыць і пры дарозе ў прыватным сектары па вуліцах: Чыгуначная, Леніна і Чапскага.

А на вуліцы Кальцавой работнікі апустошваюць кантэйнеры толькі напалову, раскідваюць смецце і кідаюць бакі на дарозе.

Начальнік участка ЦКА Дзяржынскай ЖКГ сказаў, што з-за паломкі смеццявоза яны часова не маглі выконваць работы па графіку і вывезлі смецце часткова.

Кобрын

На адной з вуліц Кобрына заўважылі два дванаццацікубовыя кантэйнеры, цалкам набітыя бытавымі адходамі. Люкі ў кантэйнерах былі адкрытыя, а смецце валялася на зямлі.

Начальніца ўчастка саначысткі і добраўпарадкавання ДП «Кобрынская ЖКГ» Вольга Папова растлумачыла, што смеццевыя кантэйнеры ў гэтым мікрараёне апустошваюцца па графіку: у панядзелак, сераду і пятніцу. У прамежках паміж днямі вывазкі, калі смецце назапашваецца, пры першай магчымасці прымаюцца меры.

Некаторыя жыхары вінавацяць у гэтым людзей, якія кідаюць смецце побач з кантэйнерамі, а служба не можа адсачыць, як напаўняюцца бакі.

Жодзіна

«Смеццевая» праблема ўзнікла і на адной з вуліц Жодзіна: людзі скардзяцца, што ЖКГ не вывозіць адходы, якія назапасіліся побач з кантэйнерамі.

У ЖКГ тым часам сцвярджаюць, што на дадзены момант пад’язны шлях да кантэйнераў заблакаваны спецтэхнікай, якая праводзіць у двары работы па замене трубаправода.

— Смеццявоз заязджае ў двор, а ў гэты момант спецтэхніка цеплаэлектрацэнтралі знаходзіцца ў працоўным рэжыме. Прастойваць наш кіроўца не можа, а паўторны заезд — трата паліва. Гэта нерацыянальныя выдаткі, якія ніхто не кампенсуе, — пракаментаваў намеснік дырэктара ЖКГ па камунальнай гаспадарцы Арцём Аруцюнян.

Што рабіць, калі двор пераўтвараецца ў сметнік

«Смеццевая» праблема больш за ўсё актуальная для невялікіх гарадоў і пасёлкаў. На гэта ёсць шмат прычын: у мясцовых уладаў абмежаваны бюджэт, не хапае тэхнікі і працоўных рук.

Акрамя таго, вельмі часта праблема вырашаецца толькі пасля калектыўнай скаргі ў ЖКГ, бо ў такіх выпадках абавязаны даць адказ. Але мясцовыя жыхары не заўсёды звяртаюцца туды па вырашэнне праблемы.

Калі ваш двор пераўтвараецца ў сметнік, спачатку трэба звярнуцца ў ЖКГ праз сэрвіс 115.бел. Калі пытанне не вырашылася, тады можна пісаць петыцыю. Дзяржструктуры мусяць адказаць на любы афіцыйны зварот.

У петыцыі трэба спасылацца на канкрэтныя пункты правіл і артыкулы заканадаўства. Можна паглядзець прыклады петыцый, які раней былі апублікаваныя на Petitions.by.

У 2021 годзе з дапамогай петыцыі вырашылася «смеццевая» праблема на вуліцы Усходняй у Заслаўі: жыхары папрасілі мясцовыя ўлады вырашыць пытанне з кантэйнернай пляцоўкай і атрымалі адказ.

Праблема заключалася ў тым, што камунальныя службы перасталі вывозіць смецце з кантэйнернай пляцоўкі, яна была моцна захламлена цвёрдымі камунальнымі адходамі.

У выніку жыхарам Заслаўя адказалі тры ведамствы. Дзяржпрадпрыемства «ЭкаСпецТранс» паведаміла, што кантэйнерную пляцоўку ўжо прыбралі.

Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адсправаздачыўся, што пасля праверкі тэрыторыю прывялі ў парадак. А таксама за парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства КДПУП «Жыллёвік Міншчыны» быў «прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 3 артыкула 16.44 Асаблівай часткі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях».

Дзяржпрадпрыемства «Жыллёвік Міншчыны» адказала, што плануе ўстанавіць новую кантэйнерную пляцоўку.

