
Ці ведалі вы, што ў легендарным амерыканскім тэлесерыяле «Зорны шлях» неаднаразова фігуруе Беларусь?
PALATNO расказвае касмічную гісторыю.
Першы клінгон у Зорным флоце жыў у Мінску?
Клінгон Ворф — адзін з ключавых персанажаў тэлесерыяла «Зорны шлях: Наступнае пакаленне» — мог бы ніколі не быць звязаным з Беларуссю, калі б не яго трагічнае мінулае. Яго сям’ю забілі рамулане — галоўныя ворагі зямлян і яе федэрацыі.
Пасля гэтага Ворфа знайшоў Сяргей Ражэнка, які забраў малога клінгона ў сваю сям’ю і расціў яго як сына. Сяргей і яго жонка Алена жылі ў Мінску. Згодна з некананічнымі звесткамі, там жа разам з імі жыў і Ворф.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Як правільна глядзець «Зорны шлях» (Star Trek)?
Ворф неаднаразова ўзгадвае Мінск у серыяле. Напрыклад, у фінальнай серыі «Зорнага шляху: Глыбокі космас 9» Ворф размаўляе са сваімі калегамі пра месца, дзе лепш за ўсё жыць.
Ворф: — Вы калі-небудзь разглядалі Мінск?
— Не думаю, што ён у нашым спісе.
— Так, Новы Арлеан — цудоўнае месца.
— Я чуў добрае пра Парыж.
Ворф: — Толькі Мінск.
У Ворфа ёсць сын Аляксандр. Яго маці памерла падчас адной з місій касмічнага карабля «Энтерпрайз», калі каманда спрабавала дапамагчы вырашыць пытанне аб прызначэнні кіраўніка клінгонаў. Ворф вырашыў, што ягонаму сыну не месца на касмічным караблі пасля смерці маці. Таму ён адсылае сына свайму айчыму Сяргею Ражэнку ў Мінск.
У гісторыі пра Ворфа і яго прыёмную сям’ю з Мінска ўзгадваецца касмічная станцыя ў Бабруйску. Менавіта адтуль у адной з серый тэлепартуюцца бацькі Сяргей і Алена на карабель «Энтерпрайз».
Доктар Каландра
Доктар Ірына Каландра з’яўляецца як эпізадычны персанаж у серыяле «Зорны шлях: Глыбокі космас 9».
Згодна з біяграфіяй Каландры, яна нарадзілася ў Мінску ў 2337 годзе, паступіла ў Зорны флот і працавала ў шпіталі на зорнай базе ў Індыі. Затым яна атрымала прызначэнне на планету Эйджылан Прайм. Падчас вайны зямлян і федэрацыі супраць клінгонаў апошнія напалі на Эйджылан Прайм.
Доктар Каландра лячыла параненых і дапамагала ў эвакуацыі падчас баявых дзеянняў. Пазней клінгоны і федэрацыя заключылі перамір’е. Пасля гэтага Каландра вырашыла пакінуць Эйджылан Прайм. Каландры прапанавалі працу на касмічным караблі Зорнага флоту «Тэкамсэ». Там жа працаваў яе муж Ізмаіл Каландра навуковым афіцэрам.
Ірына Каландра з’яўляецца не толькі ў тэлесерыяле, але і ў відэагульні Star Trek: Starship Creator. Гульня выйшла ў 1998 годзе на Windows і MacOS.
Згадкі Беларусі ў Star Trek
У арыгінальным серыяле (то бок, самым першым у франшызе) член карабля «Энтерпрайз» Павел Чэхаў успамінае адну гісторыю пра ката, які раптоўна знік. Капітан Кірк падкрэслівае, што гэта гісторыя пра чэшырскага ката, аднак Чэхаў кажа, што існуе гісторыя пра мінскага ката, а не пра чэшырскага.
У серыяле «Зорны шлях: Наступнае пакаленне» члены карабля «Энтерпрайз» успаміналі спартыўную гульню Парысіянскія квадраты. Яны гулялі супраць каманды з Мінска, якая лічылася адной з мацнейшых, але прайграла «Энтерпрайзу». Гульцы «Энтерпрайза» падкрэслівалі, што яны ўвогуле не павінны былі перамагчы, але склалася інакш.