«Смеццевы» бізнес

Расія

У Расіі смецце з’яўляецца матэрыялам, на якім можна зарабіць грошы. Там існуе некалькі спосабаў вядзення такога бізнесу: вываз смецця, збор і сартаванне, другасная перапрацоўка, размяшчэнне і захоўванне. Кожны са спосабаў мае свае нюансы і патрабуе пэўнага тэхнічнага абсталявання.

Для таго, каб пачаць такі бізнес, трэба атрымаць дазвол: ліцэнзію выдае Міністэрства экалогіі пасля праходжання экалагічнай экспертызы. Праверку праводзіць мясцовы Дэпартамент прыродакарыстання. Таксама спатрэбяцца дазволы ад пажарнай і санітарнай службаў, воднай і камунальнай гаспадарак.

Напрыклад, кампанія «Вива транс» з 2000 года вывозіць сталічнае смецце і ўтылізуе яго, а ў ліку кліентаў шмат буйных дзяржструктур.

У 2012 годзе з’явілася самая вядомая ў Расіі смеццевая кампанія «Хартия», якая належыць сыну генпракурора Юрыя Чайкі Ігару.

А ў аўтапарку аператара «МКМ-Логистика» налічваецца 130 адзінак спецтэхнікі. Магутнасці дазваляюць вывозіць 3,5 млн куб. м смецця ў год, але колькі кампанія вывозіць рэальна, яна не раскрывае.

«Автопарк №1 Спецтранс» — найбуйнейшая кампанія па транспарціроўцы і перапрацоўцы адходаў у Санкт-Пецярбургу. Яна абслугоўвае могілкі, бальніцы, НДІ, школы і ВНУ горада. Акрамя аўтапарка, кампанія валодае палігонам цвёрдых бытавых адходаў і рамонтным прадпрыемствам.

Вядома, што ў 2019 годзе Расія амаль што «патанула» ў смецці. Людзі скардзіліся ў сацсетках на тое, што «смеццеправоды забітыя да верхніх паверхаў», «горы смецця вышэй дзіцячай горкі».

Крыху пазней дзяржава правяла смеццевую рэформу, але насельніцтва выказала незадаволенасць: тарыф за ўтылізацыю вырас у два разы. Многія жыхары прыватных дамоў упершыню сутыкнуліся з неабходнасцю плаціць, таму што раней за вываз адходаў плацілі муніцыпалітэты.

Большасць рэгіёнаў перадало кіраванне адходамі рэгіянальным аператарам.

Нягледзячы на гэта, «смеццевая» праблема ў Расіі працягваецца і дагэтуль. Жыхары гарадоў даволі часта скардзяцца ў сацсетках на перапоўненыя смеццевыя кантэйнеры. Некаторыя кажуць, што самі бакі апустошваюць, але пляцоўкі побач з імі не прыбіраюць.

Польшча

Штогод у Польшчы скідаюцца тысячы тон адходаў, большая частка якіх паступае з Нямеччыны. Вялікабрытанія, Італія і Аўстрыя ўваходзяць у лік краін, якія адпраўляюць свае адходы ў Польшчу. Але па аб’ёме яны значна саступаюць Германіі, на долю якой прыпадае 70% імпарту польскіх адходаў.

Польскія эколагі называюць гэта прыбытковым бізнесам і звяртаюцца да ўрада з просьбай забараніць увоз адходаў з-за мяжы, таму што Польшча больш не можа перапрацоўваць нават сваё ўласнае смецце.

Прадстаўнік польскай экалагічнай арганізацыі Zero Waste Пётр Барчак кажа, што краіне не хапае прадпрыемстваў па перапрацоўцы і ўтылізацыі смецця і пакуль кошты ў Польшчы будуць ніжэйшыя, брудны бізнес з адходамі будзе квітнець далей.

У 2023 годзе ўлады краіны падалі ў Еўрапейскую камісію скаргу на Германію за масавы вываз смецця ў Рэспубліку. Паводле слоў міністра клімату і навакольнага асяроддзя Польшчы Ганны Москвы, у Варшавы не засталося выбару, бо Польшча неаднаразова звяртала ўвагу на гэтую праблему.

Вярнуцца ўгару